Выбрать главу

— Дарма.

— Потым сустракала вас на Замкавай зімой,— спавядалася яна нібы з папрокам, бытта чакала ўзнагароды.— Вы былі з непакрытай галавой. Здаецца, вы прахадзілі ўсю зіму так...

— Ага...

Кепка, якую збіў паручнік шабляй, засталася на вуліцы, а другой я не купіў — не толькі таму, што грошай шкадаваў. У Вільні нават у вялікія маразы хлопцы фарсілі з непакрытымі галовамі, фарсіў і я. Але навошта ёй пра гэта ведаць?..

I тут я раптам успомніў, як восенню хваляваўся ў натоўпе моладзі на Лукішках, пакуль у турме ішоў шлюб.

— Праўда, што гэта вы тады вянчаліся ў турме?

— А-а, вы пра тое!..—пасмутнела дзяўчына і ўздыхнула:— На жаль, я тады зрабіла глупства.

— Глупства?..

— Не было чалавека, які б мяне тады схапіў за руку, адзёрнуў.

— Але ж чаму? — распальваўся я ад цікавасці.

— Складаная справа...— уздыхнула яна зноў.— Давайце сыдзем з тратуара пад ліпу, раскажу...

Я падаўся за студэнткай.

— З жаніхом да гэтага я нават добра і не бачылася,— пачала апавядаць яна на новым месцы.— От, перастукваліся ў турме праз сцены марзянкай, рабілі адзін другому знакі праз акно, калі каго з нас выводзілі на шпацыр. Мяне выпусцілі з Лукішак раней, і мы пачалі перапісвацца. Мне здалося, што я закахалася. Першы раз, горача, назаўсёды! Ён мне пісаў доўгія лісты, яшчэ даўжэйшыя пісала я. Дамовіліся мы пажаніцца. З фотакарэспандэнтамі і сведкамі ўвайшла я ў камеру і першы раз паціснула яму руку. Капелан нас павянчаў. Усе выйшлі, далі нам дзве гадзіны пабыць разам. Селі мы на лаву, узяліся за рукі. Сорамна. Наглядчык адвярнуўся, і муж мяне ўпершыню пацалаваў. Стала надта непрыемна. Я збаялася, каб ён не пацалаваў мяне другі раз, выняла з сумачкі шакаладку, піхаю яму ў рукі, але ён шакаладку адклаў ды пацалаваў усё ж такі зноў. I тут я зразумела, што яго не кахаю... Вось так! — уздыхнула яна і паглядзела, якое ўражанне зрабіла на мяне.

— А-яй-яй!— не ўтрымаўся я і паківаў галавой.— Ну і... А цяпер?

— Нашу рэгулярна ў Лукішкі перадачу, пішу акуратна ў турму пісьмы, падпісваю іх: «Твая Вольга!..», лічуся законнай жонкай, а яго не кахаю...

Гісторыя!

Я не ведаў, што гаварыць, як суцешыць дзяўчыну, адно спачу-вальна пазіраў і пераступаў з нагі на нагу. Гэтак мы стаялі даволі доўга. Нарэшце студэнтка ўздыхнула і стала пацяшаць ні то мяне, ні то сябе:

— Не дзівіцеся! Мне сказаў наш віленскі пісьменнік: ёсць праўда жыцця і — праўда мараў, лозунга. У мяне праўда мараў і лозунга, якому мы ўсе служым, сутыкнулася з праўдай жыцця і атрымалася вялікая драма!

— Гм!.. — нічога не зразумеў я з яе філасофіі.

Пакуль мы так гаварылі, да прыстані падышоў параходзік. З яго хлынула па бераг моладзь. Мы апынуліся сярод юнакоў і паненак. I тут я ўбачыў Данусю.

Яна была ў белай тэнісцы, якая прыгожа адцяняла смуглае, загарэлае цела. Побач ішоў Браніслаў і нёс кніжкі, тэнісныя ракеткі, партфель. У абаіх былі цёмныя акуляры, якія тады толькі ўваходзілі ў моду.

Убачыўшы яе з Браніславам, я ў момант забыўся пра тое, што расказала студэнтка, занепакоіўся і адразу ўпаў духам. Калі Дануся наблізілася, я адвярнуў галаву.

— Добры дзень! — пачуўся яе голас.

Студэнтка здзіўлена зірнула на мяне, потым на Данусю, Браніслава.

Пакуль я што-небудзь скеміў, Дануся нас абмінула. Я пачаў ужо сумнявацца: сказала яна «дзень добры» мне ці каму іншаму. Мужыц-кая асцярожнасць не дазваляла паверыць. I тут я заўважыў, як Вольга перамянілася. Яна змерала нядобрымі вачыма генеральскую дачку, а тая таксама азірнулася і гэтак жа агледзела студэнтку.

Цяпер сумненняў, з кім Дануся віталася, не было.

— Што ж, бывайце, калі так!..— холадна кінула Вольга.

Тое, што адбылося, яшчэ не паспела як належыць дайсці да маёй свядомасці. Разгублены да рэшты, я нічога не адказаў, хоць і ўлавіў у словах дзяўчыны папрок. Пра Вольгу адразу забыўся, увага была занята другім.

Тады ля студні мы з Данусяй, бытта баючыся дакрануцца, не падалі адно аднаму рукі і не называлі сваіх прозвішчаў. Я не зрабіў гэтага нершы, бо такая галантнасць была не ў маёй натуры, але Дануся?.. Потым я баяўся нават успамінаць, каб не расчаравацца, калі гэта была простая выпадковасць.

Цяпер жа, пасля таго, што адбылося ля ракі, я ўжо смела ўспомніў той выпадак і паверыў у сваю зорку.

9

Многа яшчэ прахадзіў я па горадзе, спадзеючыся спаткацца з Данусяй. Хадзіў заўсёды адзін, каб зручней было загаварыць. Зачапіць яе цяпер было, здаецца, лёгка: Я ж маю права, як з кожным знаёмым, вітацца з ёю.