Выбрать главу

Пачатковай мэтай з'яўляецца апісанне формы, якую набывае этычная дзейнасць, але дадатковыя заўвагі адносна станоўчага зместу такой дзейнасці могуць дапамагчы праліць святло на прыроду этычнага сумлення. Накіраваная на лепшае, воля чалавека з'яўляецца ў адным са сваіх аспектаў пачуццём духоўнага напрамку. У чалавека, які пастаянна імкнецца будаваць сваё жыццё ўздоўж гэтага напрамку, яно можа быць вызначана як пачуццё шчасця. Апошняе слова было апошлена суаднясеннем яго з рамантычным сентыменталізмам і ўтылітарызмам і агульным спрашчэннем тэрміналогіі. У маім даследаванні сэнс «шчасця» набліжаны да таго, у якім гэты тэрмін выкарыстоўваў Арыстоцель.

Існуе незлічонае мноства крытэрыяў, па якіх ацэньваецца якасць жыцця, — такія, як эканамічны дабрабыт, асабістая свабода, стабільнасць і пачуццёвае задавальненне. Усе іх можна разглядаць як меры дабра. У цэнтры ўвагі этычнай філасофіі стаіць той агульны прынцып, у супастаўленні з якім вызначаецца ступень утрымлівання дабра любою на свеце істотай, з'явай ці рэччу. Арыстоцель адзначаў, што ўся чалавечая дзейнасць накіравана на нешта добрае, але дабрадзейнасць мэтаў далёкая ад аднолькавай. Сярод іх, дасягальных для чалавека, ёсць адна, да якой імкнуцца дзеля яе самой. «Канчатковым без агаворак мы лічым тое, што жадана само ў сабе, а не дзеля дасягнення чаго-небудзь яшчэ, — кажа Арыстоцель і дадае, — Гонар, здавальненне, розум і ўсе дабрадзейныя якасці мы сапраўды выбіраем дзеля іх саміх (нават калі б з іх нічога не вынікала, мы б усё роўна пажадалі валодаць кожнай з іх), але мы таксама выбіраем іх дзеля шчасця, мяркуючы, што з іх дапамогай станем шчаслівыя. Шчасце ж ніхто не выбірае дзеля гэтых якасцяў, апроч як дзеля самога шчасця»13.

Такім чынам, над рознымі ступенямі дабрадзейнасці стаіць крытэрый, які ў адным са сваіх аспектаў вызначаецца як шчасце і ў параўнанні з якім ацэньваецца ўсё астатняе. Строга кажучы, нешта змяшчае дабро ў той ступені, у якой яно садзейнічае дасягненню шчасця. Важна адзначыць, што шчасце ў разуменні Арыстоцеля ёсць не проста адчуванне дабрабьпу ў параўнанні з іншымі людзьмі. Гэта ўсведамленне існасці па-за рамкамі канкрэтных дзеянняў і вынікаючага з іх задавальнення. Паспяховае завяршэнне дзеяння заўсёды выклікае пэўнае задавальненне, у той час як яго перарыванне адчуваецца балюча. Гэта справядліва і для маральных учынкаў. Toe задавальненне, якое адчуваецца пасля іх здзяйснення, ёсць толькі пачуццё прыемнасці, але не шчасце. Шчасце ёсць усведамленне вечнасці маралі, існавання дабра, у якім асобныя маральныя ўчынкі толькі прымаюць удзел. Яно ёсць разуменне зместу і каштоўнасці. Гэтае разуменне вызначае жыццёвыя арыенціры і характарызуецца пастаянным імкненнем да здзяйснення вечнай, усеагульнай этычнай мэты, вядомай толькі праз этычнае сумленне, а не кароткатэрміновых, выпадковых і своекарыслівых планаў. Шчаслівы чалавек — гэта не эпікурэец, які ўмела здабывае максімум здавальненняў і мінімізуе боль. Ён таксама і не аскет, які адхіляе любую прыемнасць. Ён атрымлівае задавальненне ад добрых з'яў і ўчынкаў: «Каштоўныя і прыемныя тыя з'явы і рэчы, якія падаюцца каштоўнымі і прыемнымі добрым людзям»".

