Выбрать главу

— Мы малыя людзі, бедныя гандляры, пане шаноўны! Хто нам плаціць, таму і прадаём. Усім. Генералу, жабраку, антысеміту — абы даваў грошы. Зрэшты, якія там грошы і якая плата — слёзы адны! Падаткі плаці, штрафы розныя плаці! Уй, а гэтыя эндэкі, каб на іх халера, кожны тыдзень яшчэ шыбы б'юць, не наўстаўляешся...

Пайшоў я з крамы ні з чым.

— А што, мусіць, у генерала электрычнасць не псуецца?— асця-рожна павёў я гутарку з манцёрам, які ў нашым доме папраўляў праводку.

— Усюды яна псуецца. I ў простых людзей, і ў генералаў... Во, нават учора ў архірэя сапсавалася! — буркнуў неахвотна той.— Пазванілі з кансісторыі — мусіў ісці...

Я стаў яму прыслужваць. Спытаўся аб прафесіі, пра жонку, дзяцей... Сам не спадзяваўся, што магу быць такім падхалімам!

Потым я напусціў на сябе абыякавасць, прыкінуўся прастачком і асцярожна пацікавіўся:

— Мабыць, калі заходзіш да генерала, от там усяго цікавага! А генерал сустракае цябе ў дзвярах строгі, надзьмуты, як Пілсудскі, з крыжамі на грудзях...

Стаіўшы дыханне, стаў чакаць адказу.

Манцёр перастаў прыбіваць ізалятары, апусціў руку з малатком. Чалавек, не спяшаючыся, памахаў ёто, каб адышла, выняў з рота цвікі, уздыхнуў і прызнаўся:

— А я ні разу яго не бачыў!

— Не ба-ачылі?

— Чаго дзівішся? Нашага брата сустракаюць там слугі або ад'ютант, бо мы заходзім з парадных дзвярэй. Усіх, хто заходзіць з парадных, сустракаюць слугі...

Бытта ведаючы, чаго мне трэба, чалавек параіў:

— Каб пабачыць самога генерала або генеральшу, трэба зайсці да іх з чорнага ходу, ад кухні. Там хутчэй іх спаткаеш...

Манцёр хацеў сказаць яшчэ нешта, але раздумаў, махнуў рукой, маўляў — ну іх да д'ябла, няма часу! Узяў цвікі ў рот, загадаў вачыма мацней трымаць мне лесвіцу і зноў пачаў прыбіваць да сцяны ізалятары.

Я быў бязмежна ўдзячны гэтаму чалавеку за інфармацыю.

Пры маёй пасадзе пасыльнага ліцэя і вячэрніх курсаў знайсці прычыну, каб заглянуць да каго дадому, было вельмі проста. Дастат-кова прыкінуцца, што маеш выпісаны на гэты дом пакет або пісьмо. А пакуль усё высветліцца і табе будуць даводзіць памылку, ты добра разгледзіш усё, што захочаш.

А яшчэ можна пастукаць у дзверы, калі адчыняць, зайсці і спытацца, ці не жыве там чалавек з выдуманым табой прозвішчам. Галоўнае — прыдумай добры варыянт, як па нотах разыграй задуманае, і ніхто нічога не западозрыць.

Але мне было тады якраз столькі год, калі жаданні і мары крочаць не ў нагу з розумам, а ён часта не мае ўплыву на свавольную і дзёрзкую смеласць. Я выбраў варыянт найгоршы.

Каб хоць крыху паварушыў мазгамі, мог бы адразу прадбачыць, што з гэтага атрымаецца. Для мяне ўсё жыццё канчалася на моманце, як я заходзіў у Данусін дом.

4

З сэрцам у пятках падышоў я да генеральскай брамкі — з жалезных прэнтаў і з меднай клямкай. Узяўся за ручку. Брамка падалася нечакана лёгка і ціха. Я замёр і завагаўся. Але адступаць не стаў. Не чуючы ног, сам не свой, падаўся наперад.

Выкладзеная з бетонных плітак сцежка вяла да парадных дзвярэй — вялікіх і масіўных, як у касцёле. Я сышоў са сцежкі і накіраваўся да чорнага ходу.

Ужо даходзіў да гранітных прыступак з жалезнымі парэнчамі, як аднекуль з'явіўся здаравенны сабака, і я з жахам убачыў каля сябе ашчэраныя зубы і наярошаны хрыбет.

— Гыр-р-р! — зарычаў ён паціху, нервова падрыгваючы губамі, бытта казаў: «Ага, галубок, папаўся? Мне цябе адно і трэба!..»

Ад нечаканасці і страху ў фантастычным скоку пераляцеў я прыступкі, ударыў плячом у дзверы і апынуўся на генеральскай кухні.

Там над тазам з вадой стаяла Дануся.

Яна была амаль голая — адно ў чорнай спадніцы. Я незнарок уткнуўся позіркам у невялікія белыя грудзі з цёмнымі саскамі, якія смешна тырчалі ўверх.

— О-ей! — віскнула Данута, ні то здзівіўшыся, ні то спалохаў-шыся, і далонямі прыкрыла свой сорам.

Ачмурэлы, я стаяў і ва ўсе вочы ўзіраўся на паненку. Убачыў нават сінія жылкі ля ключыцы.

Гм, гэта тая самая гераіня, пра якую захлёбваліся газеты? Генералава дачка, да якой я так імкнуўся і ледзь не звярнуў сабе галавы, выглядаючы?

— На, дзіцятка, апраніся! — Знаёмая мне служанка падала ёй вопратку.

— Я ад сабакі ўцякаў...— пачуў я свой жаласлівы голас.

Па тварах жанчын я ўбачыў — яны і самі здагадваюцца, чаму я так уляцеў, як угарэлы, і за гэта не злуюцца, а спяшаюцца прывесці сябе ў парадак для сустрэчы госця, гэта значыць, мяне.