11
Аднак Дануся мне ўсё даравала. У наступны дзень нават прызналася, што яе ўжо цалаваў адзін чалавек. У прызнанні было столькі шчырай даверлівасці, што вестка зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай.
Вось прыкладна тады і наступіў момант, ад якога пачаліся нашыя непаразуменні.
Паміма маёй выхадкі Данусі імпанавалі мой рост і сіла, таму я стараўся іх падкрэсліць. Каб здавацца яшчэ вышэйшым, станавіўся на высокія месцы, хваліўся сваім наганам... Паспешліва выстаўляў напаказ усе якасці, бытта баяўся, што потым будзе позна.
— Лёнгінус! — пяшчотна пазвала мяне Данка імем героя рамана Сянкевіча «Агнём і мячом».— О-ей, які ж у цябе дужы карак! Я недзе чытала, што гэта — прыкмета ўпартасці!
— Упартасці ў мяне хапае, магу табе пазычыць!
Дануся хвіліну памаўчала і ні з таго ні з сяго спыталася:
— Янэк, Адам Міцкевіч меў рост сто семдзесят восем саптыметраў. Гэта мала ці многа? Хто з вас большы?
Я паказаў далонню: паэт быў мне якраз па вусны. Пытанне было не выпадковае.
У кожнай яе кніжцы ляжалі рэпрадукцыі нейкай белакурай паненкі, імі Дануся закладвала старонкі. Часамі ад няма чаго рабіць яна разглядала іх і ўздыхала.
— Хто гэта? — пацікавіўся я.
— Мой ідэал жанчыны — Марыля Верашчака.— I Дануся зрабілася сумная і задуменная.
Нічога не падазраючы, я пытаўся далей:
— Чым жа яна так праславілася, што прадаюць яе фота?
— Марыля кахала Міцкевіча, але пайшла на самаахвярны ўчынак. Каб зрабіць бацькам прыемнасць, выйшла замуж за нялюбага магната Путкамера...
Па тым, як вінавата Дануся апусціла вочы, я раптам зразумеў, для чаго яна гэта гаворыць, і пахаладзеў.
Няўжо яна гэтаксама хоча выйсці за нялюбага Любецкага? Няйначай!.. Данусі цяжка, і, каб супакоіцца, яна прымушае сябе часта ўспамінаць Марылю. Але ж гэтага не можа быць!..
— Няўжо і ты?..— жахнуўся я.
Дануся не адказала. Выходзіць, пытанне дарэмнае. Мы доўга маўчалі. Мяне агарнуў якісьці холад, я зноў адчуў самотнасць, пачуў сябе страшэнна адзінокім. Нарэшце я адважыўся паўтарыць пытанне:
— Гэта праўда, Данка?
— Праўда, Янэк...— прашаптала яна, бездапаможна і вінавата апусціўшы галаву.
Чаго я тут сяджу?!. Я ўсхапіўся на ногі. Дык вось хто яе першы пацалаваў — гэты нікчэмны Браніслаў!
Вось чаму яна распытвала пра рост Міцкевіча!
А я, дурань, так радаваўся апошнія дні. Жаніха іграў!.. А чаго ад яе хацець? Яна — прадукт свайго асяроддзя!..
Я стаў глядзець на Данусю нібы на асуджаную. Але паказаць усю бязглуздасць яе намеру не ўмеў. Да таго ж ва ўсёй гэтай гісторыі быў зацікаўленай асобай, і гордасць не дазваляла яе адгаворваць. У яе было столькі самаадданасці, што ў мяне паступова праявіліся да паненкі спачуванне і жаласць.
Аднак усё гэта ўзнікла потым. Пасля апошніх Данусіных слоў мяне ўкалола страшэнная рэўнасць, агарнула абурэнне:
«Колькі дзён я нічога не ведаў! За каго яна мяне тады лічыць, за хлопчыка для забавы?.. Якая мая роля ў гэтай гісторыі?!. Блазна прыдворнага хацелі з мяне зрабіць?!.»
I Дапуся зрабілася такой недасяжнай, як і восенню.
12
Прайшло некалькі дзён.
Нягледзячы па прызнанне, паступова я супакоіўся, а Дануся стала мне яшчэ даражэйшай. Кажуць, мы болей любім чалавека, калі ведаем, што ён не для нас. А яшчэ кажуць, каб мацней паверыць, трэба пачынаць з сумнення, а каб мацней палюбіць — з нянавісці. Я амаль гэтак пачынаў.
Некаторыя хлопцы мяне дзівілі сваімі адносінамі да дзяўчат. Мне ж дзяўчаты заўсёды здаваліся недасяжнымі і казачнымі багінямі і анёламі. Я па натуры быў няўлюбчывы і сваімі пачуццямі не раскідваўся. Я іх збіраў, капіў, і цяпер яны выбухнулі.
Каб пакахаць чалавека, адных позіркаў мала. Трэба счапіцца ха-рактарамі, імкненнямі. Дануся мяне прывабіла не толькі абаяльнасцю і крамлівасцю цела пісанай прыгажуні полькі.
Учынкамі людзей таго свету, з якога я паходзіў, кіравалі штодзённыя клопаты пра кавалак хлеба, ім была вядома адна работа — мускульная.
У нашых сем'ях ласкі і чуласці саромеліся.
Казкі апавядалі дзецям толькі для таго, каб малыя засыпалі або не плакалі: інакш які сэнс траціць час па глупствы?
На кветкі звярталі ўвагу толькі маладыя, і то паміж работай.
Вырасце ля хаты дрэва, яго маглі ссекчы, бытта цень прыносіць у хату сырасць: яшчэ грыб паесць сцены!..
Цётка магла пражыць свой век і не пабываць у суседняй вёсцы.
Паедуць, бывала, два дзядзькі на цэлыя суткі да млына. Аднаму жонка дасць торбачку з ежай. Ён есць пры сябру, з якім праходзіла яго жыццё, і ў дзядзькі не з'явіцца нават думкі падзяліцца кавалкам хлеба, а сябар за гэта і не пакрыўдзіцца.