Выбрать главу

Раптам з мураванкі перасталі страляць, відаць, скончыліся патроны. З бункера туды папаўзлі дзве жонкі паліцаяў. Яны валаклі торбы з дыскамі.

— Куды прэце, сцервы! — раззлавалася дзяўчына і, пакуль мы агледзеліся, папаўзла наперад.

— Зіна, пачакай! — закрычаў я.

Яна не паслухалася.

— От баба дурная! — вылаяўся Колька і падаўся за ёю.

Ад бункера іх прыкрывалі сцены мураванкі, а паліцаі ўсё не стралялі. Колька з Зінай паўзлі па адкрытым месцы. Каб падтрымаць іх хоць як-небудзь, я не даваў магчымасці падняць галавы жонкам паліцаяў, выпускаючы раз-пораз кароткія чэргі.

Перад домам Колька прыпадняўся і адвёў назад руку, каб шпурнуць гранату ў пустое акно, але з глыбіні будынка раптам секанула чарга. Я выразна ўбачыў, як адначасова з гэтай чаргой на шырокіх плячах партызана выскачыў радочак з кавалачкаў кажуха: апошнімі патронамі паліцаі прашылі Казака навылет. Хлапец мякка асунуўся на мокры чарназём паміж леташніх пнёў капусты.

— Коля! Казак! — ускрыкнула Зіна і пацягнула партызана за бот, але хлапец ужо не варушыўся.

Яна схапіла яго гранату, праверыла ўзрывальнік, кінула яе праз акно і стаілася за сцяной. Пасля выбуху адважна палезла на падаконнік.

Я паклікаў хлопцаў і таксама пабег да будынка. Там была добрая пазіцыя: моцныя сцены, а з даху можна было заглянуць за вал.

Калі мы забеглі ў будынак, Зіна праз задняе акно ўжо пастраляла паліцыянтавых жонак.

4

Аднак цешыцца «мясцовай перамогай» давялося нядоўга.

Партызаны, якія меліся перад атакай перарэзаць тэлефонную лінію з Крупак, не выканалі ў час задання. I гарнізон паведаміў суседзям пра небяспеку.

— Калона бронемашын! — у самы разгар бою далажылі нашы разведчыкі, і камандзір выпусціў зялёную ракету — сігнал да агульнага адступлення.

Трэба было хутчэй дабрацца да лесу, пакуль браневікі не адрэзалі нам дарогу. Мы зняліся з пазіцыі і пабеглі, хаваючыся за ўзгоркамі.

Але і гарнізон не драмаў. Пад прыкрыццём станкавых кулямётаў і дробнакалібернай гарматкі высыпалі з бункера немцы з паліцаямі. Браневікі пачалі разварочвацца на гасцінцы і заходзіць нам напе-рарэз.

I, як заўсёды ў такіх выпадках, бяда не прыходзіць адна.

У нас быў з сабой мінамёт з чатырма мінамі. Тры мы выпусцілі па гаршзоне ў час наступлення, чацвёртай нямецкая разрыўная куля трапіла ў стабілізатар.

Камандаваў намі капітан Фамін. У нашых лясах ён быў з першых дзён вайны: трапіў у акружэнне са сваім эскадронам. Гэты велізарнага росту адважны сібірак гаварыў нізкім густым басам такой сілы, што мы часта смяяліся:

— З яго голасам толькі на плошчы стаяць замест радыёрупара!

Убачыўшы, як фашысты высыпалі з бункера, Фамін грымнуў:

— Сто-ой, хлопцы! Я адгэтуль секану па іх з кулямёта, а вы ў самую гушчу кіньце апошнюю!

— Яна ж з пасечаным стабілізатарам, таварыш камандзір, - узмаліліся мінаметчыкі.

— Даляціць, кідай!

Перакруціўшыся некалькі разоў у паветры, міна шлёпнулася якраз ля Фаміна і яго ад'ютанта і разарвала абодвух на кавалкі.

Вестка аб смерці камандзіра дайшла да нас у той час, калі мы ўбачылі браневікі. Узнялася паніка.

Партызаны пабеглі ўжо не азіраючыся. Уцякалі бяздумна, як цячэ вада з вышыні, і спыніць іх было ўжо немагчыма. Дарэмна камандзіры стараліся навесці парадак у сваіх узводах. Дарма і я крычаў на сваіх.

Толькі калі дабеглі да збавеннага алешніку на балоце, я здолеў авалодаць сваім узводам і загадаў хлопцам заняць кругавую абарону.

Задыханы і ўзбуджаны, я доўга не мог скеміць, каго ж такі ў мяне не хапае, чаму шаснаццаць чалавек, а не васемнаццаць?!. Нарэшце дайшоў да ладу. Не было Казака і Зіны.

5

Калі дзяўчына адстала, мы і не заўважылі. Немцы загналі яе ў балота, а яно месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся з галавой.

— Вось яна, красу-уня! — зларадна закрычаў паліцай.

— Не страляць, бяры жывой! — пераможна загадаў камендант і, нагінаючы пад ногі сабе кусты і сухое трысцё, першы палез у дрыгву.

I паліцаі, і камендант былі мясцовыя людзі. Для мяне заўсёды была вялікай загадкай псіхалогія здрадніка. Ліха яго ведае, як можа чалавек дайсці да такой нізасці, каб вось так старанна і з упаеннем праследаваць сваіх, выслужвацца перад тым, хто не ставіў яго ні ў грош.

— Заходзь ёй з тылу!— узбуджана, з азартам крычаў другі паліцай.

Замест кажуха з плеч у Зіны звісалі рваныя шматкі — так яго пасекла кулямі і асколкамі. З усіх бакоў трашчалі кусты. Чвакала балота, цяжка дыхалі ворагі. Заставаўся апошні патрон, што рабіць?