Выбрать главу

Для маёй вёскі наступілі змрочныя дні нямецкай акупацыі.

Праз некалькі дзён ад матчыных харчоў у мяне з'явілася пругкасць у целе. Пад загоенымі ступнямі, як калісьці, зарыпелі дошкі падлогі. Прайшло атупенне.

Трэба было нешта рабіць.

Яшчэ перад вайной хлопцы раз'ехаліся па свеце, вёска апусцела. Старэйшыя людзі чакалі ад мяне якогасьці рашэння. А што ты можаш сказаць ім, калі ў цябе самога ў галаве ўсё ўверх дном. Якім жа наіўным і малазначным здалося цяпер тое, чым жыў я нядаўна: курсы, бокс, Дануся... Не хацелася нават выходзіць на двор, каб не сустракацца з суседзямі.

— Ах, Яначка, ах, сыночак, што ж цяпер будзе? — падвартавала мяне на вуліцы маці Сцяпана Рамановіча.

— Нічога, цётка Настуся. Толькі тут немцы прарваліся, а ў іншых месцах нашы ўжо да Берліна даходзяць! — праказаў я фальшыва-бадзёрым тонам легенду, якая тады бытавала.

Аднак доўга не мог забыцца папроку ў вачах старой... Чаму так здарылася? Няўжо давядзецца пачынаць усё спачатку, з гурткоў, як семдзесят год таму назад?.. Што рабіць у даным выпадку мне? Што на маім месцы рабіў бы Рамановіч? I ён бы тут разгубіўся.

А жыццё цякло.

У мястэчку стаяў гарнізон. З яго зачасцілі салдаты. Звярталіся да нашых жанчын — «матка», а да маладзіц — «паненка», атрымлівалі яйкі або масла, клалі сабе ў сумкі з зялёнага брызенту, усміхаліся, па-казваючы залатыя зубы... Не салдаты, а — дачнікі!

Выйдзеш у поле, дзе чыгунка,— на ўсход паўзуць і паўзуць цягнікі з авіябомбамі, танкамі і самалётамі!

Схаваешся ў лес. Вакол стаяць раўнадушныя сосны, елкі. У арэшніку самотна і тужліва цягне сваю бяду сінічка:

— Пі-іць! Пі-іць!

— Гур-р-р, гур-р-р! — буркуюць дзікія галубы. Усё як калісьці.

Толькі збярэшся з думкамі, пачынаюць раўці маторы самалётаў. Іхняе выццё падхоплівае стогалосае рэха. Над кронамі плывуць і плывуць шэрыя аграмадзіны транспартных «юнкерсаў» — спакойна, нізка, хоць лічы рубцы на гафрыраванай блясе абшыўкі з тонкімі лацінскімі літарамі, з ненавісным чорным крыжам.

Ляж на зямлю, прыкладзі да яе вуха, і ты пачуеш, як яна часта ўздрыгвае.

Ля вакзала ўсе платформы ўстаўлены савецкімі гарматамі са свежай зялёнай фарбай. Іх немцы дзелавіта ладуюць у вагоны, адпраўляюць на пераплаў.

Ля шашы аўтагенам рэжуць нашы танкі. Тоўстыя пліты сталёвай брані паддаюцца лёгка, як бручка, пакорна кладуцца ў кузавы крупаўскіх грузавікоў.

Каля мястэчка — агарожа з калючага дроту. За ёй — сотні палонных у шэрых шынялях: свае хлопцы — прыніжаныя, худыя,— адно скура ды косці!..

Родны лес палёгкі не дае — не можна загамаваць у чалавека думак і ўспамінаў. Усюды — немцы, упэўненыя, спакойныя, ад іх няма нідзе ратунку!

2

Раней, калі я прыязджаў дадому на канікулы, маці была проста шчаслівая, што мела магчымасць глядзець на мяне цэлымі днямі. Затое бацька чакаў, калі пачну апавядаць штосьці асаблівае. Цяпер жа маці праяўляла такую чуласць, якой я не памятаў з дзяцінства. Інакш паводзіў сябе і бацька:

— Чуеш, маці? Учора прыехаў з мястэчка Васілёў Васіль і кажа мне: «Бачыў твайго сына ў горадзе. Перад жандарамі шапкі не здыме і не паклоніцца ім, не-е! А так ідзе перад немцамі, што хоць шклянку вады стаў на галаву!..»

— Стары дурань, чым ты хвалішся?!. Ах, сынок, ці ж так можна? Асцерагайся, не лезь на ражон! — маліла маці.

— А ты хацела, каб ён перад імі вытанцоўваў? Недачаканне іхняе!

Маці не згаджалася. Яна несла то вішань, то свежага малака, то ягад. Ноччу падыходзіла да ложка і ўкрывала, нібы маленькага.

Я разумеў, чуллівасць у яе — ад блізкай небяспекі. Было сорамна, што нічога не магу зрабіць, а шыю быццам сціскаў абруч, не даваў дыхаць на поўныя грудзі.

Аднаго разу спаткала маці старую Станеўскую, тая пахвалілася:

— Нас пасцігла такое шчасце, такое шчасце, што не магу надзякавацца богу!

— Якое ж можа быць цяпер шчасце?

— То ж мой мужык, выяўляецца, з немцаў!

Маці здзівілася.

— Далібог! Яго дзед быў чыстакроўны германец. Мы цяпер фольксдойчы. Да нас пазаўчора прыязджаў сам амтскамісар са сваімі пісарамі, спісаў гэтую, як яе... геаграфію... Картачкі выдаў і аб'явіў, што цяпер мы не такія, як усе!

— Няўжо ж...

— Мы і вам дапаможам, бо нашы дзеці дружаць, разам вучыліся...

— Цяпер усё такое няпэўнае, што не ведаеш, на якім свеце і жывеш...— асцярожна ўставіла маці.

— То вы баіцеся? — падхапіла добразычліва Станеўская.— Вам жа няма чаго баяцца, у вас зямля, немцы такіх любяць! Пры паляках ваш хлопец займаўся крыху палітыкай — немцы даруюць, мы вам дапаможам...