Выбрать главу

Іваноўскі пакінуў на месцы лыжы, абышоў Лукашова і папоўз па ягоным следзе назад. Шалудзяк сапраўды адарваўся ад сержанта і цяпер зморана і грузна гробся ў снезе, затрымліваючы сабой астатніх. Лейтэнант сустрэў яго ціхім злым шэптам:

— У чым справа?

— Ды во спацеў, каб яго! Ці хутка там, каб на лыжы?

— Жыва варушыся! Жыва!!! — бязлітасным шэптам падагнаў ён байца.

Валюхаючы задраным задам, наўючаны пад маскхалатам цяжкім мехам узрыўчаткі, Шалудзяк на кукішках памкнуўся даганяць сержанта, за ім падаліся астатнія. Лейтэнант прапусціў паўз сябе Хакімава, Зайцава, Судніка, яшчэ некага, чыйго твару ён не разгледзеў пад нізка насунутым капюшонам, і дачакаўся старшыну Дзюбіна.

— Што здарылася? — запытаўся той, ненадоўга затрымліваючыся каля Іваноўскага. Лейтэнант не адказаў. Што было адказваць, хіба не відно старшыне, што група расцягнулася, парушыла неабходны парадак, да якога меў пэўныя адносіны і старшына як замыкаючы.

— Хто стукаў у хвасце?

— Стукаў? Не чуў.

Вядома, ён не чуў. Іваноўскі не стаў гаварыць далей і ўслухаўся. Паблізу, аднак, усё было ціха, нашы на пагорачку з сасняком насцярожана маўчалі, маўчалі наперадзе і немцы. Дзевяць бугрыстых постацей у белых, перасыпаных снегам халатах, зморана сапучы, роўна ляжалі ў раскапанай імі снежнай канаве.

— Трэба слухаць,— кароткім шэптам заўважыў Іваноўскі.— Зараз пераход. Каб мне ні гуку!

Старшына прамаўчаў, і лейтэнант на кукішках хутка папоўз наперад, абходзячы па снезе байцоў. Ён не бачыў іх твараў, але амаль фізічна адчуваў іх насцярожаныя, поўныя чакання і трывогі позіркі з-пад капюшонаў. Усе маўчалі. Абганяючы Шалудзяка, які, вінавата сапучы, распластаўся ў баразне, Іваноўскі строга патрабаваў:

— 3 усіх сіл! 3 усіх сіл, Шалудзяк! Паняў?

Лейтэнант выпаўз у галаву сваёй цяпер ужо сабранай у адно пластунскай калоны і зноў пагробся ў самым глыбокім снезе на краі кустоўя. Адною рукой ён валок лыжы, другой аўтамат, сумка з аўтаматнымі дыскамі ўсё з’язджала са сцягна на жывот, і ён раз за разам адкідваў яе за спіну. У снезе ён налез на нейкую кучу хворасту, які гучна затрашчаў уначы, за штось зачапіўся, парваў маскхалат. Ціха вылаяўшыся, лейтэнант хвіліну выбіраўся з гэтае пасткі, пасля ўзяў убок, трохі далей ад кустоўя. Дзесь тут паблізу павінен быў трапіцца ручэй, які ўпадаў у рачулку, ад ручая пачынаўся самы небяспечны адрэзак шляху ў разрыве нямецкай лініі.

Да ручая аднак ён не дапоўз — наперадзе і зусім блізка гучна шчоўкнула ўгары, засіпела, заіскрылася, і яркая агняная дуга разрэзала край неба. Разгарачаны барацьбой са снегам, Іваноўскі не адразу сцяміў, што гэта ракета. Яна ўзвілася, крыху не даляцеўшы да іх, ярка распусцілася ўгары букетам зіхоткага белага полымя, і снегавы дол з кустоўем сцяўся, прыціх, заліты яе ліхаманкавай яркасцю. На секунду ўсё наўкола замерла, а пасля здрыганулася, па полі ўбакі шаснула блытаніна невыразных імклівых ценяў. Ракета ўпала на снег за хмызняком і яшчэ секунды са тры зыркала па снегавым наваколлі хліпкімі рэшткамі святла.

Іваноўскі заціх, дзе ляжаў, амаль не дыхаючы, грудзі ўдушліва раздзірала ад нястачы паветра, вецер курыў ля твару снегавым пылам. Лейтэнант чакаў стрэлаў, крыку, наступнай ракеты, але ў згусцелай суцэльнай цемры над поплавам стаяла ранейшая няпэўная цішыня. Тады ён на секунду заплюшчыў вочы, каб хутчэй перабыць асляпленне, і зноў паглядзеў наперад. Яго здзіўляла ўжо, адкуль тут магла з’явіцца ракета, у тым жа баку, адкуль яна вылецела, не павінна быць немцаў, там балота, рачулка, хмызняк. Туды ж якраз трэба было паўзці ім. Цяпер выходзіла, што той шлях закрыты.

Ззаду яго пакратаў за бот Лукашоў, але лейтэнант не зірнуў на яго і не азваўся. Самае важнае, што непакоіла яго, было — заўважылі або не? Калі заўважылі, то, мабыць, іх сённяшняя спроба на тым і скончана. Калі ж не, дык трэба як найхутчэй пераадолець гэтую праклятую мясціну.

Мінула яшчэ хвіліна, не было ні ракеты, ні стрэлаў, і Іваноўскі падумаў, што, пэўна, гэта недзе сядзіць высланы на ноч ракетчык. Тады лейтэнант крута завярнуў у кусты, ужо не па-пластунску, а на карачках дапоўз да нізкага берага рэчкі, над якой, умерзшы ў лёд, хіліліся крывыя чорныя вольхі. Тут ён памарудзіў, не адразу рашаючыся паткнуцца на лёд. Але іншага рабіць не выпадала, ён споўз з купістага берага, лёд, на шчасце, не трэснуў, не ўгнуўся, хоць і быў яшчэ слабы пад роўным пластом пухнатага снегу. Лейтэнант таропка перапоўз цераз яго і збоч ад лазовага куста ўскарабкаўся на другі бераг. Тут хмызняку было меней, ён туліўся да самае рачулкі, а далей пачынаўся пагорак з вёскаю і нямецкім акопам пад пахілаю пунькай на водшыбе.