Выбрать главу
Ён звоніць гэтакім багацьцем, Аж цяжка словам перадаць. Тут захапленьнем памяць гацім I ўжо ўсяго не прыгадаць.
Гараць рубіны і тапазы, Ляжаць раскошай дываны. Лампады Сырыі, і вазы, I рэчы грознай даўніны.
Ляжаць таксама манускрыпты Сівой Арменіі пад шклом. Гусіных пёраў чуеш скрып ты, Калі схіліўся над сталом.
Ты чуеш голас тэй эпохі, Гарачы подых тых вякоў. Хацеў-бы я спыніцца трохі, Дзівіцца працай мастакоў.
Антычнай Грэцыі манэты, Парча, тканіна, габэлен. Як сонцам, хараством сагрэты, Стаю задумліва ля сьцен.
Але імклівыя хвіліны Мінаюць шпарка па паўдні... Вузоры дзіўныя тканіны Як-бы ад нашае радні.
Уткана золатам калосьсе I срэбрам вышыты цім'ян. А можа гэта мне здалося, Купец вялікі Кульбэнкян?
Я ўсё-ж упэўнены, тут мусіць У скарб сусьветнае красы Ўвайсьці і слава Беларусі: Тканіна Слуцку — паясы.
ПРАЗ АЛЬПЫ
З табою менавіта Гадзіньнік мой ня цікаў. I час і ўсё — забыта. Дарога без пралікаў.
Былі ў раю і пекле. Хвіліна за хвілінай I — Альпы перасеклі, Паймчаліся далінай.
I ты са мною поруч Цішком адно хацела, Каб слодычная горыч Усхвалявала цела.
Каб хваткая хвіліна Прабегла лёгкай сарнай I потым на ўспамінах Не засталася марнай.
Ноч мылася туманам. Займаўся ранак срэбны. Шчасьлівым, закаханым Гадзіньнік не патрэбны.
БАВАРСКІ КІРМАШ
Кастрычнік у лета сонца пазычыў I ў Мюнхэн прынёс на кірмаш. Цяпло і ветласьць вясёлых абліччаў, I музыка ўсьцяж.
Сядзяць за сталом, хістаюцца ўбокі, I песьні пяюць, і гудуць. Літровыя куфлі нават глыбокі Твой смутак зьвядуць.
З пяром капялюш, штаны скураныя... Чужое... А сьмех — быццам наш. I сэрца маё тугою ня ные, Прымае кірмаш.
Баварцы ў забаве. Пеніцца піва. Засмажаных курак ядуць. Ядуць бяз відэльцаў нейк асабліва — Рукамі дзяруць.
I груба, і проста. Тлустыя жарты, Як шмалец, як горыч пітва. Баварскі кірмаш! Славуты! Ён варты Ў сьвятле хараства.
КАЧКI НАД РЭЙНАМ
Я песьняй запярэчу: Ці дух мой нявідушчы? Ня спушчаны ў пустэчу, А пазірае ў пушчы.
Гляджу я на лагчыны З высокай вежы мрояў. Сябе з тае прычыны На добры лад настроіў.
Лятуць над Рэйнам качкі, Яны з Палесься, мабыць. Мяне мае зямлячкі Гукаюць, важка вабяць.
Лятуць панізе блізка — Я ім не паляўнічы. Аж радасная рыска Сьвятлее на абліччы.
Я задуменна бачу I лес, і луг, і поле, Мой лёс і вершаў дачу Ў глухое навакольле.
НА СКВЭРЫ
Да мяне неспадзеў Расчуленьне прывёў: Ты на сквэры сядзеў I карміў вераб'ёў.
У цябе на калена Верабейчык прысеў. Значыць — добра, сумленна, А благое ў адсеў.
I з даверам сініца Ўсё бліжэй да цябе, На далоні крупіцу З падзякай дзяўбе.
Я ня ведаю, хто ты — Турак, грэк ці харват. Бачу, шчодрасьць пяшчоты Твая нарасхват.
Птушкі чуюць інстынктам, Дзе дабро і любоў. Тут я сэрцам раскрытым Прытуліцца гатоў.
ПАДАРУНАК З ГРЭЦЫІ
Любка-галубка, Ты з радасьці цьвіла. Запрасіла сёньня Мяне да стала. Перапечкаю мяне Частавала. Радасьць цёплая цябе Хвалявала. А ці-ж гэта мала Для мяне У чужой далёкай Старане? Твой ласкавы позірк, Пацалунак — Даражэй За сьціплы падарунак. Радасьць тая Біла аж да сьлёз. Торбачку я з Грэцыі прывёз. Торбачка ваўняная, Хораша сатканая. У яе ты будзеш класьці Свае мроі, Сваё шчасьце.
ЛЯБІРЫНТ
Мы на Крыце. Казкай — Кносас. Цуд-палац. З каменьня кладзь — Лябірынт. Нас гіды просяць, Каб ад іх не адставаць.
У блуканьні шмат паўтораў, З глыбіні бяда крычыць. Безьліч цёмных калідораў, I пакояў ня зьлічыць.
Нітак мне ня дасьць царэўна, Я прайсьці і сам гатоў... А твая душа напэўна Мае тысячы кутоў.
Таямнічая заўсёды, I таму стаю наўзбоч. Там — заблытаныя ходы, Цемрай спутаная ноч.
Я загінуў-бы бязрадна Ў гэтай спутанай начы. Нават ніткай Арыядна Не магла-б дапамагчы.
БЯСЕДА
Гула, як вулей пчол, тавэрна. Сьпявалі грэкі рыбакі. Шум узьнімаўся нейыаверна, Праз дзьверы плыў на ўсе бакі.
Я не ахвотнік да заскокаў, Але цікаўны да ўсяго. Насустрач шуму. Колькі крокаў — I ў кут, дзе стол на аднаго.
Адтуль навокал пазіраю, Выснову робячы насьпех: Хіба ня голас майго краю — Вясёлы крык, прыязны сьмех?
Мяне заўважылі адразу I запрашаюць да сябе... Адмову прымуць за абразу I скоса глянуць на цябе.
Я ўстаў. Чаго сядзець наўзбоччы Самотным дзедам у кутку? Тут да мяне рыбак падскочыў, Бярэ ласкава пад руку.
Вядзе, як добрага суседа, Якога ведае даўно. У іх прасьцецкая бяседа: Кавун, і рыба, і віно.