У адпаведнасці з гэтым важным адрозненнем шчасця ад здавальнення цалкам магчыма, што маральная асоба, пазбаўленая поспеху ў сваіх справах і, такім чынам, задавальнення, усё роўна будзе шчаслівай дзякуючы яе нязменнай каштоўнаснай арыентацыі. Вось як Платон апісвае лёс сапраўдных філосафаў, якія ў эпоху духоўнага дэкадансу не маюць таго ўплыву на сучаснікаў, які мець павінны. «У барацьбе за справядлівасць у іх не будзе саюзнікаў-выратавальнікаў; і калі яны не збіраюцца далучыцца да астатніх ва ўсёй іх брыдоце і не ў стане змагацца з агульным дзікунствам у адзіночку, ім наканавана гібель, як чалавеку, кінутаму да драпежнікаў, гібель без усякай карыснасці для іх саміх і іншых, раней чым яны паспеюць прынесці карысць сваім сябрам ці грамадству». Нягледзячы на той факт, што дабрадзейнае жыццё вакол іх рассыпана ўшчэнт, шчасце для іх не па-за межамі дасягальнага, таму што іх адданасць дабру аніяк не змяншаецца адсутнасцю ўплыву на сучаснікаў. Яны імкнуліся застацца «незаплямленымі мярзотнасцю і злом у гэтым жыцці» і «ўрэшце рэшт пойдуць з яго ў бадзёрым настроі і добрай надзеі»15. Найбольш уражальнай ілюстрацыяй гэтай ідэі будзе святы пакутнік. I наадварот, чалавек можа жыць у прыемнасці дзякуючы паспяховаму здзяйсненню сваіх планаў і заставацца нешчаслівым з прычыны нізкай маральнай якасці яго мэтаў. Неабходна дадаць, што, на погляд Платона і Арыстоцеля, у звычайных абставінах здавальненне і шчасце існуюць у добрым чалавеку побач.

Каб пазбегнуць магчымага непаразумення, неабходна праясніць, што для Арыстоцеля шчасце — гэта не нейкі пасіўны стан. «Шчасце, — піша ён, — павінна класіфікавацца як дзейнасць»16. Яго погляд на сапраўднае прызначэнне чалавека можна суміраваць як асаблівы тып дзейнасці, якая робіць чалавека шчаслівым. «Глыбіня шчасця, адчутага чалавекам, адпавядае яго маральнай і інтэлектуальнай дабрадзейнасці і вызначаных ёю ўчынкаў»17. Іншымі словамі, такая дзейнасць ужо сама ў сабе ёсць прызнанне і ўзнагарода. Яна «канчатковая і самадастатковая і з'яўляецца мэтай любога дзеяння»'8. Паколькі Арыстоцель называе кулізмінацыю гэтага роду дзейнасці «сузіральным жыццём», нашаму сучасніку, які прызвычаіўся да некласічнай канцэпцыі розуму, пагражае недаацэнка яго этычнага кампаненту. Дзейнасць добрага чалавека — гэта заўсёды, перш за ўсё, працэс маральнага ўдасканалення.

Узыходжанне да шчасця — шлях цяжкі і доўгі, які вымагае цвёрдай прыхільнасці дабрадзейнасці ва ўчынках і паводзінах. «Як адна ластаўка і адзін дзень не робяць лета, так і адзін дзень ці крыху большы тэрмін не робяць чалавека святым і шчаслівым». Арыстоцель распазнае тры ўзроўні чалавечага жыцця. Першы, якому аддаюць перавагу «людзі найбольш нізкія», абмяжоўваецца атрыманнем здавальнення19. Вышэй за гэты ўзровень стаіць лад жыцця, якому Арыстоцель дае назву «палітычнага» і якое мае на ўвазе істотныя маральныя дасягненні грамадзян дзяржавы, а таксама робіць дабрабыт і іншыя якасці сродкамі рэалізацыі лепшага жыцця. Па-над ім, на недасягальнай для большасці вышыні, ляжыць узровень сузіральнага жыцця, у якім, наколькі гэта ўвогуле магчыма для чалавека, поўнасцю рэалізуюцца спадзяванні чалавека на шчасце. Такое жыццё вымагае толькі мінімуму зямных даброт. Гэтае вышэйшае жыццёвае вымярэнне шмат у якіх важных момантах спалучаецца з хрысціянскім разуменнем святасці.

Неабходна таксама падкрэсліць, што шчасце бачыцца Арыстоцелем як сацыяльная, супольная каштоўнасць. Яна, гэтая каштоўнасць, самадастатковая, але не ў сэнсе «дастатковасці для чалавека, які жыве асобна ад іншых, але і для яго бацькоў, дзяцей, жонкі і ўвогуле для сяброў і суайчыннікаў, паколькі нараджаецца чалавек, каб быць членам супольнасці»20. Канцэпцыю шчасця Арыстоцеля немагчыма аддзяліць ад яго ідэі сапраўднага сяброўства, якое можна вызначыць як партнёрства ў дабрадзейным жыцці, дасягальнае выключна для дабрадзейных асоб.