Смейся, ліха цябе бяры, калі так табе весела!..
На вузенькай вулачцы я яшчэ раз сустрэў гэтую пару — нечакана апынуўся ў іх ззаду. У Браніслава з-пад маленькай кепкі звісаў лісіны хвост — адзнака, што Любецкі правінаваціўся ў нечым. Мо вызваўся выпіць літр гарэлкі, ды ад другой шклянкі зваліўся пад стол, а мо збрахаў не дастаткова гладка!.. Я падкраўся да пары і пачаў прыслухоўвацца.
— Ой, і забіяка я быў у школе, панно Дануто! — хваліўся князь.— Пабачыла б мяне тады паненка! Нядаўна я наведаў прафесарку, пані Перагут...
— З гімназіі Элізы Ажэшковай? Яшчэ майго тату гэтая пані вучыла!
— О, цікава!.. Яна была ласкавая паказаць свае запіскі з таго часу. На кожнага з нас у спецыяльным сшытку пані Перагут заводзіла па старонцы. Пра мяне там напісана так: «I клас гімназіі. Кінуў яблык у прахожага і разбіў яму акуляры. IV клас гімназіі. Сеў у фаэтон, праехаў і не заплаціў фурману. VIII клас. Учора на Гандлёвай вуліцы спаткала Любецкага з маноклем у воку і ён са мной не павітаўся...» Эвалюцыя, не? Ха-ха-ха-ха!
Дануся таксама рассмяялася, але няшчыра, нервова. Я зразумеў яшчэ раней, што дзяўчына адчувае на сабе мой позірк. Інтымная размова з князем — дэманстрацыя.
Ліха вас бяры, радуйцеся сабой! — сказаў я сам сабе і ад іх адстаў.
Каб скараціць сабе час да раніцы, калі ішоў мой поезд, я крыху пахадзіў па горадзе. Засмечаныя тратуары без зялёных прысадаў наводзілі сум. Лета. На вёсцы зараз мужчыны не маюць часу лоб выцерці, жанчыны — накарміць дзіця. А тут усе млеюць ад ляноты. Эх, паперці бы іх на касьбу або на торф... Зрэшты, і я колькі часу блытаюся як гультай!..
Горад ужо так прыеўся, што я нават у твар пазнаваў некаторых гараджан. Я сябе ўгаварыў, што тут усё мне абрыдла, хочацца вельмі на чыстае паветра, да сваіх людзей, да працы, каб не адчуваць ні рук, ні ног. Аднак усё гэта было ва мне павярхоўнае.
10
Набліжаючыся да дома, убачыў я ля варот Янкоўскіх машыну з ад'ютантам і адразу пра ўсё забыў. «Значыць, вярнуўся яе бацька?!» — з жахам падумаў я, перамахнуў металічную сетку, забраўся ў бэз ды стаіўся пад акном.
— ...Дзе Данка, чаму ты не цікавішся дачкой, чаму ты такі раў-надушны да дзіцяці?— чуваць было выразна, як гаворыць генеральша.
— Дарагая, пакінь яе ў спакоі, за ёю паглядзіць Антося! — супакойваў яе муж.— Раніцой вернемся, і ўсё будзе ў парадку!
Я ўвесь пераўтварыўся ў слых,
— Пані Вацлава, гэта было ў бялізне! — пачуўся ўжо голас маладой служанкі.— Афішка!
— Учора ў паштовай скрынцы ляжалі!..
— Ну і што?
— Хуліганы! — выбухнула генеральша.— Страляць іх трэба! Божа, калі ў Польшчы забароняць гэтую свабоду?!.
— Нічога, нічога, Ваця, тут пішуць пра Гітлера!.. I маюць рацыю!
— То няхай сабе пішуць!
— Ён падцягвае войскі к «калідору» з танкамі, а мы супроць іх трымаем там кавалерыю з пікамі, усё тут напісана правільна!.. Замест таго каб прадухіліць катастрофу, чым мы занімаемся? Раутамі!..
— Не задзірайся з імі, чуеш? Гэта к дабру не прывядзе! Хоча Гітлер нашае Балтыйскае ўзбярэжжа і няхай бярэ! Якую карысць ад Балтыкі мае польскі народ?
— Вя-лі-ікую!..
— Больш двух тыдняў на ёй не выседзіш, такая халадзіна! Забярыце лепш у бальшавікоў доступ к Чорнаму мору, там цяпло, кіпарысы, дыні!..
— Ха-ха-ха!
— Езус Хрыстус, гэтыя хваляванні разрываюць мне сэрца на кавалкі, яшчэ і палітыкай занімайся!..
— Дарагая, мы на грані вайны!
— Ну і што? Генералаў пад кулі хіба пасылаюць? I мяне не палохай, я перажыла ўжо адну вайну! Увойдуць у моду зноў высокія боты са шнуравадламі ды — во такія! — вайсковыя шапачкі! Яны мне да твару, а ног сваіх не маю чаго саромецца, хай перажывае жонка ваяводы — яны ў яе як у сланіхі!.. Бачыце, я памаладзела, бо прымаю масажыстку, а без яе бытта я — старая!.. Паручнік Казакевіч кіне — пабяжыш яшчэ і ты да масажысткі!..
Чуваць было, як у пакой эпергічна ўваходзіць ад'ютант і гаворыць:
— Пане гэнэрале, машына падана!
— Дзякуй, Куба, зараз мы з'явімся!
— Слухам!..
Зноў азвалася гонеральша:
— Антося, вернецца дзіця, накармі!
— Добра, ласкавая пані!
— Эрмітэй няхай адпрасуе ўсё, што ў Швейцарыю бярэм!
— Адпрасуе, ласкавая пані!
— Прасачы за ёй, Эрмітэй нічога не ўмее рабіць!
— Прасачу, ласкавая пані!
— Ды закрывай на ноч вокны, а дзверы — на засаўку!
— Закрыю, ласкавая пані!
— Гектара прывяжы на верандзе!..
— Прывяжу, ласкавая пані!