Ніякага эфекту. Я прадоўжыў:
Спыніўся і паслухаў. Нарэшце ў альтанцы мяне пачулі і змоўклі.
— Глядзіце, глядзіце туды, на прасвет! Вунь, на светлым фоне, на кроне дрэва — чалавек сядзіць! — пасля маўчання закрычаў незнаёмы голас.
У альтанцы зашморгалі хмелем, відаць, яго раздзіралі, каб лепш бачыць.
— О, і я бачу!
— А-га!..
— Дзе, дзе?
Некалькі хвілін у садку панавала цішыня. А калі здзіўленне прайшло, панства раптам пачало смяяцца. Смяяліся доўга, абразліва, як з дурня.
Нарэшце смех перакрыў Данусін голас:
— Нічога тут няма смешнага! От залезце вы, рыцары, аж туды!
У альтанцы загрукатала.
— О-ей, куды вы? Не разыходзьцеся, прашу! Пане Браніславе, не ідзіце, прашу!
— А каторая гадзіна?
— Ужо позні час!
— У-у, як засядзеліся!
— I мне пара!
— Прабачце!
— Дзякуем за прыемную кампанію!
— Пара і нам!..
Адчуваючы злараднае здавальненне, што сапсаваў панству вечар, зноў пачаў я гойдацца і спяваць:
Сме-ла, та-ава-ры-шы, ў но-огу!..
Спяваў датуль, пакуль не зразумеў, што ў садзе — ні душы. I мне зрабілася так сорамна раптам, як бывае толькі ў сне, калі прысніцца, што ідзеш па вуліцы без нагавіц і на цябе ўзіраецца народ.
Я хутчэй злез на зямлю.
Ад'язджаючы з Вільні яшчэ ў тую ж ноч, я адчуў, як нешта назаўсёды тут пакідаю. Тады я яшчэ не ведаў, што ў гэты дзень скончылася маё юнацтва.
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
1
Прыехаў я дахаты, а праз два месяцы пачаліся падзеі.
Першага верасня 19З9 года выбухнула вайна Германіі з Польшчай. Семнаццатага — у Заходнюю Беларусь увайшла Чырвоная Армія. I тут завярцелася. Парушылася вартасць грошай, паламаліся звычкі, погляды, паняцці; за адзін дзень іншы чалавек цяпер назіраў столькі, што дагэтуль не бачыў і за ўсё жыццё!
Доўга яшчэ я адчуваў сябе як пасажыр, які едзе поездам з хуткасцю сто кіламетраў у гадзіну: мільгалі вобразы, але не было магчымасці да іх прыгледзецца. Адчыніліся школы сярэднія і вышэйшыя, бясплатныя. Пачалося нябачанае будаўніцтва...
Вучыўся я ўжо ў другім горадзе. Але па-ранейшаму цягнула мяне да Данусі, хаця гордасць і не дазваляла паказацца ёй на вочы. Хацелася паглядзець на яе крадком — якая яна цяпер? Мо перажывае нястачу?..
У час летніх канікулаў 1940 года адправіўся я ў Вільню. Горад быў падобны на разварушаны мурашнік. Усё было там яшчэ не ўладжана, людзі ўзбуджаныя і жылі нібы на вакзале.
У генералавым доме незнаёмыя кватаранты сказалі, што цётка Антося перабралася ў сваю хату. Я падаўся да яе.
— Як паехала генеральша з дачкой да вайны, так і не вярнулася! Можа дзе загінулі там: Гітлер, кажуць, лютуе цяпер надта на свеце! — паведаміла мне яна і параіла схадзіць да Левандоўскага, які нядаўна вярнуўся з эміграцыі: — Левандоўскі павінен ведаць нешта пра іх! Я і сама збіраюся да яго, толькі агарод прапалю...
— А Левандоўскі вярнуўся?
— Залкінды мне гаварылі. Стары Залкінд хадзіў да яго распытваць. Усё яму тут не падабаецца. То ў сталовых чай падаюць без сподкаў, то за магазін прыдзіраюцца... Дастаў ужо нават загранічны пачпарт для сям'і. Але пагаварыў з Левандоўскім і абсеў. Той быццам сказаў, што і там не соладка. Учора спаткала яго ў кнігарні: рускія падручнікі шукаў для сваёй Бэты...
Калі год таму назад часці польскай арміі ўпарта супраціўляліся нямецкай навале, вышэйшыя чыноўнікі ўцяклі ў Румынію. Я падумаў, што туды мог уцячы і генерал. У такім выпадку ён за граніцай знайшоў сваю сям'ю, чаго тады Дануце вяртацца ў СССР. А я, дурань, яшчэ дапамагаць ёй ехаў...
Ад Антосі я падаўся да былога трэнера.
2
На кватэры ў Левандоўскага было многа народу. Усе прагнулі даведацца пра лёс родных і знаёмых, паслухаць нешта цікавае.
Для многіх палякаў — асколкаў былога ладу — Англія тады была дзяржавай, якая, на іхнюю думку, мелася выратаваць Польшчу. Кожная вестка адтуль прагна ўспрымалася гэтымі людзьмі.
Тады, калі збіралася некалькі чалавек, то абавязкова яны гаварылі на палітычныя тэмы і з-за гэтага маглі не есці, не спаць. А ў Левандоўскага адбывалася ўжо цэлая прэс-канферэнцыя. У яго кватэру набілася столькі людзей, што мяне нават ніхто і не заўважыў.
— ...Сто пяцьдзесят гадоў з нас здзекаваліся, нас стралялі, гнаілі ў турмах. За намі шпіёнілі, забаранялі размаўляць на роднай мове, — з набалелай горыччу скардзіўся былы трэнер.— Незалежнасць мы выпакутавалі, як вандроўнікі пасля доўгай спякотнай дарогі ваду ў пустыні. Атрымаўшы яе ў 1918 годзе, мы ап'янелі ад радасці, не разабралі, дзе нашы ворагі, дзе сябры. Расія? А, тая, дзе Сібір, дзе звінелі кандаламі пакаленні нашых продкаў!.. Кажуць, у ёй штосьці новае? Гэта яшчэ паглядзім, а пакуль што мы не зрабілі з імі разлікаў!.. У Саветаў ёсць добрыя танкі? Няпраўда! Дык вось фатаграфіі!.. Хлусы, гэта пацёмкінскія вёскі, яны з фанеры!.. I мы сталі заігрываць з далёкай Францыяй, Англіяй. «Магутная, непераможная!» — фанабэрыліся мы, хвалячы сваю армію. А дайшло да справы, і давялося кідаць кавалерыйскія эскадроны на нямецкія танкавыя калоны!..