Выбрать главу

— Прашу, праходзьце, ён не ўкусіць!

— Калі ласка, айцец Валенты! — ветліва прапускаў Браніслаў госця ў чорнай сутане, нібы быў тут гаспадаром.

Дануся, упэўніўшыся, што я на яе гляджу, адпусціла сабаку, пабегла да Брэніслава і, як мне здалося, радасна праказала:

— Дзень добры, пане Бронэк!

Я вярнуўся на кватэру.

— Вось і ўсё!— вымавіў я, цяжка ўздыхаючы. Азірнуўся навокал і ўпершышо ўбачыў, што мутна-зялёныя абоі на сценах з нейкімі тлустымі плямамі. Бр-р-р, якія агідныя!.. I як я тут жыў амаль цэлы год! Паўслухаўся. На кухні абедалі. Дзяўчынка карміла брата і павучала:

— Чаму ты бульбу не абіраеш? З лушпайкамі толькі некалі дзікуны елі!

— Ы-ы-ых!— са здзіўленнем уцягнуў у сябе паветра малы, робячы для сябе адкрыццё.— Тады хлеб людзі будуць есці калісь без скарынкі, так?!.

— Не выдумвай, дурань!..

Малы з захапленнем ужо казаў:

— А малако хало-однае, хало-однае, ну, проста нібы з-пад каровы! На, ты адно паспрабуй, Валя!

— Ну і няхай, а ты еш!

Тут нешта стукнула, палілося, і дзяўчынка закрычала зноў:

— О, разліў ужо! Выліжы, а то маме скажу!

— Выліжу, Валечка! — вінавата і пакорна паабяцаў хлопчык.

Пачулася сапенне, потым стараннае сёрбанне. Праз хвіліну сястра накінулася на брата зноў:

— Ты што бульбу раскідаеш?

— Яна не ўпала, Валечка. Я затрымаў яе нагамі. Во, глядзі, калі не верыш...

Бедныя, нават не ведаюць, што малако з-пад каровы якраз цёплае, а старую жанчыну прызвычаіліся называць мамай!..

Калі, бывала, яны садзіліся сям'ёй абедаць, прачка ніколі не бра-ла ў рот цэлага кавалка хлеба. Ела толькі недаедкі. Распускала тлушч на страву, вылівала яго да кроплі дзецям у талеркі, а сабе налівала супу ў пустую патэльню — ёй даставаўся толькі пах ад тлушчу!..

Я ўстаў, пайшоў на кухню і аддаў дзецям каробку з шакаладам.

Назаўтра цётка Антося прынесла мне пісьмо.

— Бярыце...

— Не вазьму!

— А то чаму? — спалохалася жанчына.— Вы ж не можаце жыць адно без аднаго!

— Хто гэта вы?

Антося глядзела на мяне з жахам.

— Яначка, чаго ж ты так?

— Было, ды сплыло!

— Чаму?

— Індык свінні не таварыш!.. Адным словам, нясеце, цётко, назад!

Праз хвіліну я ўжо адумаўся: Дануся ні ў чым не вінавата. Гэта я ў апонші час стаў нястрыманым эгаістам. Але самалюбства не дазволіла паклікаць цётку назад.

Ролю абражанага цяпер трэба было іграць да канца.

Заставаўся яшчэ генеральскі кольт. Чамусьці да яго я не мог прызвычаіцца, як да падзёўбанага ржой Сцяпанавага нагана. Я за-гарнуў яго ў паперу і выйшаў на двор. Дзесьці ў душы таілася надзея, што рэвальвер — апошняя магчымасць пагаварыць і памірыцца з Данусяй. Але генералаў панадворак быў пусты.

Ля Залкіндавага дома старая ганялася за дзяўчынкай і прыму-шала ўнучку скінуць школьную форму. Калі Бэта засталася адна, я паклікаў яе да сеткі.

— Аднясі Янкоўскай Дануце! Зараз жа!

— А што тут?

— Не твая справа!

Папера разгарнулася, і ў вялікіх вішнёвых вачах дзяўчынкі з'явіўся жах.

— Нясі! — загадаў я.

— А ён не выстраліць?..

— Не бойся!

9

Надышоў дзень майго ад'езду.

Я доўга хадзіў па горадзе сам не свой і ўжо шкадаваў, што з-за празмернай крыўдлівасці і нейкай упартасці паспрачаўся з такім блізкім мне і дарагім чалавекам у Вільні. Навошта, хамут, ж пакрыўдзіў? Недзе, бедная, месца сабе не знаходзіць!..

Я выйшаў з дому з падзеяй на шчаслівы выпадак.

Прайшоўся ля Данусінага дома. Як на тое на панадворку — ні душы. Толькі ў зацененых дзікім вінаградам вокнах лёгка варушыліся гардзіны ды ля брамкі сядзеў пушысты кот. Убачыўшы мяне, ён раптам устрапянуўся і так хутка скочыў у кусты, нібы ў паветры хто правёў белую рысачку. Ва мне абудзіліся ўчарашнія крыўды.

«Няма чаго шкадаваць і мучыць сябе, трэба раз і назаўсёды адрэзаць і выкінуць усё з галавы ды збірацца дадому!»

Я рашуча накіраваўся ў краму. За апошнія грошы купіў падарунак маці — дошку для мыцця бялізны з гафрыраванай бляхі ў драўлянай рамцы.

Вяртаючыся з пакупкай дадому, я спаткаў Данусю з Любецкім. Калі ўбачыў яе з князем, ахвота закрануць паненку адпала адразу. Дануся зусім не нагадвала чалавека, які перажывае. Яна ўся аж квітнела, а я, дурань, бедаваў, што памірае з-за мяне...

Вось табе і на!

Зрабілася няёмка за сваю вопратку і за дошку пад пахай...- Мільганула зноў перад вачыма крапіва пад плотам, сярод панадворка — разбітая калодка з сякерай, заткнёнае анучай акенца хлеўчука... Ва мне ўжо загаварыла гордасць. Мінаючы пару, я нават не глянуў на Данусю. Мы параўняліся, і паненка голасна і паспешліва загаварыла, засмяялася.