Выбрать главу

Маці скончыла апавядаць пра гэтую размову і лісліва ўсміхнулася.

— Мам, пакіньце іх! — накрычаў я на яе.— Каб вы болей ні слова не гаварылі з гэтымі хрыстапрадаўцамі!

— Дык я нічога і не сказала! — пакрыўдзілася яна.— Нават мяне заела: а скананне табе, не дачакаешся, каб у цябе прасіла дапамогі! I пайшла. А болей ёй нічога... Гэта ты ў мяне зрабіўся якісьці, што ўсю-ды лоб падстаўляеш...

— Самі вучылі быць праўдзівым!

— То і будзь сабе. Цяпер трэба быць яшчэ і асцярожным. Каму карысць, калі за няма што зложыш галаву? Як тады мы з бацькам...

— Зноў пачалі сваё!

3

Аднойчы спаткаў я і самога Генрыха.

Ішоў я з мястэчка. Ля дарогі быў аэрадром. У першую ваенную раніцу немцы тут разбамбілі ўсе нашы самалёты. Цяпер фашысты збіраліся аднавіць аэрадром, ды баяліся, што ён замініраваны. I вось прыгналі палонных, загадалі ім прайсціся па ўзлётным полі, нібы для таго, каб сабраць паперкі, павырываць бадылі. Сотні згорбленых байцоў у шэрых шынялях брылі пад дуламі аўтаматаў па полі з пакарабачаным жалеззем і раз-пораз нагіналіся да зямлі.

Каля аэрадрома я і сустрэўся з ім.

Генрых ішоў у мястэчка — загарэлы, у адпрасаваным касцюме, каўнерык свежай кашулі вылажыў на пінжак і ў пальцах вярцеў разлапісты ліст клёну.

— А, калега Барташэвіч, сэрвус!

— Добры дзень...

Я спыніўся, паціснуў паданую руку і адчуў: ён аж кіпіць ад упэўненасці, здароўя і задавальнення жыццём.

— Ну, як праводзім лета?— быццам не было ў нас з ім апошняга спаткання ў Вільні, загаварыў ён з падкрэсленай ветлівасцю.

— ...?!

— А я вось адпачну крыху і паеду ў Вільню. Вы не збіраецеся?

Людзі абліваюцца крывёю, а ты канікулы сабе знайшоў?!

— Не...

— Калега быў у мястэчку?

— Быў...

— Яўрэяў там ужо аддзялілі ў гета?

Калі і аддзялілі, табе ад гэтага лягчэй?.. Яшчэ пару тыдняў таму назад ты нябось баяўся нават у родную вёску паказацца, а цяпер выпаўз, гад!

— Не ведаю...

Я гатоў быў узарвацца ад крыўды і злосці.

Чаму так пабудаваны свет, што не магу даць яму ў морду, адказваю на ідыёцкія пытанні і вось наском бота, як малы, гладжу пясок?!.

Чаму я такі бяссільны?!.

З роспаччу я ўзняў вочы і зноў убачыў ланцуг смяротнікаў на мінным полі. Якім трэба быць зламаным фізічна і маральна, каб гэтак вось пакорна ісці, нібы збіраць паперкі і бадылі, ведаючы, што фашысты цябе прыгналі, каб сваім целам паўзрываў міны?!. Не адзін я такі.

Стала нібы лягчэй. Але я ўжо спахапіўся: з кім раўняюся? Яны ўсе параненыя, пакалечаныя, згаладалыя, у няволі, я ж — на свабодзе!

— Ну і арганізатары немцы! — Генрых з захапленнем паказаў лістом на поле.— Хто б дадумаўся гэтак міны шукаць?!.

— Арганізатары, па-твойму?— узарвала мяне.— Мы з табой маглі б быць сярод іх, каб трапілі да вайны ў армію, як бы ты тады гаварыў?

Генрых пачаў лепятаць, што немцы бяздушныя, але не адымеш ад іх дзелавітасці і арганізатарскага спрыту. Я не ўслухаўся. Не развітаўшыся, пайшоў.

4

Памалу мяне падбівала да дзеяння. А тут яшчэ і падганялі.

Аднаго разу, калі я стараўся скласці абрыўкі газеты, у хату ўвайшоў бацька. Стары сеў за стол насупраць, крэкнуў, адвёў вочы ўбок, памаўчаў. У яго быў такі выраз твару, што па маім целе прабеглі мурашкі. Я чакаў, што будзе далей, і механічна перабіраў старонкі нямецкага слоўніка.

Бацька нарэшце з'едліва спытаўся:

— Чытаеш?

— Чытаю...— адказаў я вінавата і няўпэўнена, не ведаючы, куды ён вядзе.

— Та-ак, чытаеш! Абрыўкі?

— «Фолькішэр беобахтар» знайшоў ля чыгункі... Гэта ў іх цэнтральная газета, партыйны орган...

— Нямецкая! — Стары не хацеў і слухаць, з якой газеты паперкі.

— Ну і што калі нямецкая...— слаба бараніўся я.— Хоць нейкую вестку можна пачуць, а то сядзім тут як у мяшку, нічога не ведаем...

— Як гэта што? — аж падскочыў ён на лаве.— Там дзесьці іхніх абрыўкаў нашы не збіраюць, а лупяць фашыстаў пачым зра! — Аднекуль перанятае бацькам выражэнне «пачым зра» азначала ў яго вышэйшую ступень накалу.

Стары ўсхапіўся з лавы і, згорблены ад няшчасця, пайшоў. Каля дзвярэй яшчэ спыніўся, паглядзеў на мяне так, што захацелася залезці пад стол, тады махнуў безнадзейна рукой:

— Значыць, не дарос! Э-эх!.. А я яшчэ траціўся, начэй недасы-паў, у самую Вільню сына вучыць пасылаў!.. Вывучыў, нічога не скажаш!..— уздрыгануў яго голас— Дзякуй табе, сынок, узрадаваў, нямецкія абрыўкі падбіраеш!..

З сілай ляснулі дзверы.

Слоўнік вываліўся ў мяне з рук.

Нешта падобнае адбывалася і ў іншых хатах.

I ўжо да першай восені ў нашых лясах арганізаваліся партызанскія групы. У іх, вядома, апынуўся і я. Першая партызанская зіма была цяжкай, тады мне было не да Данусі.