Выбрать главу

У Венгрыі яго часта пхалі штыхом, бо не хацеў хапацца за стрэмя, якое было яму паратункам, і крычаць: pardon. Гэтаксама не паддаваўся і няшчасцю. Лез угару ўпарта, як мурашка. Спіхнуты сто разоў, ён падымаўся і спакойна працягваў сваё падарожжа сто першы раз.

Гэта быў сапраўдны дзівак. Стары жаўнер, загартаваны Бог ведае ў якіх агнях і пакутах, біты і куты не раз, меў сэрца дзіцяці. Падчас эпідэміі на Кубе прыехаў туды толькі для таго, каб аддаць дзецям усе свае запасы хініну, не пакінуўшы сабе ані грама.

Было дзіўна яшчэ і тое, што, паспрабаваўшы сябе ў столькіх занятках і паўсюль напаткаўшы няўдачы, ён не траціў веры, што ўсё будзе добра. Узімку ён заўжды ажыўляўся і прадказваў вялікія перамены. Чакаў іх нецярпліва і думкай пра іх жыў цэлы год. Але зімы міналі адна за адной, і Скавінскі дачакаўся толькі таго, што яны пабялілі яму галаву.

Урэшце ён пастарэў, пачаў страчваць сілы. І цярплівасць яго зрабілася пакорай. Даўні спакой змяніўся на схільнасць да сентыментальнасці, і загартаваны жаўнер гатовы быў расчуліцца і пусціць слязу з любой нагоды. Да таго ж, часам яго апаноўвала настальгія, якую магла выклікаць любая акалічнасць: від ластавак, старых птушак, падобных да вераб’ёў, снег на гарах ці пачутая нота, падобная да чутай раней... Урэшце яго захапіла адна толькі думка — пра адпачынак. Яна цалкам завалодала старым і ўвабрала ў сябе ўсе іншыя жаданні і надзеі. Вечны выгнаннік не мог пажадаць нічога лепшага і даражэйшага за ціхі куток, дзе можна адпачыць і сустрэць канец.

Можа, менавіта таму, што нейкае дзівацтва лёсу кідала яго па ўсіх марах і акіянах, ён думаў, што найвялікшае людское шчасце — не бадзяцца ў выгнанні. Папраўдзе гэта даволі сціплае шчасце, аднак ён марыў пра гэта як пра нешта недасяжнае і нават не думаў спадзявацца. Але ж зусім неспадзявана за дванаццаць гадзінаў знайшоў сабе пасаду, найлепшую для сябе з усіх на свеце. І няма нічога дзіўнага ў тым, што ўвечары, запаліўшы святло маяка, адчуў нейкую ніякаватасць, нават сам пытаў у сябе, ці праўда гэта, і баяўся адказаць: так. Але рэчаіснасць красамоўна сведчыла на карысць праўды; гадзіны сплывалі адна за адной, а ён усё стаяў на гаўбцы. Глядзеў, спраўджваў, пераконваўся. Здавалася, ўпершыню ў жыцці ён бачыў мора, бо поўнач адбіла на аспінвольскіх гадзінніках, а ён усё яшчэ не пакідаў сваёй паветранай вяршыні — і глядзеў.

Унізе пад яго нагамі грала мора. Лінза маяка адбівала ў цемру агромністы авал святла, за якім вочы старога губляліся ў чорнай далечыні, таямнічай і страшнай. Далячынь, здавалася, бегла да святла. Доўгія верставыя хвалі выплывалі з цемры і разбіваліся аб падножжа выспы, і паказваліся іх успененыя грэбні, азораныя ружовым святлом маяка. Прыліў мацнеў і заліваў пясчаныя косы. Таямнічая мова акіяну з надыходам поўні рабілася ўсё больш надрыўнай, падобнай то да гуку гармат, то да шуму лясоў, то да далёкіх галасоў людской гаворкі. На хвілю ўсё сціхала. А потым ад вушэй старога адбівалася некалькі вялікіх уздыхаў, потым нейкія рыданні — і зноў грозныя выбухі. Урэшце вецер разагнаў туман, але прынёс чорныя хмары, што засцілі месяц. З захаду дзьмула ўсё мацней. Хвалі ўжо дасягалі стромы выспы, аблізваючы пенай падмурак маяка. Недзе далёка лютавала бура. У цёмнай разбушаванай прасторы бліснула колькі зялёных ліхтароў, падвешаных да карабельных мачтаў. Зялёныя кропачкі то ўздымаліся высока, то падалі ўніз, то завальваліся на адзін ці на другі бок.

Скавінскі спусціўся ў сваю хатку. Бура пачала скавытаць. Там, на дварэ, людзі на караблях змагаліся з ноччу, з цемрай, з хваляй — а ў хаце было спакойна і ціха. Нават водгулле буры слаба адчувалася праз моцныя муры, і толькі размеранае “цік-так” гадзінніка закалыхвала зняможанага старога.

II

Сплывалі гадзіны, дні і тыдні... Матросы сцвярджаюць, што часам, калі мора дужа ўсхваляванае, яно кліча іх сярод ночы і цемры па імені. Калі марская бясконцасць можа так клікаць, то, магчыма, гэтаксама кліча і іншая бясконцасць, яшчэ больш цёмная і таямнічая, і чым больш ты змучаны жыццём, тым мілейшы гэты покліч. Але каб яго пачуць, патрэбная цішыня. Да таго ж старасць любіць адчужэнне, нібыта ў прадчуванні магілы. Маяк стаў для Скавінскага такой напаўмагілай.

Маладыя людзі калі і пагаджаліся на такую службу, то ў хуткім часе сыходзілі. Дазорца маяка — зазвычай чалавек немалады, замкнёны і пануры. Калі ж ён выпадкова пакідае маяк і апынаецца сярод людзей, то ходзіць паміж іх як чалавек, абуджаны ад глыбокага сну. На вежы няма ўсялякіх дробных уражанняў, якія па жыцці вучаць звычайна ўсё прыкладаць да сябе. Усё, з чым сутыкаецца дазорца, вялікае і пазбаўленае пэўных, акрэсленых формаў. Неба — гэта адна сутнасць, вада — іншая, а сярод гэтай бясконцасці — самотная людская душа! Гэта жыццё, у якім думка ёсць хутчэй одумам, ад таго одуму не абуджае дазорцу нічога, нават ягоны занятак. Дзень падобны да дня, як дзве пацеркі ў ружанцы, і толькі змены надвор’я прыносяць хоць нейкую разнастайнасць.

Аднак Скавінскі пачуваўся шчаслівым, як ніколі ў жыцці. Уставаў на досвітку, падмацоўваўся, чысціў лінзы маяка, а потым, седзячы на гаўбцы, углядаўся ў марскую далеч, і вочы яго не маглі насыціцца малюнкамі, што адкрываліся перад ім. Звычайна на агромністым бірузовым тле былі бачныя чародкі надзьмутых ветразяў, якія іскрыліся ў промнях сонца так моцна, што аж вочы мружыліся ад празмернага бляску. Часам караблі, кіруючыся пасатамі, ішлі выцягнутым шэрагам адзін за адным, нібы ланцуг чаек ці альбатросаў. Чырвоныя бочкі, што пазначалі дарогу, калыхаліся на хвалі лёгкім, лагодным рухам; паміж ветразяў штодзень апоўдні з’яўляўся вялікі шэры плюмаж дыму. Гэта параход з Нью-Ёрка вёз пасажыраў і тавары ў Аспінвол, цягнучы за сабой доўгі ўспенены шлейф.

З другога боку гаўбца бачыў Скавінскі як на далоні Аспінвол і яго рухлівы порт, і ў ім лес мачтаў, караблі і лодкі, а крыху далей — белыя дамкі і вежы горада. З вышыні маяка дамкі былі падобныя да гнёздаў чаек, лодкі — да жукоў, а людзі рухаліся як маленькія кропачкі па белым каменным бульварчыку. Зранку лёгкі ўсходні павеў прыносіў няпэўны шум людскога жыцця, што перакрываўся свістам параходаў. Апоўдні надыходзіў час сіесты. Рух у порце сцішаўся, чайкі хаваліся ў шчыліны скалаў, хвалі лянотна запавольваліся, а тым часам у гарадку, на моры і на маяку наступаў час цішыні. Залатыя пяскі, ад якіх адбіваліся хвалі, блішчэлі, як залатыя плямы на водных абшарах, а вежавы слуп цвёрда ўзвышаўся ў блакіце. Струмяні сонечных промняў ліліся з неба на ваду, на пяскі і на скалы.

У такія хвіліны старога агортвала немач, поўная слодычы. Ён адчуваў, што гэты адпачынак створаны менавіта для яго, і яму больш нічога не было патрэбна. Скавінскі наталяўся ўласным шчасцем, але чалавек хутка прызвычайваецца да лепшай долі, і паступова ён пачынаў у яе верыць і разважаў так: калі людзі будуюць дамы для калек, то чаму ж Богу ўрэшце не прыгарнуць свайго калеку? Час ішоў і пераконваў яго ў гэтым. Стары зжыўся з вежай, з маяком, з абрывам, з плыткімі месцамі і з адзінотай. Пазнаёміўся таксама з чайкамі, што гнездаваліся ў скальных шчылінах, а ўвечары ладзілі веча на даху маяка. Скавінскі звычайна кідаў ім рэшткі сваёй вячэры, так што птушкі хутка прызвычаіліся, і потым, калі гэта паўтаралася, то збіралася цэлая плойма белых крылаў, а стары хадзіў сярод птушак, як пастух сярод авечак. У часы адліву ён сыходзіў на нізкія, пясчаныя наносы, на якіх збіраў смачных слімакоў і пекныя ракавінкі з перлінамі, якія хваля пакінула на пяску. Уначы, пры святле месяца і маяка, ён хадзіў па рыбу, якая вадзілася ў залівах.

Урэшце ён палюбіў свае скалы і бяздрэўную выспачку, парослую толькі дробнымі тлустымі раслінкамі, з якіх сачылася ліпкая жывіца. Убоства выспачкі з лішкам кампенсавалася далёкімі краявідамі. Апоўдні, калі паветра рабілася цалкам празрыстым, было відаць усё Міжземнамор’е аж да Ціхага акіяну, пакрытае найбуйнейшай расліннасцю. Скавінскаму часам здавалася, што бачыць ён адзін агромністы сад. Пучкі какосавых пальмаў складаліся ў пышныя букеты тут жа, за дамамі Аспінвола. Далей, паміж Аспінволам і Панамай, быў відаць агромністы лес, над якім шторанку і штовечар навісала чырванаватае воблака выпарэнняў — сапраўдны субтрапічны лес, заліты стаячай вадой, аплецены ліянамі, шумеў сцяной пальмаў, ятрышнікаў, малочных, жалезных і гумовых дрэваў.