Даведаўшыся пра зарок пані Вацлавы, Дануся, каб аддзячыць, дала слова выйсці замуж толькі за таго, каго выбера мачаха. I тая выбрала.
— Многа разоў яна гаварыла пра Любецкага,— расказвала Дануся,— але я ўсё прапускала міма вушэй, пакуль не паехалі ў Закапанэ на міжнароднае спаборніцтва на лыжах. Туды з'ехалася знаць з цэлага свету. Пасля спаборніцтву быў баль. Памяшканне напоўнілі славутасці. Дзеці Радзівілаў, Сапегі, Ротшыльдаў, Крупа... Мужчыны — у чорных фраках, дамы — у дэкальтэ, з брыльянтамі ў прычосках і на шыях... Любецкі стаў да мяне заляцацца, а я саромелася ісці з ім танцаваць. Князь пакрыўдзіўся і выйшаў на двор. Там стаялі фурманы з фаэтонамі. Браніслаў сунуў вазніцы жмут грошай і загадаў распрагаць каня. Тады сеў вярхом і накіраваўся ў залу. Музыка змоўкла, узняўся гвалт, пары сталі ціснуцца да сцен... Браніслаў хапіў мяне за талію, падняў на каня і паехаў па зале, дзе танцавалі... Яшчэ і там, дзе былі накрытыя сталы... Нават не выклі-калі паліцыю. Любецкі заплаціў за папсуты паркет, пабіты посуд, паламаную мэблю... Мне тады сталі ўсе зайздросціць, называць князёўнай, і гэта мне вельмі падабалася.
8
Апоўначы Дануся вышмыгнула праз акно, і мы накіраваліся ў горад.
Ля парку я пакінуў яе на тратуары, а сам пайшоў да кампаніі.
Студэнты ў прыватнай друкарні нарыхтавалі некалькі тысяч пракламацый, якія пагражалі забойцам і заклікалі жыхароў Вільні вы-ходзіць заўтра на пахаванне. Гэтыя лістоўкі трэба было параскідаць па горадзе.
У парку знаходзіўся і Суткус. Было сорамна глядзець яму ў вочы: Альбінас нічога не ведаў пра нашы адносіны з Данутай. Цяпер ён адразу здагадаецца, чаго некалі я цягнуў яго да шынка «Баторыя»...
— Рэвальвер з табой? — сустрэў мяне пытаннем Яцковіч, які і тут кіраваў усёй справай.
Я расказаў пра Данусю.
— Знайшоў час на амуры!.. А ручаешся за яе?
— Вядома...— разгубіўся я да рэшты.
I тут я ўлавіў дакорлівы позірк Вольгі. Яна стаяла збоку і прыслу-хоўвалася. Мяне разабрала злосць. А ў чым я вінаваты? Сама апавядала мне турэмную гісторыю!..
Спалоханая Дануся спаткала мяне пытаннем:
— О-ей, Янку, я за цябе так баюся! За такія штучкі не трапіш у турму?
Трывожна-насцярожаны настрой студэнтаў перадаўся ўжо і мне, пытанне паненкі раззлавала да рэшты. Я схапіў Данусю за руку, пацягнуў:
— Хадзем!
О зменлівы жыццёвы шлях чалавека! Ці мог я спадзявацца паўгода назад, што тая самая генеральская дачка, з-за якой я аблі-ваўся потам на рынгу і дзёўб каменні ў музеі, стане для мяне цяжарам?!
— Ну, баксёр, не забывай, мы — у тваіх руках! — аб'явіў Яцкевіч, калі я падышоў зноў.— На твае кулакі і на тваю гармату ўся наша надзея!
Я нічога не адказаў: мой настрой сапсаваўся. Баючыся спаткац-ца вачыма з Суткусам, я пабег наперад, подла пакінуўшы Данусю. На шчасце, яе адразу падхапіла Вольга.
9
З парку мы накіраваліся ўверх па галоўнай магістралі — вуліцы Міцкевіча. Некалькі чалавек з Суткусам на чале падаліся ў бок Віліі, дзе жылі сем'і афіцэраў. Я пасмялеў ды пачаў шукаць вачыма Данусю. Паненка з Вольгай, абняўшыся, крочылі дружна і пра нешта гутарылі. «Аб чым яны гавораць?» — зацікавіла мяне.
Памалу група меншала. Парэшце засталіся толькі паненкі, за імі я і Яцкевіч. Мы трымалі пад пахамі пакецікі. Была гадзіна ночы. На залітай яркім святлом вуліцы — ні душы.
— Тут,—шапнуў студэнт, пераводзячы дых, калі мы дайшлі да сквера, і сыкнуў на дзяўчат, каб спыніліся.— Высыпай ты свае, каб рукі былі свабодныя, а на Лукішскім пляцы я выкіну свае!
— Ты ачмурэў? — абурыўся я, адгадаўшы задуму студэнта.
Такія «гороі» і ў нашай вёсцы выкідвалі лістоўкі проста на вуліцу і лічылі, што заданне выканана. А раніцай лістоўкі ўбачыць які-небудзь здраднік, заявіць у паліцыю, і яны, нікім не прачытаныя, павандруюць у печ. А тут іх знойдуць яшчэ хутчэй, бо кожную хвіліну снуюць паліцыянты.
— Глядзі за вуліцай! — загадаў цяпер я і накіраваўся ў пад'езд з цясанага граніту.
Сюды я насіў малако.
У гэтым раёне жыло адно панства. Са здавальненнем пачаў я запіхваць лістоўкі ў паштовыя скрынкі, пад дзверы, у выстаўленыя для булачнікаў кошыкі, вешаў на цвікі...
— Гэтак мы будзем да самай раніцы тут калупацца...— цяжка дыхаючы, нездаволена сустрэў мяне Яцкевіч: яму было сорамна перад паненкамі.
— Ну і будзем, калі трэба, а ты думаў — ляп-цяп? — абрэзаў я студэнціка.
Толькі цяпер кінуліся ў вочы яго запалыя шчокі, якія бываюць звычайна ў мужчын каля трыццаці год, ды пад студэнцкай кепкай — адтапыраныя вялізныя вушы. I ростам ён нібы паменшаў: што за мужчына, мне па плячо?!. У такога яшчэ шукаў падтрымкі... Шляхцюк гарадскі, прайшоўся пару кіламетраў і ўжо задыхаўся.