Выбрать главу

З брамы выйшаў элегантны афіцэр і стаў нацягваць скураныя пальтачкі.

— Ну, Фацэт, паедзем? — спытаўся ён, і той самы конь радасна пачаў грэбці капытам, паціху ржаць.

— Ах ты, мой хлопчыку, засумаваў так! — паспачуваў гаспадар і пагладзіў Фацэта па храпе.

Я з зайздрасцю паўзіраўся, як афіцэр адвязаў повад і скакун паслухмяна пайшоў за ім, змейкай выгінаючы тонкую шыю. Вайсковец, бадзяга, лёгка, іграючы, ускочыў у сядло, пагнаў рыссю, але ў каня моцна заквактала солязёнка, і коннік перавёў яго на спакойную хаду.

Я падаўся далей.

У вокнах шэрай і доўгай будыніны сядзелі з люстэркамі ў руках салдаты і пускалі сонечныя зайчыкі ў вочы паненкам, якія праходзілі міма; тыя жмурыліся, пішчалі, аднак адыходзіць не спяшаліся.

— Пане капрал, закурыць дасі? — шматзначна і залётна пыталіся падазрона нафарбаваныя жанчыны ў вайсковых, якія выйшлі з адпускнымі білетамі і тоўпіліся ля варот.

— Можам даць!

— Яшчэ як!..— гагочучы, адказвалі салдаты з ліха насунутымі набакір пілоткамі.

Я павярнуў назад.

А вось і лазня літоўскай арганізацыі, яе паказаў мне Суткус. Цяпер я яе часта наведваў. Праз усю даўжыню агромністага памяшкання — трубы, з іх льецца гарачая вада. Заходзь адразу хоць тысячу чалавек і бясплатна сабе мыйся — рана, у абед, вечарам... «Літоўцы народ арганізаваны, дружны, клапоцяцца адзін аб другім, не тое што мы!» — з зайздрасцю падумалася мне.

Разважаючы гэтак, я непрыкметна апыпуўся ля дома, з чыйго панадворка сёння выносіў малако.

Раніцай, калі я заносіў на кухню пустыя бутэлькі, прыйшла мыцца дачка пана Матыкі і, сонная яшчэ, ледзь не налезла на мяне. Прыгледзелася, спалохана ўскрыкнула і пабегла назад, абдаючы мяне цяплом пасцелі і паказваючы з-пад стракатага халаціка белыя ногі. Я аж пачырванеў. З-за дзвярэй паненка з какецтвам і цікаўнасцю азірнулася, бліснуўшы зубкамі, і захінула халат.

Ля дома памешчыка я ўсё гэта ўспомніў з выразнай даклад-насцю. Зрабілася невыносна сорамна — хоць лезь пад зямлю!

Я зноў павярнуў да Віліі.

8

Па тратуары набярэжнай цяклі патокі людзей.

Раптам мяне насцярожыў нечы позірк і развеяў вобраз дачкі Матыкі. Я ўважліва прыгледзеўся ды падумаў, што вось гэтую смуглявую і чарнавокую студэнтку ўжо недзе спатыкаў. Напэўна спатыкаў. Толькі дзе?

Я не адводзіў ад яе вачэй, і студэнтка пасмялела, накіравалася да мяне.

Дзень добры! — узрадавалася яна.— Нарэшце праз паўгода я вас спаткала!

— Дзень добры...

— Няўжо забылі? — з дакорам і расчараваннем паківала яна галавой.

— Памята-аю...— схлусіў я, жмурачы вочы ад бліскучага казырка студэнткі.

— Давайце пазнаёмімся. Тады не было часу. Вольга,— надала яна руку і сарамліва ўсміхнулася.

Толькі цяпер я пазнаў, хто гэта.

Ля універсітэта мінулай восенню яна памагла мне апрытомнець і прыхавала наган, калі ён выпаў з кішэні. Успомніў я дзяўчыну па адной прыкмеце. Кідаўся ў вочы яе крывы пярэдні зуб. Таму, усміхаючыся, Вольга старалася не надта адкрываць рот, але я бессаромна ў яго заглядаў — мае вочы цягнула туды як магнітам.

— Ну, як жывяце? — пацікавілася яна, чырванеючы.

— От, сяк-так жыву...

Міжвольна я заўважыў трэшчынку на казырку, зацыраваны каўнерык кофты, якая ўжо добра такі выцвіла, старэнькія аблезлыя туфлі. Параўнаў з вопраткай Данусі — лёгкай, свежай, з тонкім араматам...

Калі сустрэнуцца два чалавекі, дастаткова аднаму пра нешта спытацца і адразу завяжацца гутарка. Але я да размовы ў кампаніі, ды яшчэ з дзяўчатамі, быў няздатны.

— Вы не прысутнічалі на канцэрце ў нас, калі спяваў Забэйда Суміцкі? Не? Шкада!.. Я была ўпэўнена, што будзеце, і ўсюды вас шукала!..

Мы хвіліну памаўчалі.

— А на мітынгу антыфашыстаў? — успомніла студэнтка.— Таксама — не?.. Хутка ў нас адбудзецца сход беларусаў і ўкраінцаў, прыйдзеце?

Я ўсё цярпліва адказваў «ага», «не», «не ведаю», хоць і адчуваў да студэнткі ўдзячнасць за тое, што яна для мяне зрабіла, але думаў толькі, як адчапіцца.

Дзяўчына ўсё не адыходзіла.

— Я была тады і ў спартыўнай школе, калі вы сустракаліся з вайсковым па рынгу.

— Былі-і?!.

— Вам пяршынства спрабавала адваяваць з іншымі, але дзе там!..

— Даўно то было...

— I на вуліцы вас часта бачыла. Вы прыкметны. Аднойчы сустрэла ў гарадскім парку. Ліў дождж — халодны, пранізлівы, а вы нічога не прыкмячалі і памалу пахаджвалі, думалі аб сваім. На вашым твары было такое багатае выражэнне, што стала шкада вас непакоіць, таму не павіталася...