Выбрать главу
Гэты камень колерам нязвычным Хутказьменным, можа ўсіх зьдзівіць. У сьвятле вячорным, электрычным Зоркай пурпуровай мігаціць,
I купаецца ў чырвані рубіна. Дзіўны дарагі александрыт У мяне, як лямпа Аладзіна, Толькі не заўсёды лёгкі збыт.
I яшчэ каменьчыку ўласьціва Пабялець і мёртва замаўчаць, Калі гора, скруха будзе хціва Чалавека крадкам дакучаць.
Толькі што, як зорка зіхацела, А тады — ніякае сьвятло Не абудзіць каменнае цела, Каб ізноў зайграла, зацьвіло.
Уладарка гэтага пярсьцёнка Мае часта цешыцца, глядзець. А ў бядзе, калі жальбы пляцёнка, Ён ня будзе весела ірдзець.
Зьнікне гора, зноў з чароўнай сілай Заблішчыць, — гаворыць ювэлір. — Не вагайся, а купляй для мілай Гэты рэдкі ў сьвеце сувэнір.
Ад спакусы цяжка адчапіцца. Я купіў, і гэты скарб прывёз. — Любая, з пярсьцёнка зараніца Хараством узрушыць нас, наш лёс.
Электрычнай лямпай засьвяці ты, Загарацца райскія агні. Але што з тваім александрытам? Ён бялёса-бэзавы, зірні.
Як-жа растлумачыць гэту зьяву? Ці мана, ці чары сапраўды? Не, араб ня вёў крутнёю справу, Мы з табой нявольнікі бяды.
Страціць Бацькаўшчыну — ці-ж ня гора? Страціць родных — ці-ж ня смутак-боль? Мо таму ў пярсьцёнку згасьлі зоры, На каменьчык быццам села моль.
ПРЫДАРОЖНЫ КУСТ
Хіба я здарожаны, Змораны, зьнясілены? Не! Песьняй патрывожаны, Шэпча куст пахілены Мне.
Вуснамі зялёнымі — Шумнаю лістотаю Куст Шэпча мне з паклонамі: — Захавай-жа цнотаю Густ.
Хай гучыць мадэрнае, А старое з плесьняю Хай! Хараство нязьмернае... Дык заходзь ты з песьняю Ў гай —
У сасновы гай, Як у родны край.
ЖУРАВІНЫ
Выйшла ў ягады чужына, Як на сьвята, як на фэст: I маліна, і ажына, I парэчка, і агрэст.
I чарніцы ёсьць на рынку, А жаданага — наўрад! Я купіў-бы журавінку — Прапануюць вінаград.
I чарэшні, і суніцы, I гранат, і ананас, I такое, што ня сьніцца, Нячуванае між нас.
...Ты пазьней знайшла мясьціны, I цябе я пахвалю. Ах, якія журавіны! Мне зварыла кісялю.
Кісялёк той журавінны! Край мой родны пазнаю. Я — і ўдзячны, і павінны — Бачу любую маю.
А МОЙ СЬВЕТ НЯ ЗВУЖАНЫ
На блакітным глёбусе Шмат дарог зазначана... Ты вандроўным робішся. А ці гэта спадчына?
Дзед ня быў адслужаны, I ня ведаў кволасьці. Крочыў ён праз лужыны Ад сяла да воласьці.
А каб сіла бралася Таўкачом над ступаю, Дзед даўней, здаралася, Вёрстаў дваццаць ступае.
Вось і падарожнае: Вёскі ўсе знаёмыя, I шляхі да кожнае — Блізкія, вядомыя.
А мой сьвет ня звужаны, Моцна перайначаны. Не вярстой праз лужыны — Морам шлях зазначаны.
ЛЁТНАЯ ПАСАДКА
У жыцьці бывае і ня гладка, Пашукаць ласкавых, блізкіх трэба. Выязджаем, Пашукаем... Нас чакае лётная пасадка. Ёсьць зямля і пекла, рай і неба. Дзён няўдалых горкая дамешка Мой настрой балюча парушае. Ат, нічога — Ёсьць дарога. Суцішае боль чужая ўсьмешка I чужая радасьць суцяшае. Сакваяж лягчэйшы. Пухам — рэчы. Чуюся бадзёрым, маладым. Шчасьце ў сьвеце! На білеце Мой маршрут і новыя сустрэчы, Новая зарадка, новы ўздым. Каб самота нэрвы не пасекла, Каб хвароба з горам адышла — У дарогу. Дзякуй Богу, Ёсьць зямля і неба, рай і пекла, Ёсьць дабро, любоў і край цяпла.
МІСІС СЬМІТ
На тэрасу суседняга дому Я спакойна глядзець не магу. Прывітаньне жыцьцю маладому, Там — трымаюць любоў і тугу.
Ёсьць у слове маім захапленьне, Ёсьць імкненьне да ясных разваг. Бачу я хараство і сумленьне, I цяжар на жаночых руках.
Маладая прыгожая дама — Лепшы цьвет сьветларусых жанчын — На паўдні каля мора таксама, Але мае разьбіты спачын.
Вунь сядзіць у цяньку кіпарыса, Побач з ёю каляска стаіць. Хоць усьмешка — прыветная рыса, А няшчасьця ня можа ўтаіць.
Бо з расчыненай скрынкі Пандора Горкіх прыкрасьцяў ссыпала ў быт. На калясцы калючае гора: Паўжывы вэтэран-інвалід.
Містэр Сьміт вочы сплюшчыў, трасецца, У тупую дрымоту загруз. Гэтак рыба варушыцца ў сетцы, Гэтак мучыцца сонны мянтуз.
Твар пажоўклы і скрыўлены болем. Б'е паралюш узапар сем год! Быў брытанец калісьці вясёлым, Лёгка зносіў вайсковы паход.
На шляхох, на палёх і ў акопе Сьмерць круцілася, міма ішла. I гуляў лейтэнант па Эўропе, I пашана была, і хвала.
Па вайне не вярнуўся дахаты, Ён у Швэцыі шчасьце знайшоў. Ажаніўся. Пасаг той багаты: Дом, дзьве крамы і шмат барышоў.
А яшчэ і ласкавая жонка. Дык чаго наракаць і жадаць? Ажно лёсу ліхая нагонка, Пацямнела бліскучая гладзь.
Нешта шчасьце з паўгоду трывала, Можа вынік вайны ўжо такі: Пацягнула хвароба-навала Прымака да сябе ў прымакі.
На калясцы калючае гора: Містэр Сьміт — інвалід, а наўзбоч На яго пазірае пакора Васількамі засмучаных воч.
Рукі млеюць. Сама даглядае... А ў закутках пляткарства паўзе: — I харошая, і маладая! Толькі ён, як мазоль на назе.