Выбрать главу

Тут да месца было б пытанне, на што быў бы падобны закон, які замест таго, каб аддаваць перавагу адным грамадзянам і ўшчамляць іншых, аднолькава б ставіўся да ўсіх. Трэба адзначыць, што Русо мае на ўвазе не проста закон, які б натхняўся нясвоекарыслівай, шчырай прыхільнасцю да дабра, а закон, які б «ушчамляў ці спрыяў усім грамадзянам у роўнай ступені». Ці можна ўявіць сабе такі закон? Нават абвяшчаючы ўсеагульную роўнасць, такі закон будзе нежыццяздольны, бо скасоўвае індывідуальную ўнікальнасць і не звяртае ўвагі на адрозненні ў абставінах. Недзіўна, што калі Русо бярэцца прыводзіць канкрэтныя прыклады сапраўдных законаў, то ягоны прынцып агульнасці церпіць сур'ёзныя змены.

Згодна з Русо, вярхоўная ўлада не мае права «накладваць на аднаго падданага большы груз, чым на другога»", што, здаецца, не пакідае месца нават для законаў кшталту «ўсе дзеяздольныя мужчыны падлягаюць прызыву на воінскую  службу»   ці   «ўсе  павінны  абкладацца  падаткамі  ў адпаведнасці з канкрэтнай шкалой». Відавочна, што прытрымлівацца нават такіх законаў адным людзям цяжэй, чым іншым. Што тычыцца падаткаў, Русо робіць за асноўнае правіла тое, што яны павінны вызначацца «агульнай воляй, якая вызначаецца большасцю пры галасаванні, на аснове прапарцыянальнай шкалы, дзякуючы чаму падаткаабкладанне цалкам упарадкоўваецца»12. Прынцып прапарцыйнасці, можа, і пазбаўляе падаткаабкладанне адвольнасці, але «роўнасці ўсіх грамадзян» ён не забяспечвае. Сапраўды, якім чынам стаўка падаткаабкладання можа спрыяць ажыццяўленню гэтай мэты?! Варта адзначыць, што Русо нават падтрымлівае ідэю падаткаў як «штрафу». Высокімі падаткамі, на яго погляд, павінны абкладвацца «ўсе прадметы раскошы, задавальнення і гультайства, якія кідаюцца ўсім у вочы»'3. I хоць Русо не тлумачыць, разглядае ён практыку карных падаткаў як заканадаўчую справу ці як выканаўчы крок заканадаўчай улады, гэты прыклад толькі дэманструе непазбежнасць дыскрымінацыйнага характару ўсіх існуючых законаў. Пакуль здольнасці, статус і ўмовы жыцця людзей маюць адрозненні, законы ніколі не будуць уплываць на іх аднолькава, які б агульны характар яны не мелі. Больш за тое, нават два члены заканадаўчага органа ніколі не будуць аднолькава ўспрымаць змест і наступствы прапанаванага закона. Універсальнасць характару заканадаўства аспрэчваецца, такім чынам, з абодвух бакоў.

Калі Русо пачынае прыводзіць прыклады заканадаўчых актаў, яго канцэпцыя агульнасці непазбежна набывае тую ці іншую канкрэтнасць. Так, закон цывільнага права не можа, па сваёй сутнасці, грунтавацца на аднолькавым стаўленні да ўсіх грамадзян — ён непазбежна будзе азначаць дыскрымінацыю на карысць канкрэтнага становішча. Закон, які не ставіцца больш прыхільна ці не ўшчамляе ў большай ступені пэўных асоб і групоўкі, ёсць чысцейшая абстракцыя. Ад таго, што ён быццам з'яўляецца ўвасабленнем маральнасці, такі закон не становіцца больш змястоўным. Канцэпцыя Русо агульнага характару законаў ігнаруе унікальнасць індывідццмаў і абставін і нагадвае тое славутае этычнае правіла Канта, што мы павінны заўсёды дзейнічаць такім чынам, каб прынцып нашых паводзін быў пакладзены ў аснову любога заканадаўства. Погляды і таго і другога, адарваныя ад рэальнасці, і вынікаюць з абстрактных эгалітарных пасылак, якія супярэчаць бясконца разнастайнай сапраўднасці людскога жыцця. Чалавек з іх падачы паўстае ў надуманай ролі агульнага назоўніка.

Такім чынам, я імкнуся паказаць, што ўсё заканадаўства прыстасоўваецца да канкрэтных абставін і скіроўваецца на канкрэтныя мэты. Палітычны закон абавязкова павінен мець характарыстыку, якая, паводле сцвярджэння Русо, знішчае яго «натуральную маральнасць», г.зн. быць скіраваным на «канкрэтны акрэслены аб'ект». Калі Русо піша, напрыклад, што некаторыя законы ў дзяржаве будуць распрацоўвацца дзеля абслугоўвання пэўных яе патрэбаў, ён прыўносіць у сваю філасофію элемент канкрэтнасці, які заўсёды ў той ці іншай форме прысутнічае не толькі ў законе, але і ў кожным людскім учынку. Іншымі словамі, агульны характар закона — гэта не дакладная філасофская катэгорыя, а тэарэтычная выдумка ці, у найлепшым выпадку, своеасаблівая зручная прагматычная катэгорыя.

