Выбрать главу

— «У Афрыцы ёсць народы, якія прападаюць за каляровымі шкельцамі, ніткамі...— праказаў я з горыччу.— У нас па «крэсах усходніх» гэтае дзікунства захавалася ў тым, што мясцовыя сяляне расшываюць сваю вопратку. Глядзіце, перад вамі прыклад!..»

Дануся жахнулася:

— Хто такое глупства пасмеў сказаць?

Я назваў.

— Наш полёні-іста пан Залескі?— працягнула яна з абурэннем.

— На курсы больш яе не надзяваю.

На паненчыным твары я прачытаў, выразна ўбачыў, што яна сябе лічыць вінаватай за дурную выхадку прафесара, але не ведае, як выказаць спачуванне, і аж чырванее ад бяссілля. Раптам мне зрабілася лёгка-лёгка на душы, як бывала толькі ў дзяцінстве, калі выкладзеш сваю крыўду маці.

— Ат, ліха яго бяры, перажывём!— ужо весела і легкадумна пра-мовіў я, падняў адшліфаваны каменьчык і запусціў яго высока ўверх.

Паненка з трывожным захапленнем сачыла за яго траекторыяй, пакуль камень не плюхнуў у кусты.

Мы пастаялі, паперажывалі кожны сваё, паазіраліся.

— Глядзіце, кветкі! — раптам узрадавалася Данута і палезла на гару, усмешкай заахвочваючы мяне.

На адхоне расла чаромха. Я з прыемнасцю начаў ламаць галінкі з белым квеццем.

Збіраючы букеты, мы паднімаліся вышэй і вышэй. Дануся паабдзіралася аб кусты, але нічога не заўважала.

Нарэшце яна ўзабралася на самую гару.

— Я кожны раз дзіўлюся, якая маляўнічая адгэтуль Вілія! — праказала яна і адразу змоўкла, зачараваная.

Валасы яе былі ўсе абсыпаны белымі пялёсткамі. Ад напружанай хадзьбы дыханые паступова рабілася роўным. Мне месца было добра знаёмае.

— Ну,— згадзіўся я.

— Нечым напамінае Альпы...

— Гэта яшчэ нічога. Во, я ведаю гару! З яе горад — як на далоні! Можна палічыць усе цэрквы і касцёлы. Нават Замкавая гара і Тры Крыжы адтуль відаць...

— Давайце сходзім! — не задумваючыся запрапанавала яна.

— Можна...

Але ісці ў гэтую хвіліну мне ніяк не выпадала. Па-першае, дома чакалі вады. Па-другое, пада мной гарэла зямля, я баяўся за вёдры: пакінулі ж мы іх на дарозе; ёй, генеральскай дачцэ, вядро — глупства, а мне?.. Да ўсяго, мой ідэал пачаў блякнуць. У той час, калі сталы чалавек шукае прадмет свайго абажання, каб зліцца з ім, юнаку патрэбен сам працэс скрытнага і маўклівага абажання. Уся прыгажосць для яго тоіцца ў безнадзейнасці яго кахання. Надзвычай лёгкае збліжэнне мяне раптам расхаладзіла. Адначасова гэтая шчуплая, з тонкім профілем паненачка ў просценькай сукеначцы ў сінюю клетачку выклікала ў мяне пашану і прыцягвала ўжо неяк па-новаму. Я ўжо і не ведаў, што гаварыць.

— Не-е, не цяпер. Калі іншым разам! — супакоіла яна, убачыўшы на маім твары нерашучасць.

Дануся нешта перажывала, а я выбіраў яшчэ лепшае месца недалёка ад таго, дзе мы былі.

— Прабачце, калі пан Залескі вам гэтак сказаў,— раптам прамовіла яна.

Дзіва — думае ўсё пра тое?

— То было восенню... Ну яго да д'ябла з Залескім — шавініст тупы!.. Вам кусты перашкаджаюць, хадзіце сюды, во!

— О-ей, колькі вежаў! Адна, дзве, тры, чатыры...— лічыла Дануся, паказваючы пальцам удаль.— Аж трыццаць два касцёлы і цэрквы ў пашай Вільні. Божа!

— Я налічыў сорак. Адсюль усіх не відаць, бо гэтая гара занізкая. Во, з той!..

Але паненка болей не цікавілася маёй гарой.

Я пашкадаваў ужо, што адразу не злавіў Данусю на слове і не прапанаваў, напрыклад, сёння яшчэ схадзіць на гару. Чорт іх бяры з вёдрамі, калі і прапалі б! I з прачкай бы нічога не страслося б без вады...

Але прыдатны момант вярнуць было ўжо немагчыма.

— Трэба ісці, дома будуць хвалявацца! — спаважнела Дануся.— Надта доўга затрымалася. Хадзем!

Лёгка і адважна збегла яна з гары, зняла тапачкі і дакладна так, як робяць дзяўчаты ў нашай вёсцы, стукнула адна аб адну, зноў надзела і падалася да вёдзер.

Нездаволены сабой, следам павалокся і я.

На вуліцы акуратна на палавіну раздзялілі мы чаромху, ветліва кіўнулі на развітанне галовамі і разышліся.

6

Вярнуўся я з пустымі вёдрамі ў яр і задумаўся пад студняй. Гэтае месца стала для мяне цяпер незвычайным. Як добра, што няма калаўрота, як на вёсцы, бо тады вісеў бы тут ланцуг і я з Данусяй не сустрэўся б.

Палез на гару, знайшоў ляшчыну. Гэта быў не проста кій. Яго карычневая кара з ружовенькімі вочкамі пабыла таямнічую значнасць. Вось за гэтае месца Дануся трымалася, калі я ўзяў ад яе кій, ён яшчэ быў цёплы.

Я нават пагладзіў ляшчыну і чамусьці захаваў яе ў кусты.

Нанасіўшы вады, пайшоў на вуліцу.

Усё пачалося вось адсюль. Каб тратуар быў крыху шырэйшы, а вадасцёкавы равок не такі глыбокі, яна магла б мяне і не заўважыць, гэтак не паглядзець,— проста абышла б брукам. Зрабілася страшна, што ўсё адбылося дзякуючы звычайнай выпадковасці, якой магло і не быць. Магчыма, Данусю да студні прыцягнула падсвядомае пачуццё, абуджанае нашым спатканнем на тратуары?