Выбрать главу

Ваяводзіха ўспомніла і ажывілася яшчэ больш:

— На Капры адзін амерыканец запрасіў нас у госці, і яны нам прыслугоўвалі! Такія паслухмяныя!.. Пачуеш ад іх толькі і ўсяго: «Так, мадам!», «Так, монсер!» Дарагая пані, а што за цудоўная гармонія!.. Сі-няе-сіняе неба, галубое мора, белая віла, чорныя слугі і гувернанткі!.. I я, пані, скажу, іхняе цела зусім не пэцкаецца, я добра прыгледзе-лася!.. Іхняя чарната нейкая ўнутраная, нават на белым каўнерыку не пакідае следу!.. Калі ім павязаць яшчэ аранжавыя фартушкі—цуд шэдэўральны!.. Негры зусім мала ядуць, не тое што мае русінкі — адной бульбы ім не напасешся: як сядуць усе трое, як навернуць!.. Ад таго ім потым і да салдат хочацца!..

Генеральша яе мала слухала, у яе быў свой клопат:

— «Сабаліную накідку!..» Праўду пані гаворыць!.. А хто такі Бэк? Усяго палкоўнік кавалерыі! Так мой жа генерал!.. Не-е, шаноўная пані Бацянская, я адгэтуль нікуды не паеду. Я сваё права ведаю, ад варшаўскіх магнатаў выдзяру, што нам належыць, хоць і будзе ўсё гэта мне каштаваць новых маршчын!

Нячутна пад'ехаў магутны кадзілак з адкрытым верхам, спыніў-ся. З яго вылез ад'ютант і, прытрымліваючы дзверцы, узяў пад казырок:

— Машына падана!

— Дзякуй, Куба! — кіўнула генералына.

Дамы накіраваліся да лімузіна. Было чуваць, як генеральша абураецца:

— Цяпер тут ціха. Днём на нашай вуліцы столькі мужыцкіх фурманак, што не праехаць!.. I чаму гэтыя мужыкі не працуюць, а толькі раз'язджаюць па гарадах, што ў іх за справы ў Вільні могуць быць?

— Я пагавару з мужам, пані Вацлава, каб ён забараніў ездзіць фурманкамі па вашай вуліцы. Павесіць знак!.. Пані Вацлаве на маршчыны няма чаго скардзіцца. Пані гэтак молада выглядае! А ўсё таму, мабыць, што масажыстку прымае. А я кожны раз яе ад сябе адсылаю — не хапае часу з ёю вазіцца. Муж злуе, што дарма плацім шалёныя грошы...

Дамы развіталіся. Машына з Бацянскай паехала сабе, а гене-ральша вярнулася дадому. На верандзе адразу напала на служанку:

— Эрмітэй, ты ў мяне сцягнула халат з карункамі?

Пачуўся голас маладой дзеўкі:

— Агы!.. Бо вы яго выкінулі...

— «Агы!..» — з нянавісцю перадражніла яе генеральша.— Бачыш ты, ужо запіхнула сабе ў торбу?!. Пяць злотых штрафу вылічу з палучкі!

З хітраватай наіўнасцю служанка праказала:

— Пані Вацлава, а я ўжо казала, што мяне ў дзярэўні звалі Просія!.. I яшчэ Фруза!.. А то — Эмі... Эмры... Я і не вымаўлю так!..

— Пакінь цябе, зладзейку, без нагляду на хвіліну!.. Марш да працы!

«Міраеды!» — з жахам падумаў я пра яе і Бацянскую.

Сцэнка мне яшчэ раз напомніла, з кім я звязваюся. Прыйшоў-шы на кватэру, я ніяк не мог заснуць. Мусіў устаць, запаліць святло. Пачаў прыводзіць да парадку абцёпканыя нагавіцы.

Заняты справай, каторы раз пытаўся ў сябе, ці правільна раблю? Паддаўся на вудачку якойсьці паненачцы з варожага лагера! Але штосьці ўжо грунтоўна перамянілася ў маіх поглядах. Я адкрыта глядзеў у твар таму, хто сарамаціў. Ну і што? Яна ж не вінавата, што нарадзілася дачкой польскага генерала! Я мог бы з такім жа поспехам нарадзіцца сынам султана Саудаўскай Аравіі!..

Дануся не генеральша і не жонка ваяводы. Ці мала было выпад-каў у грамадзянскую вайну, калі адзін брат у белых, а другі — у чыр-воных? Дачка — камуніст-камісарка, а бацька — палкоўнік у Дзянікіна?!. Урэшце, Данута мне падабаецца — і годзе.

Як яна абурылася на Залескага!.. I цяпер недзе перажывае за мяне!.. У генеральскай, буржуйскай кватэры ляжыць, мабыць, варочаецца ў ложку і перажывае!..

Стала адразу лягчэй.

Цяпер я клаўся спаць і думаў, што заўтра мяне зноў чакае нешта прыемнае. А ў наступны дзень яшчэ не прачнуўся, як успомніў — учора ў маім жыцці здарылася нешта надзвычай важнае. Я ўсхапіўся з ложка з цікавасцю да ўсяго свету, бадзёры і свежы.

7

Прайшоў цэлы тыдзень, але так нічога і не здарылася.

Настала зноў нядзеля. Як і ў мінулы раз, я пайшоў да студні, прасядзеў там з дзесяці гадзін раніцы да палудня, а Дануся па ваду так і не прыйшла. Настрой у мяне адразу сапсаваўся.

Генеральскі панадворак быў пусты, я пайшоў у горад. Надвор'е стаяла выдатнае: у небе — ні хмурынкі, моцна пякло сонца, пахла нагрэтымі мурамі. Паветра было сухое, крыху насычанае азонам ад быстрай рэчачкі Віленкі, таму дыхалася лёгка, і мяне настроіла на бадзёры лад зноў.

Выбіраючы пустыя вуліцы, дайшоў я да квартала з казармамі. Там стаялі прывязаныя кавалерыйскія коні і тапталі свежыя ды тугія яблыкі залацістага калу, якія пахлі моцна, як спірт. Мяне, сялянскага сына, так і пацягнула да коней. Я падышоў, ляпнуў крайняга па ла-патцы, конь адразу стаў на дыбы, ажно зазвякалі на ім жалязякі. От бы на такім пранесціся па полі! Агонь!