Выбрать главу

Аднак гэты абознік, відаць, быў не надта каб смелы і ішоў да яго так асцярожна, што, здавалася, кожную секунду мог павярнуць назад. I ўсё ж ён набліжаўся. Іваноўскі ўжо бачыў няголены, нейкі заспаны ягоны твар, заінелыя гузікі на шынялі. Далёка яшчэ не дайшоўшы да лейтэнанта, ён зноў штось гукнуў і спыніўся. У наступнае імгненне лейтэнант ледзь не закрычаў ад крыўды, убачыўшы, як немец узнімае да пляча карабін і пачынае цэліцца. Цэліўся ён няўмела, надта старанна, ствол карабіна доўга хадзіў збоку ўбок; напарнік яго ўсё гергетаў штось з воза, напэўна, даваў парады. Іваноўскі па-ранейшаму ляжаў нерухома, шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на свайго забойцу, і слёзы роспачы каціліся па яго твары. Вось ён і дачакаўся світання і сустрэў на дарозе немцаў! Усё канчалася недарэчна, подла і бяздарна, як ні ў якім выпадку не павінна было канчацца. Што ж яму цяпер заставалася? Устаць? Крыкнуць? Падняць угору рукі? Або ціха і пакорна прыняць гэту апошнюю кулю ва ўпор, каб назаўсёды знікнуць з твару зямлі?

Вядома, ён знікне, цяпер яму засталося некалькі лічаных секунд, за якімі настане Вечны Вялікі Спакой. У ягоным становішчьі гэта было нават зманліва, бо разам вызваляла ад пакут. Але застануцца жыць іншыя. Яны перамогуць, ім аднаўляць гэту зялёную шчаслівую зямлю, дыхаць на поўныя грудзі. I кахаць. Але хто ведае, ці не залежыць шчаслівы іх лёс ад таго, як памрэ на гэтай дарозе дваццацідвухгадовы камандзір узвода лейтэнант Іваноўскі?

Не, ён не ўстаў, таму што ўстаць ён не мог, і не крыкнуў, хоць, напэўна, мог бы яшчэ крычаць. Ён толькі здрыгануўся, калі ў ранішняй чуйнай цішы грымнуў вінтовачны стрэл і яшчэ адна куля ўпілася ў яго акрываўленае цела. Яна ўдарыла яму ў плячо, напэўна, разбіла лапатку, але ўсё роўна ён не паварушыўся і не застагнаў нават. У апошняй натузе сцяў зубы і назаўжды ўжо заплюшчыў заінелыя вейкі. 3 апошняй трапяткою надзеяй ён слухаў набліжэнне чужых, незнаёмых крокаў і думаў, што, магчыма, яшчэ і не ўсё страчана, можа яшчэ і ўдасца. Якісьці самы мізэрны шанец у яго яшчэ заставаўся. Памалу, вельмі асцярожна, трываючы новы пякельны боль, ён паварочваўся набок, каб вызваліць з-пад цела гранату. I ён вызваліў яе якраз у той момант, калі крокі на дарозе сціхлі недзе паблізу. Ён адчуў тады побач тугі пружыністы рывок планкі, і тут жа нечакана гулка ляснуў узрывальнік. Немец коратка крыкнуў, мабыць, кінуўся прэч. Іваноўскі паспеў яшчэ ўчуць два яго спалоханых крокі і болей нічога не ўчуў...

Праз некалькі секунд, калі асеў перамешаны са снегам пыл, яго ўжо не было на гэтай дарозе, толькі невялікая варонка курылася на ветры ў адной каляіне; вакол на размеценым снезе ляжалі мерзлыя камякі зямлі, фурманка з растрэсенай навокал саломай абярнулася набок, ля яе, спрабуючы ўстаць на ногі, біўся ўкормлены рыжы біцюг, а за канавай ляжаў ніц адкінуты выбухам труп немца. Другога не было відаць...