Абудзіўся пастух, павыганяў з вады жывёлу, і яна стала пасвіцца. Паміж кароў важна пахаджвалі буслы.
— А чаго яны разам?..
— Каровы выганяюць з травы жаб, а буслы іх ловяць, прыглядзіся!
— Узаемная дапамога?!. Якая гармонія, якая прыгажосць, якое неба!..
— А ты яшчэ ездзіш за граніцу шукаць хараства! Што тваё мора, што чужая Швейцарыя, паглядзі на свой край як след!
— О божа мілы!
— Пры чым тут твой бог?
— Янку, нельга блюзніць! — спалохана азірнулася яна, бытта нас маглі падслухаць на небе.
Во калі вазьмуся за цябе!
Я адвёў паненку ад возера і пасадзіў у жыта.
— Дануся,— прыступіў я да справы,— ты ж такая вучоная, культурная і разумная паненка! Як ты можаш сур'ёзна верыць у папоўскія казкі?.. Вучыла, нябось, біялогію, ведаеш, што свет узнік не за шэсць дзён, а развіваўся мільёны гадоў!
— Які ты, Янку, наіўны. Біблейская легенда аб стварэнні свету дайшла да нас ад старажытных яўрэяў. А слова «дзень» па-стараяў-рэйскаму азначае і суткі, і год, і эпоху. Шэсць сутак трэба разумець у пераносным сэнсе, кожны дзень — цэлая эпоха! Гэта ж так проста!..
Дрэнны з мяне быў настаўнік. Убачыўшы, што адразу не магу пераканаць, я зазлаваў:
— Няма чым ім крыць, падтасоўваюць факты! А ты слухай! Ты вер ім!.. Вер французскім кніжачкам... Ну і балда ж ты, хоць і надта вучоная ды з такой сям'і! Аб чым з табой гаварыць пасля гэтага?
— Янэчку, супакойся!.. Я пастараюся ўсё-ўсё зразумець!
I тады ля возера я прачытаў Данусі палітычную лекцыю.
Я сам у той час больш адчуваў, чым разумеў, і што мог раска-заць, мне цяжка цяпер і ўявіць. Памятаю, Дануся слухала пакорна і згаджалася, што рэлігія — мінулае, а ідэі сацыялізма — будучыня на-родаў. Я палічыў, што дабіўся поспеху. Гэта мяне ўзняло ў сваіх вачах. Пачакай жа ты, князь Любецкі, падсуну табе дулю пад самы нос!
Я не вытрымаў, прыгарнуў яе і пацалаваў.
Дануся дазваляла дакрануцца толькі на адну хвілінку, бытта цалавацца коратка — злачынства меншае.
— Ужо хопіць, Янку! — за кожным разам палахліва ўскрыквала яна задыханая і вырывалася.
Гэта мяне толькі дражніла. Я ганяўся за ёю па жытах, падаў у густую шчотку з пругкіх, як дрот, ядроных сцяблінак і цалаваў, цалаваў зноў.
З
Пад вечар, шчаслівыя і здаволеныя, мы вярталіся з возера.
Па дарозе абагналі п'янага дзядзьку. У абшарпанай саматканай вопратцы ён чагосьці на ноч валокся ў горад.
П'яны раптам стаў рысавацца. Абняў тэлеграфны слуп і зацягнуў маналог:
— Ах, сасёначка!.. Расла ты сабе прыгож;ая ў лесе і гора не ведала! А што з табой паны зрабілі: спілавалі, абадралі, акавалі жалезам, начаплялі нейкіх чарак, дратоў, і век табе тут, беднай, гараваць! I ў дождж, і ў мароз, і ў спякоту ніхто цябе, бедную, не пашкадуе, нікому да цябе няма справы!.. Ты аж патрэскалася ад натугі, высахла ўся, цябе ўсю стачылі караеды!.. Ах мая ты сястрыч-ка, што з табой злыдні зрабілі!..
Мы засмяяліся і пайшлі далей.
На ўскраіне Вільні паказаўся прыгожанькі домік. Ля яго акон тоўпіліся людзі.
— Давай пабачым, што там здарылася! — зацікавілася Дануся.
— Можам...
Мы збочылі з дарогі.
Ля дзвярэй доміка з апушчанымі пад бараду пасачкамі дзяжурылі салдаты. Духавы аркестр зайграў жалобны марш.
Уціснуўшыся між людзей, мы даведаліся: у гэтым доме памёр палкоўнік.
Людзі навокал нас голасна гаманілі. Ніхто па нябожчыку не бедаваў. Гэта ўразіла Данусю, і яна ўзняла на мяне поўныя слёз вочы. А натоўпу і далей не было ніякай справы да настрою нейкай там паненачкі, у якой бацька таксама вайсковы чын.
— Ты не памятаеш — у католікаў ці праваслаўных перад тым, як забіць труну, накрываюць твар нябожчыку? — абыякава пыталася нейкая жанчына.
— Я адно ведаю, што ў яўрэяў пакойніка кладуць у саван. Найлепш з суровага палатна...
— Ат, яму ўсё роўна!
— А наро-оду сабралася!
— То дзіва! Як багаты памрэ, то і апошні з хаты прэ, а як бедны-худачок — толькі попік і дзячок!
— Калі ж цяпер будуць плаціць удаве?
— Эт, бяда не вялікая!
— Чорт яе не возьме, не бойся, заплацяць больш, чым нам з табой...
Данусі гутарка здалася дзікай, і яна пацягнула мяне за рукаў:
— О-ей, які цынізм!
Прывалокся той самы п'яны дзядзька і пачаў дапытваць:
— Чаму граюць, га? Чаму граюць, а не танцуюць?
— Пане, цішэй, тут чалавек памёр! — узмалілася Дануся.
— Хто памёр!
— Пан палкоўнік!
— Будзе другі, падумаеш!
Людзі зарагаталі.
— Вы п'яны! — Дануся прамовіла гэта так, бытта ад яе слоў чалавек меўся зараз жа згарэць ад сораму.