Выбрать главу
Даўней, бывала, я ня мала Пакуты зьведаў ля сахі, Але заўсёды моц трымала, Хоць сам — прысадзісты, сухі.
На плечы браў цяжкія скрыні Пудоў па дзесяць — ня хлушу. Мяне любілі гаспадыні, Хапала сіла за душу.
Я не хачу спрачацца з вамі, Адно магу сказаць, што я I сёньня здолеў-бы рукамі Трымаць за рогі бугая.
— Ха-ха! Ці ёсьць чым выхваляцца, — Сказаў уедліва другі. — Пакуль віно ня зьнікне ў шклянцы, Ты дужы, дружа дарагі.
А хто, скажы, паверыць можа, Што маеш сілу і запал? Вось я — быў час — пісаў прыгожа! Сапраўдны інтэлектуал!
Пісаў артыкулы ў газэты. А трапіць рукапіс чужы — Праз адаптацыю і гэты Ішоў у друк, у тыражы.
Кіпела сіла ў маіх творах! Дзівіўся кожны, далі-Бог! Зайздросьціў мне і друг і вораг, Шмат зарабляў, і ўсё я мог.
Усё я мог купіць за грошы: Імя, становішча і чын, I гарнітур сабе харошы, I хванабэрыстых жанчын.
Я лёгка кідаўся грашыма, Мне чэк давалі напавер. Цяпер у сэрцы — Гірашыма. Самотны, бедны я цяпер.
Ужо няма былога спрыту. Як вы, і я не малады. Ніхто ў пабітае карыта Ня будзе цёплай ліць вады.
Ніхто і словам не згадае, Ня скажа міла: «добры дзень». Не пацалуе маладая, А пакусае авадзень.
Дый той пагрэбуе напэўна, I адляціць адразу прэч... Сказаў жартліва ён, ці гнеўна: — Цяпер я хто? Пустая рэч!
Цяпер уцеха ўся за шклянкай Благога таннага віна. А хтосьці з жонкай, ці з каханкай... Мне-ж — толькі ложак і сьцяна.
Браткі, за ваша п'ю здароўе! Згадайма дзён мінулых звон, Як малако пілі кароўе, А на вясельлях самагон...
Пасьля зусім раскіс прамоўца, Пачаў ён лаяць цэлы сьвет. А я маўчаў. I ані слоўца. Я ўспомніў дзедаў запавет:
Сілаю не выхваляйся, У душы хвалька душы. З мілаю не памыляйся, Маеш грошы — не грашы.
ЖЫЦЬЦЁ НА КРЫЛАХ
Маё вандроўнае жыцьцё, Жыцьцё на колах і на крылах. Са мной сьвятое пачуцьцё — Любоў да блізкіх і да мілых.
Мне блізкі, родны, мілы — той, Хто цяплыню, людзкую шчырасьць Ня студзіць гучнай балбатнёй, А йдзе ў давер і ціхамірнасьць.
Я еду, плаваю, ляту, I ўсюды чуюся, як дома. А як наступяць на пяту, — Маўчу, хоць і баліць, вядома.
Сяброўства з вершамі ў глушы I ў шумным горадзе Нью-Ёрку. Казала сэрца мне: пішы! Я слухаў шчырую гаворку.
Пазнаў і сьвет і дзікуноў, I ў пышных строях і паўголых... Я ўсіх люблю. Маё ізноў Жыцьцё на крылах і на колах.
БЛАКІТНЫЯ ШЛЯХІ
Дарогі — наша школа, Наш унівэрсітэт, Шырокіх ведаў кола I паэтычны сьвет.
Дарогі добра вучаць, Хоць томяць часьцяком. З людзьмі, з прыродай лучаць, Знаёмяць з хараством.
I як не хвалявацца — Паміж людзей расьцеш. I радасная праца Без перашкод і меж.
Дарогі — наш ратунак Ад гора і нуды, Найлепшы падарунак — З вандроўкаю гады.
I можна палагодзіць Час добры і ліхі, Бо самалёт праходзіць Блакітныя шляхі.
Вунь самалёт крылаты Пад сонцам. Назірай! Там — хмары быццам з ваты, Вышэй — блакітны край.
Блакітным краем — раем Прастора ў вышыні. Дарогаю зьбіраем Мы сонечныя дні.
I новыя сустрэчы, Усьмешкі і цяпло. Зьнікае сум старэчы, Ізноў як і было.
Тэатры і музэі, Тавэрны, кірмашы. Мізэрнае марнее. Мазаіка ў душы:
Пачуцьці, захапленьні, Уражаньні і сьпеў, I тыя лятуценьні, Што зьдзейсьніць не пасьпеў.
Натхненьне. Зноў узьлёты I думак матылі. Чыгунка, самалёты I ў моры караблі.
Наземныя дарогі, Блакітныя шляхі. Там гінуць ад зьнямогі I слабасьць і грахі.
Зямляк мой, ты ў самоце, Адчуўшы заняпад, Глядзіш праз дзірку ў плоце На расквітнелы сад.
А гэта — сьвет маленькі, Дзе можна толькі цьмець I, як на пні апенькі, У шэрані трухлець.
Няўжо нішто ня кліча, I цемрай заплылі Натхненнае аблічча I хараство зямлі?
Дарога добра вучыць, Настаўніца яна. Стамляе часам, мучыць, Пазнаная здаўна.
Навошта да парога Прысох ты, дамасед?.. Блакітная дарога Вядзе ў прыгожы сьвет.
ДУМКІ Ў ДАРОЗЕ
Па нашай плянэце — Старэнькай зямлі I ў сьмецьці і ў цьвеце Дарогі прайшлі.
Дарога — дар Бога. Дарога жыцьця Вядзе ад зямнога Да звышпачуцьця.
А гэта я словам Акрэсьліць хачу, Каб цешыцца новым, Каб жар — уваччу.
Каб сьлёзы кіпелі — Я выйду ізноў, Амыты ў купелі Народжаных слоў.
Я сёньня ў дарозе I думкі мае Ў пяшчотнай трывозе, А сэрца пяе.
Бязьмежнасьць прасторы — Зямля, акіян, I пушчы, і горы, I сьнег, і туман.
Дарога — дар Бога — На радасьць вядзе, I толькі слабога Трымае ў бядзе.
Слабога ня целам, А духам. I той Акном залацелым Выходзіць на свой
Пусты панадворак, Ня бачыць красы — Ні Альпаў, ні зорак, Ні зьзяньня расы.