Выбрать главу

Абодва бакі яшчэ мелі аргументы, але раздуваць спрэчку пры жанчынах было няёмка. I ўсе прыціхлі.

— Панове, давайце гаварыць пра што-небудзь іншае! — папрасіла Дануся.

Весці свецкую гутарку было ўжо немагчыма. Заставалася адно — разысціся. Але нас сюды запрасілі. Сабрацца проста і пайсці — не выпадала. Я нерашуча азірнуўся.

Як і раней, драмаў кот, а Гектар клацаў зубамі на мух. Гэтак-сама пякло сонца. Толькі мы пе былі тыя самыя. Хлопцаў аж разрывала ад узбуджэння.

Надзьмутая, як сава, генеральша паспешліва гартала кніжку і ніяк не магла знайсці патрэбную старонку. Дануся роспачліва зыркала на мяне, шукала ратунку. Гэтыя пытанні з ёю мы ўжо даўно абгаварылі. Было яе шкада. Трэба было падаць прыклад і пачаць развітвацца. Ды ўкраінец справакаваў новы выбух.

— Пагутарылі, называецца. А ўсё з-за гэтага яўрэя,— штурхануў ён Яцкевіча.— Зацягнуў нас сюды...

— То пан яўрэй? — здзівілася зноў Дануся.

— Жыд! — гледзячы ёй у вочы, заявіў Яцкевіч.

— ?!

— I вось стаю побач, не кідаюся на вас. Нават адзін вечар выконваў з вамі небяспечную работу на вуліцы Міцкевіча. Памятае паненка?

Генеральша насцярожылася.

— Але ж я не раблю ніякай розніцы паміж нацыямі!..

— Толькі пан Браніслаў і пані Вацлава?

— Уся польская эканоміка — у іхніх руках. Мы павінны змагац-ца з яўрэямі насмерць! — кінуў князь.— Інакш яны нас задушаць ва ўласнай краіне!

— Пан католік? — спытаўся Яцкевіч.

— Католік.

— I верыць пан у бога? Ваша рэлігія вучыць вас цкаваць адных на другіх?

— Дэмагогія!

Генеральша адвярнулася зноў:

— Жыды замучылі на Галгофе Хрыста!

— Іуда быў яўрэй! — выйшаў з сябе князь.

— Прабачце, а хіба сам Езус Хрыстус не быў жыдам? — спакойна заўважыў Яцкевіч.

— Не па методзе Іуды заманілі вашыя хлапца ў пастку і павесілі? — напаў на генеральшу ўжо я.— Вы ж столькі гадоў былі ў няволі, вас ссылалі, вешалі, чаму ж вешаеце і трымаеце ў няволі вы? Няўжо нічому вас не навучыла гісторыя?

— Счапі-іліся! — з хваляваннем працягнуў князь, які ўжо шукаў прымірэння.— Эх, хлопцы капітальныя — я вам скажу! Шкада, не карпаранты!.. Дарагія, вы не на правільным шляху, пся крэў!.. Ну, даб'ецеся, што адзін горад будзе лічыцца ўжо вашым, а ці пастанеце шчаслівымі?!. Ці будуць шчаслівыя людзі, якім вы гэтага дабі-ваецеся?.. Адумайцеся!.. Вы — нявольнікі ўмоўнасцей і сваіх сектанц-кіх ідэй, якія самі сабе стварылі вы — баптысты, суботнікі!.. Даб'ецеся свайго — і зноў будзе столькі ж нездаволеных!.. Глупства ўсё гэта!.. У майго старога было семнаццаць жонак, сярод іх — сусветныя артысткі!.. Ён мог запрэгчы летам чацвёрку коней у сані і ехаць па дарозе, высыпанай соллю!.. I я шчаслівы, бо магу рабіць што хачу!.. Пся крэў, я ўехаў на кані ў банкетную залу, вы ўехалі б?!.

Нейкая сіла кінула мною на яго з кулакамі:

— Чыім гарбом ты шчаслівы, ты?!. Якой цаной твой бацька быў шчаслівы?!

— Я не згодзен весці гэтак дыспут! — адступіў ён, перапалоханы.

— А я пляваць хацеў на тое, з чым ты згодзен, з чым не!

— Пані Вацлава, я пратэстую! Мая нявеста тут цэлы Камінтэрн сабрала, не хапае толькі негра і кітайца!

— Данка, пана Браніслава абражаюць!..

— Янку! — з папрокам накінулася на мяне Дануся.

Але я яе не паслухаў:

— Ты ўехаў на баль дзеля паненкі?!. А я адбяру ў цябе тваю ня-весту, і што ты зробіш?! А ты — што, зноў будзеш вучыць мяне праві-лам добрага тону і добрых паводзін?!.— прыстаў я ўжо да Данусі.

Больш ужо ніхто і не думаў пра ветлівасць.

— Пагуто-орылі, называецца! — кінуў Шыманскі, калі мы пакідалі панадворак генерала нібы поле бою.

З

Набліжаўся канец навучальнага года. У мяне на курсах ніякіх экзаменаў у гэтым годзе пе было. З кожным днём я меў усё больш вольнага часу.

Аднаго разу на гары я назбіраў розных чарапкоў і разглядаў іх. Абудзіў ва мне гэтую схільнасць Луцэвіч з музея. Цяпер куды б я ні ішоў, заўсёды ўважліва глядзеў сабе пад ногі і ў кожным кавалачку крэменю бачыў наканечнік стралы, скрэбла, а ў чарапку — рэшткі пасуды продкаў.

Дануся не здала толькі антычную літаратуру і якраз зубрыла Юлія Цэзара. Але вучоба ў той дзень штосьці не лезла ёй у галаву. Гартаючы старонкі, яна нясмела праказала:

— Янку, мамуся ўчора паехала ў Познань да таты...

— Ну?

— На чатыры дні...

— А што мне за бяда?

Увесь час я прыкідваўся, што мне няма ніякай справы ні да яе бацькі, ні да мачахі. I сапраўды, яны мяне не цікавілі. Цяпер жа я вы-пусціў з рук чарапкі. Калісьці Дануся казала, што на лета збіраецца з маці за граніцу. Праходзілі апошнія нашыя дні, мяне кранула трывога.