У паненкі былі блакітныя вочы і гладкі лоб з выразнымі тонкімі бровамі, прывабныя вусны.
У яе яшчэ згадвалася парода, якую, відаць, выводзіла не адно пакаленне старажытнага роду. У пругкім целе аж кіпела здароўе. А зубы і валасы паненкі вылучалі лёгкі бляск.
Калі яна смяялася або гаварыла, смяялася і гаварыла ў ёй усё: пастава, твар, бровы, лоб, а найбольш — вочы. Яны мяняліся тысячу разоў і мелі неабмежаваны ўплыў на мяне. Узіраючыся ў іх, я бытта нешта піў, піў, піў і не мог ні напіцца, ні адарвацца.
— А мы паляністу на ўроку зрабілі кацячую музыку!..— пахвалі-лася яна.— Такі наладзілі прыма апрыліс, што бегаў скардзіцца дырэктару!
Першага красавіка і нашы курсанты выкарысталі для звядзення рахункаў з нелюбімымі настаўнікамі.
— Залескаму?!— узрадаваўся я вельмі, што яна ў зговары са мной.
— Адзін апрыліс ужо прайноў, але я ўспомніла пра стары стыль. Ну, думаю, пачакай!.. А ўчора на гісторыі пан прафесар нам зачытваў дакументы Ягелы з Вавеля. На беларускай мове кароль пісаў...
— Ведаю...
Я адчуў, што праз гэты факт вырастаю ў яе вачах яшчэ больш.
— Беларуская — тады была прыдворнай мовай, побач з фран-цузскай і лацінскай!— выкладваў я ёй звесткі, атрыманыя ад Луцэвіча з музея...
Мы прабылі так разам мо гадзіны дзве, раптам Дануся спахапілася:
— О-ей, трэба ісці...
— Ужо-а? — прачнуўся я.
— Мне час...
Гордасць ёй, відаць, не дазваляла прызнацца, як даводзіцца хітрыць, казаць дома няпраўду, калі трэба куды-небудзь схадзіць, вось як цяпер.
Мае старанні затрымаць яе былі дарэмныя. Аднак цяпер я быў смялейшы. Гледзячы ў зямлю, нязграбна, нібы герой рыцарскага рамана, я аб'явіў:
— Каля студні пакладу камень. Пад ім будзе запіска...
Дануся нічога не адказала. Толькі ёй нібы раптам спатрэбілася сарваць травінку, і паненка нагнулася. Але па рухах яе я зразумеў, што ўсё будзе добра.
— Вы яшчэ крыху пабудзеце тут, праўда? — Просьба Данусі прагучала як загад.
Я зразумеў, што павінен тут пачакаць, пакуль яна дойдзе дадому, і падумаў, якая яна далікатная і разумная!..
— А-а, пабуду!.. Трэба дубцоў наламаць на венік гаспадыні!
Мы развіталіся.
Вярнуўся я на панадворак і не ведаў, што рабіць. На гару былі адчынены дзверы, прыстаўлена драбіна, прачка якраз туды насіла вешаць бялізну. Я ў момант апынуўся на гары. Асцярожна прыпадняў адну дахоўку і паглядзеў у генералава акно.
Я выразна ўбачыў, як у пакой уляцела Дануся і прыпала да люстэрка. Яна шчасліва ўсміхалася і паўтарала выражэнні твару, якія ў яе былі са мной. Гэта ёй лёгка ўдавалася, яна была яшчэ ўзбуджаная і распрамянёная.
Наглядзеўшыся на сябе, яна адчыніла шафу, павесіла туды плашчык. Тады зноў падышла да люстэрка і пачала вытвараць нейкія камбінацыі з шапачкай і смяяцца. Пачуўся скрып драбіны: прачка несла развешваць бялізну. Нічога не зробіш, давялося пакласці дахоўку на месца.
4
Пасля сустрэчы ля калодзежа я адразу перамяніўся. Я стаў багатым, валодаў таямніцай, якую не памяняў бы ні на якія мільёны! Я зрабіўся ўпэўнены, здаволены, шчаслівы — у мяне нават прачнулася пачуццё гумару, якога я ў сабе дагэтуль, бадай, і не заўважаў.
...Да парадных дзвярэй ліцэя прывалаклася з таварам гандлярка. Баязліва азіраючыся, каб не наляцела паліцыя, жанчына развязала кошык, выставіла тавар напаказ.
Мандарынкі ўнізе па пятнаццаць грошаў за штуку! — у час перапынку прагучала ў калідорах усіх пяці паверхаў.
У гэты дзень раніцой я паклаў пад камень ля студні пісьмо, і праз пару гадзін яго ўжо там не стала. Ці не дзеці выцягнулі часамі адтуль?.. Я пастараўся прыйсці ў ліцэй да канца заняткаў, каб спытаць Данусю, ці брала яна пісьмо.
Калі я заглянуў у будынак, паненкі атакоўвалі гандлярку з мандарынкамі. Толькі Дануся з сяброўкай стаялі ўбаку.
Убачыўшы мяне, дзяўчына ўзрадавалася:
— Пане Янку, вольмі прашу, пазычце нам, калі ласка, трыццаць грошаў!
У мяне ад шчасця перахапіла дух. Дрыжачай рукой я дастаў тры апошнія манеткі па дзесяць грошаў і, як гэта рабіў ад'ютант Куба, стукнуў абцасамі:
— Калі ласка, панна Янкоўская!
— Дзякуем! — кінулася Дануся і ў момант апынулася ў гушчы сябровак.
Ліха яго бяры з пісьмом! — Я не стаў пытацца.
Вярнуўшыся дадому, пачаў прыдумваць, як адмовіцца ад грошай, калі Дануся будзе вяртаць доўг. Але ўсе мае выдумкі былі непрыдатныя.
Пасля абеду, калі я ішоў на курсы, да генералавай сеткі раптам падбегла паненка і працягнула на далоні дзве манеткі — дзесяці- і дваццаціграшовую: