Выбрать главу

Прапануючы этычную інтэрпрэтацыю дэмакратыі, мы звяртаемся да універсальнага элементу маральнага досведу. Пакуль людзі не будуць разглядацца, хоць бы патэнцыйнае, у адзінай каардынатнай сетцы сапраўднай рэальнасці, аргументы адносна вызначэння чалавечага быцця будуць не пераконваць, а толькі цешыць. Стаўленне да маральнага досведу як да немінуча і выключна суб'ектыўнай субстанцыі па сутнасці адмаўляе магчымасць падзелу на добрае і злое. Знешняе ж супадзенне індывідуальных прыхільнасцяў у пэўным канкрэтным выпадку таксама не з'яўляецца маральным пагадненнем, бо дзеля гэтага патрэбна яшчэ і аднолькавае разуменне зместу і мэты чалавечага быцця, Несумненна, людзі наўрад ці калі-небудзь сыйдуцца ў сваіх уяўленнях наконт таго, у чым менавіта заключаецца прырода этычнага сумлення, але ў залежнасці ад таго, як яны будуць будаваць сваю аргументацыю, можна будзе меркаваць, чыя інтэрпрэтацыя бліжэй падыходзіць да ісціны.

Сёння шмат хто адмаўляе універсальны характар маральнага досведу. Сцвярджаюць, што аргументы на карысць нарматыўных правамоцтваў этычных меркаванняў не маюць навуковых падстаў. Вынікаючы з разумення унікальнасці індывідуальных абставінаў, гэты падыход грунтуецца на ідэі, якая не цалкам разыходзіцца з прапанаванай мною этычнай тэорыяй. Разнастайныя дактрыны суб'ектывізму пазбаўлены, аднак, жыццёва важнага ўсведамлення таго, што, непазбежна маючы адрозненні, дзве сітуацыі ўтрымліваюць адзін і той самы маральны імператыў. Маральнасць ёсць сінтэз універсальнага і індывідуальнага. Змест канкрэтных маральных учынкаў мяняецца з абставінамі, да якіх яны прыстасоўваюцца, але парыў і мэта застаюцца нязменнымі. Філасофія імкнецца апісаць, якім чынам дасягаецца маральны сінтэз. Яна тлумачыць досвед, які выходзіць за рамкі суб'ектыўнага.

Часам можна пачуць сцвярджэнне, што сацыёлагі павінны размяжоўваць «факты» і «змест». Цалкам і абгрунтавана абвергнуць правамоцтва такой дыхатаміі на гэтых старонках немагчыма. Але ў наступных раздзелах адкрыта ці апасродкава будзе гучаць крытыка такога падыходу; дзяленне «фактзмест» з'яўляецца слушным толькі ў сувязі з сумніўным меркаваннем, што «факт» ёсць нейкая статычная з'ява, якая існуе незалежна. Праведзены мною аналіз паказвае, што «факты» павінны разглядацца як складовыя элементы і сродкі дасягнення ўсёабдымнага ўспрымання рэчаіснасці. Сімвалы, якія надаюць асобным фактам змест, вызначаюць іх месца ў больш шырокім кантэксце і, такім чынам, з'яўляюцца напамінкам аб усёй сукупнасці, да якой гэтыя факты належаць і якая вынікае з паняційнай структурызацыі чалавекам яго  канкрэтнага досведу. Але  і сам досвед кіруецца і асэнсоўваецца ў працэсе бесперапыннай інтэрпрэтацыі, так што тэорыя і практыка, інтэлектуальная і маральная дзейнасць знаходзяцца ў сумесным дыялектычным развіцці. Яны непарушна звязаныя між сабою, як думка звязаная са сваім аб'ектам. Любое дзеянне чалавека з'яўляецца адначасова ацэнкай. Таму вызначэнне яго факталагічнага і змястоўнага аспектаў з'яўляецца, тым самым, і выражэннем маральнай рэчаіснасці. Спроба ж аддзяліць ад «факту» яго «змястоўны» кампанент азначае толькі заплюшчваць вочы на тое, што, акрэсліваючы нешта як «факт», мы адразу і непазбежна акрэсліваем і яго станоўчае ці адмоўнае значэнне дзеля дасягнення ўсеагульнай мэты, каштоўнасць якой сцвярджаецца кожны раз, калі адбываецца такая ацэнка.