Але калі заканадаўства заўсёды ўтрымлівае пэўную канкрэтнасць і мае дачыненне да пэўных абставін, яго немагчыма аддзяліць ад выканаўчых актаў. Відавочнасць філасофскай штучнасці такога размежавання ўзрастае па меры разгляду канкрэтных прыкладаў. У якасці аднаго з іх можна прывесці выдзяленне ўсенародна выбраным парламентам сродкаў на які-небудзь грамадскі праект. Які характар мае такая дзейнасць: заканадаўчы ці выканаўчы? Безумоўна, у якасці прыкладаў можна прыводзіць рашэнні, якія будуць мець папераменна больш «заканадаўчы» ці больш «выканаўчы» характар. Справа ў тым, што сапраўдны характар таго ці іншага рашэння будзе заўсёды знаходзіцца паміж палюсамі, якія ўвасабляюць дзве філасофскія катэгорыі палітычнай дзейнасці, і мяняцца ў тым ці іншым напрамку.

Русо ставіць перад сабой мэту даказаць абсалютную ўладу агульнай волі народа. Ажыццяўленне такой мэты, як ён лічыць, патрабуе незаплямленасці агульнай волі адвольнасцю і канкрэтыкай. Уплыў, які аказваюць на Русо класічная і іудзейска-хрысціянская традыцыі, дастатковы для таго, каб ён не атаясамліваў маральнасць у чыстым выглядзе, такою, якой ён яе разумее, з канкрэтнымі палітычнымі дзеяннямі. 3 прапанаванага Русо фундаментальнага размежавання ўласна агульнай волі як такой і мноства канкрэтных выпадкаў яе ўжывання вынікае адрозненне, якое ён бачыць паміж вярхоўнай уладай і «ўрадам». «Большасць людзей не можа карыстацца выканаўчай уладай як заканадаўчай ці вярхоўнай, таму што яна ажыццяўляецца толькі ў канкрэтных актах, якія знаходзяцца па-за рамкамі сферы закона і, такім чынам, за рамкамі сферы вярхоўнай маральнай улады, прызначанай для стварэння законаў»'4. Дзякуючы гэтаму адрозненню Русо трапляе ў цяжкую сітуацыю: каб захаваць усеабдымны характар і, такім чынам, маральнасць агульнай волі, ён павінен рабіць з яе бессэнсоўную абстракцыю, а спроба паказаць агульную волю як рэальную станоўчую і канкрэтна скіраваную сілу ў палітыцы адразу пазбаўляе яе агульнага характару.

У адрозненне ад Платона, Арыстоцеля і іх хрысціянскіх аднадумцаў Русо не задаволены роляю палітыкі як удзелу ў этычнай мэце жыцця. Ен хоча, каб у незалежнай дзяржаве і ў галовах яе грамадзян панавала маральнасць. Да тэарэтычнага выніку гэтага імкнення, які ўвасабляе паняцце Русо аб агульнай волі, трэба ставіцца як да скажэння сапраўднага крытэрыя маральнасці і абсалютызацыі далёка не універсальнага палітычнага прынцыпу. Калі закон мае сапраўды агульны характар у тым сэнсе, што ён не прывязаны да канкрэтных абставін, ён не можа быць адначасова грамадскім законам ці палітычнай воляй, увасобленай у заканадаўчым акце любой ступені «агульнасці» ці ў выканаўчай дзейнасці заканадаўчай улады. Калі ж закон з'яўляецца іманентнай праявай рэчаіснасці, ён далёкі ад універсальнасці і абсалютнасці. Жаданне Русо надаць калектыўнай волі людзей неабмежаваную ўладу і свабоду перашкаджае яму ўбачыць тое, што як заканадаўчыя, так і выканаўчыя акты будуць толькі недасканалымі спробамі ўжыць сапраўдны крытэрый маральнасці ў канкрэтных абставінах. Русо, які сыходзіць з прыроднай дабрадзейнасці чалавека, не спыняе нават усведамленне таго, што здольнасць дзяржавы адыгрываць маральную ролю жорстка абмежавана адвечнай слабасцю чалавечай натуры.

Варожасць Русо ў адносінах да ідэі прадстаўніцтва скіравана не толькі на яе чыста палітычны бок. Гэтая варожасць вынікае з нежадання Русо прыняць этычны прынцып, які б абмяжоўваў палітычную ўладу і, апроч рашэнняў дзяржавы, таксама ўплываў на людзей і вабіў іх. Яго разуменне маральнасці ў «Грамадскім пагадненні», аб чым будзе ісці размова далей, шчыльна спалучана з імкненнем зацвердзіць поўнае адзінства палітычнага ладу, якому будзе толькі пагражаць той факт, што палітыка, у лепшым выпадку, ёсць не больш чым спроба ўсталяваць пэўныя нормы, вышэйшыя за ўсе канкрэтныя грамадствы і канкрэтныя волі. Маральная ўлада дзяржавы, на думку Русо, не павінна выклікаць ніякага сумнення.