Дзяўчына паставіла на купіну вінтоўку, прыклалася віском да канца ствала і наском паспрабавала наступіць на спускавы кручок. У гэтую хвіліну яна, канешне, не думала аб геройстве, яна ведала — зло-вяць жывой, будзе горш.
— Хутчэй, а то застрэліцца партызанская шкура! — падганяў паліцаяў камендант.
— А от і не возьмеш! Паспрабуйце, бобікі чортавыя, паслужнікі Гітлеравы! — упарта цвярдзіла Зіна, паспешліва шукаючы нагой спускавы кручок.
Узрушаная, яна трапіла нагой на скабу. Прыклад залез аж па магазінную каробку ў твань, і вінтоўка не стрэліла.
Зіна вырвала прыклад і пашукала больш цвёрдае месца.
Якраз у гэты момант падаспеў я. Дыскі мае былі пустыя. Спыняючы на полі партызан, я да таго ахрып, што зусім страціў голас. Але маё з'яўленне было для паліцаяў вялікай нечаканасцю. Яны на хвіліну разгубіліся, гэта і вырашыла справу.
З маіх грудзей вырвалася дзікае рычанне. Я з усяе сілы замах-нуўся на крайняга паліцая і са здавальненнем адчуў, як пад маім дыскам хруснуў яго чэрап. Больш замахвацца не было часу. I тут ва мне прачнуўся баксёр. Наступнага я збіў магутным хукам з левай у сківіцу, трэцяга здзяліў пад грудзі, і яны абодва папаўзлі ў гушчар. Я нагнуўся, каб забраць у забітага вінтоўку і наган.
Зіна ўпала на купіну і заплакала.
— Ты што, ачумела, нашла месца? — накрычаў я.— А ну, уставай і марш да сваіх хлопцаў!
— I нікуды я не пайду-у,— выбухнула яна горкімі слязьмі.— Ідзі сабе, а я тут застану-уся... Я не магу, не хачу ўставаць...— Плечы яе ўздрыгвалі ад спазмаў.
Прыйшлося ўзваліць яе, расслабленую, сабе на плечы і валачы.
Памалу яна супакоілася. А потым я адчуў, што Зіна ўздрыгвае ад стрыманага смеху:
— Ты чаго?
— Ну і паўзлі яны па дрыгве ад цябе, як уюны! — рассмяялася яна ўголас — Ваня, а ты мяне зноў выратаваў. Каб не ты, мне — капут! Ну, пусці, пайду сама!
— Падзякуй Янкоўскай, што навучыла боксу.
— Каму-каму?
— Жартую... Бачыла, які наган сабе здабыў?.. Марш уперад, а то згубішся яшчэ ў гушчары!
Не раз і Зіна ратавала мяне.
6
Летам пабылі ў нас дэсантнікі і пакінулі свайго разведчыка — Юзіка Савоську. Гэты чалавек папаў да дэсантнікаў выпадкова. Яны яго раскусілі і вырашылі часова камандзіраваць да нас, каб потым заняцца яго лёсам. Мы гэтага тады не ведалі і думалі, што ў яго важнае заданне.
Юзікава новенькая дэсантная вопратка і аўтамат, які аж пераліваўся сінявой варанёнай сталі, выклікаў у нас захапленне і зайздрасць. Савоська быў лавелас. Заміралі сэрцы нашых партызанак, калі ён, акампаніруючы сабе на гітары і млява закаціўшы вочы, спяваў:
Аж крыўда бярэ, калі ўспомніш, як гэты баязлівец і нікчэмнік у дзявочых сэрцах слыў героем.
Зіна выпрасіла для мяне ў Юзіка толу. З небяспекай для жыцця ўзрыўчатку мы дабывалі са снарадаў. Адшрубаваўшы ў іх узрывальнікі, выплаўлялі яго на вогнішчы. Пры васьмідзесяці градусах Цэльсія тол тапнеў, пры вышэйшай тэмпературы — выбухаў: зносіў бліжэйшыя сосны і елкі, ад вогнішча не пакідаў і следу!.. Паспрабуй, выплаві яго без тэрмометра!..
I вось у маіх руках — жоўценькія, спрасаваныя як мыла кавалачкі фабрычнага толу, атрыманага за так. Я адразу ж змайстраваў міну і сабраўся яе выкарыстаць.
— Камандзір, вазьмі і мяне на «жалезку»! — папрасіўся Юзік: яму захацелася пахваліцца перад дэсантнікамі, калі тыя вернуцца.
— Давай!
Паязды тады ўзрывалі яшчэ рэдка, немцы былі не напалоханыя і чыгунку ахоўвалі днём слаба.
Быў поўдзень, калі мы ўтраіх дабраліся да чыгункі. Недалёка пралягала шаша. Зіну я пакінуў вартаваць ля шашы, каб немцы не паявіліся з тылу, а Савоську на ўсякі выпадак аставіў на краі лесу прыкрываць мяне, калі з'явіцца хто на пуці. Сам папоўз да палатна.
Мне ў гэты раз не пашанцавала. Паўгадзіны таму назад трое салдат з чыгуначнай аховы пайшлі на хутар піць малако. Трэба ж было ім вяртацца да чыгункі якраз у той момант!
Я ўжо замацаваў пад рэйку торбачку з толам, заклінаваў яе каменнямі, калі за чатырыста крокаў ад мяне на пуць вылезлі гэтыя немцы. Салдаты здагадаліся, чаго я тут, і з калена пальнулі ў мяне з вінтовак.
Усё прапала!
Стала шкада Зінінага толу, і я пачаў хутчэй выдзіраць міну! Надта хацелася азірнуцца, але я падумаў: убачу, як немцы цэляцца, не вытрымаю, кіну тол і пабягу...