Выбрать главу
Беднасьць ня прыціснула да сьценкі. Выдумляеш моду ты сама, Шыеш фантастычныя сукенкі, — Гэтакіх на выстаўцы няма.
Я магу на сэрца словы класьці, А ў цябе мастацкае шыцьцё — Гэта макавае зерне шчасьця, Гэта асалоджвае жыцьцё.
НА БЯЗЬЛЮДНЫМ БЕРАЗЕ
Срэбна-залаты пясочны пляж, Зьзяе сонца на рачной касе. I гарыць пясок. Бязьлюдна ўсьцяж. Апаўдні палуднуюць усе.
А мы выйшлі паказаць сябе, Паспрачацца з сонечным цяплом. Быццам золата рука грабе I праз пальцы сыплецца пяском.
Кажуць людзі, мудры Архімэд Формулы выводзіў на пяску, Пакідаў для будучыні сьлед. I каханым гэта — на руку.
У рацэ нам плюхацца, плысьці, Лёгка, вольна — плоткам наўздагон. Даць нырца, заблытацца ў трысьці, Выбрацца на бераг, як на ўслон.
Смаліць цела ліпеньскі загар. Гэта маладая весялосьць Звоніць сэрцам, як хмяльны званар. I запал ідзе да нас, як госьць.
АПОШНIЯ РАДАСЬЦІ
Перавяслам пачуцьцяў Душа перавязана. Жмут лістоў. Але ў жмуце Ня ўсё пераказана.
Я трымаю ў шуфлядзе Лісты твае чулыя. У ласкавым паглядзе Сустрэчы мінулыя.
У мінулых сустрэчах Мы мелі прыемнасьці. Ня спынюся на рэчах, Якія ў таемнасьці.
Гэта толькі між намі. Апошнія радасьці Будуць мроямі, снамі, Уцехай на старасьці.
Перавяслам пачуцьцяў Душа перавязана. На жыцьцёвым маршруце Ўсё злагадай сказана.
ІЛЮЗІЯ
Сяджу дрымотна я ў трамваі I ўжо — ня сон, а сапраўды Прыгожасьць сонцам выплывае Ў канцы вагону з грамады.
У казцы гэткія красуні: I вочы, і выразны рот. Як ручку белую прасуне, Дык расступаецца народ.
Шкада адно, мне выйсьці трэба. Зачараваны хараством, Я паўз яе іду. О неба! Мой позірк гасьне пад брывом.
Яна паблізу ўжо ня дзіва. Размаляваны твар, як збан. Ненатуральна, непраўдзіва! Расчараваньне. Прыкры зман.
Шматок скамечанай паперы Ў густой лістоце на кусьце Здалёк убачыў і паверыў, Што ружа белая цьвіце.
СКЭПТЫК
Ты мне, дружа, гаворыш: — Я здаволены тым, што цяпер Мы спакойна жывем на даверы. Чалавек чалавеку Ў нашым краі ня вораг, ня зьвер, I паклёп больш ня стукае ў дзьверы.
— Памыляешся, браце! Той паганы паклёп ня прыціх. Горка я адчуваю зьняславу. Ёсьць зайздросьнікі ў сьвеце, I заўсёды і ўсюды праз іх Толькі бачым адмоўную зьяву. I ад іх нагаворы... I крычаць: — Крывапівец, буржуй! Неаднойчы гразёй нехта лёпаў. А згары фарызэі: — Укрыжуй ты яго, укрыжуй У газэце цьвікамі паклёпаў! На рэптыльных даносах Падымалася хваля ілжы, Шал атрутны грымзоліў паперу. Гэтак чадзіла ўчора. А ці сёньня інакш? Не кажы, Што зьмянілася. Я не паверу.
ЧАЛАВЕК
Чалавек заўсёды чалавек. Ён з душой прыгожай, ці нягоднік, На зямлі трывог і небясьпек — Будаўнік, мастак і вынаходнік.
Хіжым зьверам стаўся-б ён, але У сабе хавае скарб вялікі: Свой уласны сьвет, дзе на чале Гаваркія літары і лікі.
У яго — дабро і зло ў душы. Ен сябе агнём ці раз дапытваў. Свой інстынкт зьвярыны прыдушыў Сілаю праклёнаў і малітваў.
Чалавек ня птушка, ды палёт У яго вышэйшы, аж да зорак! Ён бярэ пачуцьці ў пераплёт Сотняй розных моваў і гаворак.
Чалавек заўсёды чалавек, У сабе хавае скарб вялікі: Хараство і свой уласны сьвет, Гаваркія літары і лікі.
НАСТАЛЬГІЯ
Сонца, мора і слова ласкавае — I я чуюся моцным, здаровым. Толькі мроя ў далёкае плавае, Усьміхаецца рэкам, дубровам.
I ля пушчы ўстае Белай вежаю, Як маяк. Ці спакойна з гарэньнем? Можа лёс пройдзе сьцежкай мядзьвежаю I сваіх, дарагіх, ня сустрэнем.
Я абвеяны цёплымі крозамі; Я ў мінулым — на бацькавым полі. I гамоняць дарогі бярозамі, I смуткуюць сухія таполі.
Мроя-думка ў далёкае плавае, Усьміхаецца рэкам, дубровам. Там, за той пагранічнай заставаю, Прасьпяваць не даюць маім словам.
А няўжо вольны шлях перасечаны? Пілігрымам да прошчы імкнуся, Да сівых курганоў старасьветчыны, Да зямлі, што завуць Беларусяй.
КАТРЫНКА
З білецікамі скрынка, На скрынцы папугай. Асіплая катрынка Замоўкла, і няхай.
Яна ішла з журбою, З птушынай буркатнёй. А дзеці ўсьлед гурбою Падскаквалі за ёй.
«Разлуку» напявала, А добрая рука Капейку апускала У шапку жабрака.
I лёс усім з паўторам Выцягваў папугай: «Уцеха разам з горам, Шляхі ў далёкі край».
Мы весела, забаўна Сьмяяліся тады. У роднай хаце спраўна, Нямашака бяды...
Ды енчыла катрынка, Стагнала не дарма. I чэрствая скарынка, I сьлёзная зіма.
I край чужы, далёкі, I ўцеха, i спадзеў. Я сам — цяжкія крокі — Сваю катрынку ўзьдзеў.
Праходжу бераг мора I млявых піхтаў гай. Няўжо разлуку й гора Прарочыў папугай?
Няўжо і мне бадзяцца, Ня мець свайго кута? Нярадасная праца I на душы слата.