Выбрать главу

Яшчэ ў спартыўнай школе я доўга не мог прызвычаіцца да хлопцаў у майках і трусах. У нас на вёсцы паказаць голае цела можна было адно ля ракі. Нават стары дзед, косячы на балоце, накідаў на сябе зашпіленую на ўсе гузікі кашулю і белыя порткі. А тут у цэнтры горада ў адных купальных касцюмах бессаромна валяліся жыватамі ўніз паненкі, надзеўшы на галовы папяровыя каўпакі і наклеіўшы на насы лісты бэзу. Дануся нешта ўголас чытала, а Бэта слухала. Яшчэ яны бестурботна памахвалі ў паветры ружовымі пяткамі. На мяне гыркнуў Гектар, і я ўцёк.

— Ідзіце, я вам нагатавала супу! — паклікала гаспадыня.

— Дзякуй...

— Унь, я наліла ўжо.

— Ладна. Мне не хочацца яшчэ есці!..

— Ой, што з вамі, Янку, вы не захварэлі часам? Штосьці вы з раніцы сам не свой!..

Але я кабету не надта слухаў. Мне не верылася, што сёння сустракаўся перад брамкай з Данусяй. Але ж гэта быў не міраж!.. Падрабязнасці сустрэчы так і стаялі перада мной. Толькі не прападаць жа страве, і жанчына прывязалася як смала!.. Вельмі неахвотна я накіраваўся дадому.

4

Назаўтра вярнуўся я з работы а дзевятай гадзіне раніцы і пайшоў па ваду. Яе бралі ў глыбокім яры. Там, дзе была студня, горы ўтваралі маляўнічую цясніну, панавалі цішыня і спакой, бытта цясніна была ў глухім полі.

Яшчэ здалёк я ўбачыў, што побач з цэментавым кругам стаіць новенькая эмаліраваная пасудзіна з ручкай: высокая, унізе шырэй-шая, а ўверсе вузенькая, з раструбам. Але я не звярнуў на яе ўвагі. Мала хто мог паставіць. Горад. Навокал тысячы людзей. Паставіў і возьме, калі будзе трэба.

Нічога не падазраючы, падышоў я да студні і пачаў прывязваць да вядра вяроўку.

— Дзень добры! — раптам пачуўся крыху як бы знаёмы голас.

Я аж уздрыгануў ад нечаканасці. На адхоне стаяла Дануся і трымалася за ствол клёна.

Я марыў сустрэцца з ёю ў фае тэатра, у краме, на параходзе, нават на самалёце, калі зраблюся славутасцю. Марыў спаткаць яе ў доме ваяводы пасля таго, як перамагу рыжага капрала. Падрыхтаваў нават словы, з якімі звярнуся да яе. Але спаткацца гэтак?..

— Гэта вы-ы? — вырвалася ў мяне.— Сэрвус...

Я разгубіўся да рэшты, не ведаў, што рабіць і што гаварыць, падрыхтаваныя словы ніяк не падыходзілі. Мяне апанаваў нейкі жах. Хацелася даць драла, але ногі бытта анямелі, нібы прыраслі да зямлі.

— Пан дазволіць сваёй вяроўкі, калі дастане сабе вады? — папрасіла яна і пажалілася:— Я не ўзяла!

— Вазьміце...

— Думала, хто-небудзь будзе тут абавязкова... Прыйшла, чакаю, чакаю, і ніхто, як па злосць, не з'яўляецца. Таму, мусіць, што нядзеля. Першым прыйшоў пан...

— Бярыце...— паўтарыў я няўпэўнена, стрымліваючы ў сабе радасць, што Дануся звяртаецца да мяне за дапамогай.— Вы носіце адгэтуль ваду таксама? У вас жа свой водаправод! — ускрыкнуў я з папрокам і адразу ж спалохаўся.

— Мы бяром тут ваду для таты.

— Доктар прыпісаў яму піць яе, тут солей багата...

— А-а...

Дануся, падтрымліваючы рукамі падол просценькай сукенкі, зляцела да мяне з гары.

Белую кашулю раніцой я вымыў і развесіў на плоце сохнуць, а апрануў вышываную — з-за ідыёта-«прафесара» толькі і заставалася насіць у ёй ваду.

— Гы!..— паненка нібы спатыкнулася, убачыўшы зблізку маю вышыўку.— О-ей, якая прыгажо-осць, як цудо-оўна!..

Я разгубіўся, і яна адвяла вочы. З цікавасцю заглянула ў студню, закрычала:

— Глядзіце, яшчэ лёд!

— Бо паміж гор. У гэтую цясніну сонца мала заглядае,— пачувальна растлумачыў я.

— Та-ак?

Я ўжо спахапіўся. Калі надарылася магчымасць спаткацца са сваёй багіняй, то трэба гаварыць інакш. Але пра што?

Мы крыху памаўчалі. Можа, я сплю?..

Я ўважліва паглядзеў. Дануся стаяла бокам. Яе маленькае вуха і шаўкавістыя валасы, асветленыя сонцам, былі блізка ад маіх вачэй. Над верхняй губой у паненкі залаціўся ледзь прыкметны пушок. Твар яе быў крыху смуглы ад лёгкага загару...

Не, я не сніў і ўсё адбывалася наяве.

Недалёка ляжаў ляшчынавы кій. Паненка яго падняла і нязграбна пасунула ў студню:

— Моцна ён яшчэ трымаецца?..

З глузду з'ехала? Гэтага яшчэ не хапала!..

— Насыплецца ў ваду! — перахапіў я кій.

— О-ей, прабачце! — вінавата праказала яна, назіраючы з пашанай, як я вымаю з кішэні газету, абціраю ляшчыну.— Дакладна зрабіў бы так мой тата...

— Цяпер можна,— аддаў я кій.

— Дзякуй...

Дануся пачала адколваць край ледзянога шэрага ды залізанага вадой, наздраватага абруча, што нейкім цудам трымаўся па абымшэлых цэментавых сценах калодзежа.