Выбрать главу

Студэнт узяў дзяўчыну пад руку, мне трэба было браць пад другую, але я не мог адважыцца. Утраіх падаліся мы да парку.

Патруль увесь час ішоў на дыстанцыі, не рызыкуючы нас затрымаць і праверыць. Калі мы не тыя, трэба прасіць прабачэння. Паліцыянты трапіліся, відаць, з гонарам. Прызнацца, што яны памыліліся?.. Яны сачылі за намі зводдаль. Убачыўшы, як мы падчапілі жанчыну, паліцыянты вырашылі, што мы звычайныя распуснікі, і адразу адсталі.

Не такі ўжо і дурань Яцкевіч.

— Ну, стакротачка, дзякуй табе, дарагая, за ўсё і шчыра жадаем поспеху — багатых кліентаў, а нам твой тавар не патрэбны! — аб'явіў пасмялелы студэнт жанчыне ў парку.

— А-а, та вы та-ак? Хамы, свінні!.. У паліцыю заяўлю на вас!..

Пакінуўшы яе адну, раззлаваную, мы з усіх ног пабеглі.

— Ты не ведаеш, кожнаму шпіку даюць рэвальвер? — спытаўся я ў сябра, калі мы апынуліся на гары Гедыміна. Пытанне не вылазіла з галавы.

— Кожнаму.

— Дык чаму Станеўскі купіў сам наган?

— Ён толькі практыкант у іх.— Яцкевіч добра разбіраўся ў гэтых справах і віленскіх сышчыкаў пазнаваў нават на вуліцы.

Генрых не можа дачакацца і купіў зброю за свае грошы. Ведаў жа я, каму прадаць! Устаў бы з магілы Сцяпан, што б ён мне сказаў?!.

10

Па дарозе дадому я хваляваўся за Данусю: была ўжо трэцяя гадзіна ночы. Паненка і не ведала, што ўратавала нас: патруль затрымаўся толькі з-за яе.

Я знайшоў Данусю ў альтанцы садка. Дадому яе правяла студэнтка.

— Янэчку, мілы, ты жывы?.. Я за цябе так баялася! — кінулася дзяўчына мне на грудзі,— Вярнулася і прачакала тут да світання! Чамусьці здалося, што цябе больш ніколі не пабачу! Зрабілася страшна-страшна... Я ўжо і малілася: «Езу, коханы, вярні мне яго хоць бы жывым!..»

Удзячны і ўзрадаваны, я прыпаў да яе вуснаў.

Калісьці Дануся пацалавала мяне праз сетку: нясмела і лёгка, нібы ластаўка на ляту кранула грудзьмі паверхню вады. Цяпер яе падатлівыя вусны затуманілі маю галаву. Цалуючы дзяўчыну, я адчуваў, як яна ўся горнецца да мяне, а па шчоках яе цякуць слёзы. Няўжо я змагу яшчэ калі яе пакрыўдзіць?

— Ты так за мяне хвалявалася?

— Ах... Ах...— давілася яна шчаслівым плачам і раз-пораз уздыхала.

— Я адразу ж і паляцеў сюды, як толькі вырваўся!

— Колькі з-за цябе перацярпела, перадрыжала! — скардзілася яна ціха ў мяне на грудзях.

— А я цэлы і здаровы, бачыш? Станеўскі якраз бы налез на мяне, каб не вы з Вольгай, і сядзець бы мне цяпер у халоднай!

— А ты яшчэ і браць мяне не хацеў!

— Быў грэх, каюся!.. Ну і хітры Яцкевіч!.. Падчапіў гэтую жанчыну!..

— Паліцыянт убачыў вас з ёю і кажа сябрам: «Мы, здаецца, памыліліся!..» I адразу перасталі вамі цікавіцца!.. Прызнайся, аднак, гэтая жанчына табе не была знаёмая?..

— Адкуль?!.

— А чаму ў цябе вочы сарамлівыя?!. Ты такі адважны, я цябе за гэта так кахаю...

Узышло сонца.

У Данусі твар быў бледны. Выпадак з лістоўкамі забраў у яе многа сілы. Напружанне цяпер у паненкі змянілася вяласцю і бяссіллем.

— Ну, на сёння хопіць. Ідзі адпачывай! — зжаліўся я.— Пайду на работу!

— Але ж я спаць не хачу! Праўда, праўда, не хачу! Вазьмі мяне з сабой разносіць малако! Раніцай мяне ніхто не пазнае, нашыя спяць, а з цёткай Антосяй я дагаваруся...

— Яшчэ што: дачка генерала разносіць малако. Усе газеты напішуць пра гэта!

— Вазьмі-і!

— Пабачым!.. Ах як я прашляпіў Станеўскага!.. I не падумаў — адкуль у яго капелюшы, касцюмы... Я лічыў, Генрых — няшкодны, падхалім...

— Ён цябе не выдасць. Беларус таксама!

— З тых, што прыйшлі б сёння туркі, ён ужо служыў бы ім!

— Дык бярэш мяне з сабой!

— Выдумала! Слухай, што табе гавораць старэйшыя! Праваліш з-за мяне экзамены!

— Не правалю, любы! — Твар і вочы яе запрамянелі ласкай.— Адно скажы, што мяне кахаеш!.. О-ей, які ты ў мяне цудоўны!.. Спачатку ты мяне проста зацікавіў. Цяпер — жыць без цябе не змагла б!.. Кажы!

— Ну!

— Не «ну», а «ка-хаю»!

Я саромеўся гэтага слова, яно аніяк не праходзіла скрозь горла.

— Сама сказала за мяне.

— Ай! Хачу пачуць ад цябе! Кажы, хутчэй, чакаю!

— Ну, на табе. Кахаю...

— О! «Ка-хаю»! —перадражніла паненка.— Не так, а з пачуццём!

— Ведаю цябе, гэтаму і канца не будзе! Марш спаць!

— Ш-ш-ш! — закрыла яна мне вусны.

На панадворку з'явілася Антося з талеркай аб'едкаў. Служанка наблізілася да сеткі, за якой лазілі куры маёй прачкі, і паклікала:

— Ціп-ціп-ціп!..

З усіх канцоў панадворка кінуліся куры.

— Бяжыце прэндзэй, куркі, прэндзэй!.. Згаладаліся? Наце, даражэнькія, паснедайце!..— Антося пачала крышыць булку і кідаць праз сетку.