Наш спосаб інтэрпрэтацыі рэчаіснасці, наша адчуванне прапорцыі і каштоўнасці з'яўляюцца вынікам шматлікіх актаў волі і звязаных з імі паняційных змен у мінулым. «Такім чынам, у чалавеказнаўчых навуках... на сцвярджэнне «Я не разумею» можа быць правамоцны адказ, які набывае форму не толькі парады: «Развівай інтуіцыю», але і больш патрабавальнае: «Мяняйся». Гэта кладзе канец усякаму імкненню пазбавіць... навуку пра чалавека ад катэгорыі маральнай ацэнкі. Вывучэнне чалавека неадрыўнае ад аналізу альтэрнатыў, якія стаяць перад ім». Такі аналіз патрабуе не толькі інтэлектуальнага засваення абстрактных ідэй, але і пэўнай арыентацыі ўсіх пачуццяў асобы, якая звязвае сімвалы з досведам. Відавочна, што разумны выбар прадугледжвае наяўнасць пэўнага эталону: «Перавага адной пазіцыі над другой будзе заключацца... у тым, што з больш адэкватнай пазіцыі можна зразумець і сваю ўласную пазіцыю, і пазіцыю апанента, але не наадварот. Само самой зразумела, што гэтае сцвярджэнне тычыцца толькі тых, чыя пазіцыя больш бездакорная»22. Будучы далёкім ад маральнай ці інтэлектуальнай пагарды і ўвасабляючы старадаўнюю фундаментальную празорлівасць, яно проста сведчыць аб тым, што адзін погляд на рэчаіснасць з'яўляецца слушнейшым за іншы дзякуючы сваёй большай канцэптуальнай праніклівасці. Прыведзеныя цытаты падкрэсліваюць шчыльную ўзаемасувязь паміж этычнай і інтэлектуальнай дзейнасцю і ўздымаюць пытанне аб тым, чаму некаторыя даследчыкі лічаць патрэбным размежаванне «фактзмест»: таму што яны глыбока засвоілі гэты старадаўні і супрацьлеглы іхняму погляд, які ідзе ад класічнай і іудзейска-хрысціянскай традыцый, і палічылі, што ён непаўнавартасны, або таму, што, наадварот, не здолелі яго глыбока засвоіць.

Філасофія імкнецца да найбольш поўнага спасціжэння рэчаіснасці. Сучасная спроба раздзяліць «факты» і «змест» і звязаная з ёю тэндэнцыя станоўча прымаць толькі так званыя «эмпірычныя факты» ў якасці крыніцы дакладных ведаў з'яўляецца, няхай крыху смела будзе сказана, звужэннем інтэрпрэтацыі досведу. Найлепшым сродкам супраць экстравагантных сцвярджэнняў і дачаснай перакананасці ў пытаннях маралі з'яўляецца не адмова ад аналізу абгрунтаванасці таго, што лічыць маральным для чалавека, а больш дакладны аналіз маральнага досведу ў дачыненні да розных аспектаў жыцця.

Тым, хто падзяляе пашыраны сёння пункт погляду, канцэпцыя этычнай інтэрпрэтацыі дэмакратыі будзе здавацца суб'ектывісцкай і нават дзёрзкай. «Хто возьмецца вызначаць, што маральна?» Але ці сапраўды такая ўжо дзёрзкасць меркаваць, што аргументы, якія тычацца этычнага жыцця чалавека, могуць правярацца аб'ектыўнай рэчаіснасцю, і дапускаць, што нашае пачуццё маральнага абавязку зусім не непрыступная загадка суб'ектыўнасці, a мае транссуб'ектыўнае, па-зачасавае паходжанне і прадмет яго ўвагі можа быць высветлены з дапамогаю філасофіі? Паколькі дасканалыя і поўныя веды недасягальныя, такі погляд не азначае, што ў рэшце рэшт спрэчкам аб маральнасці прыйдзе канец. Toe меркаванне, што існуе аб'ектыўны прынцып ацэнкі маральнасці, не адмаўляе, а стымулюе неабходнасць аналізу. Дарэчы, ці не больш дзёрзкаю ў параўнанні  са  сцвярджэннем,   што  дыскусія  аб  сутнасці дабра можа быць вельмі плённай, з'яўляецца адмова нават прыслухацца да меркавання, што дакладныя веды ў гэтай галіне атрымаць магчыма? Такі падыход, выглядаючы, на першы погляд, як інтэлектуальнае самапрыніжэнне, на самай справе ўтрымлівае значную долю дагматызму і пагарды. Мы можам прынамсі спадзявацца, што спроба патлумачыць дэмакратыю ў святле сур'ёзнага стаўлення да асэнсавання чалавекам яго вышэйшага прызначэння павінна дапамагчы хутчэй паменшыць, а не павялічыць залежнасць гэтай праблемы ад інтэлектуальных капрызаў. Гэта дазволіць перавесці разгляд самой сутнасці чалавечага досведу і яго сувязі з асноўнымі праблемамі палітыкі ў сферу крытычнага аналізу.