Выбрать главу
Адхіленне канстытуцыйнага ладу

Toe ж нежаданне падпарадкаваць палітыку больш высокаму закону адлюстравана ў эмацыянальным адмаўленні Русо канстытуцыйнага ладу. «Вярхоўная ўлада знішчаецца ў той ступені, у якой яна абмяжоўваецца: яе абмежаванне значыць яе знішчэнне. Абсурдным і ненатуральным было б, калі б вярхоўная ўлада стварала ці прызнавала ўладу, вышэйшую за сябе». «Абсурднасць жадання скаваць сябе на будучыню» ў выпадку асобнага індывідуума пераносіцца Русо на ўсю дзяржаву: «Устанаўленне вярхоўнай уладай закона, вышэйшага за сябе і непарушальнага, — супраць самой прыроды палітычнага інстытута». Звычайная агіда, якую Русо адчувае да ідэі абмежавання, перарастае ў ідэю неабходнасці таго, каб народ заўсёды мог бесперашкодна ўносіць змены ў свае законы. «Учарашні закон сёння не дзейнічае», — піша Русо. Ён, аднак, на гэтым не спыняецца і кажа, што калі народ мае намер «нанесці сабе шкоду, хто мае права яму ў гэтым замінаць?»"5. Ен настолькі захоплены сцвярджэннем абсалютнай свабоды вярхоўнай улады, што нават забываецца на сваё ўласнае вызначэнне агульнай волі як няздольнай на шкоднае рашэнне.

На думку Русо, узрост законаў — адзін з тых момантаў, якія станоўча адбіваюцца на павазе да іх. I аднак канстытуцыйныя правілы, якія змяніць значна цяжэй за іншыя законы, Русо адхіляе і забараняе. Гэта гучыць як іронія, але высоўваючы больш жорсткі і фундаментальны за любыя канстытуцыйныя патрабаванні прынцып, ён патрабуе, каб чарговы абраны парламент пытаўся ў народа, ці хоча ён захаваць тую форму праўлення, якая існуе. «Няма ніводнага закона ў дзяржаве, які б нельга было скасаваць, у тым ліку грамадскае пагадненне»16. Цяжка не западозрыць, што гэты погляд цесна звязаны з тэмай, якая настойліва гучыць у аўтабіяграфічных творах Русо: «Я люблю свабоду; я ненавіджу перашкоды, заклапочанасць і абмежаванні»17.

Мы ўжо адзначалі, што думка Русо характарызуецца выразна акрэсленай мажарытарнай тэндэнцыяй. Мажарытарнае галасаванне, сцвярджае Русо, выяўляе тое, што добра, калі ўдзельнікі галасавання добра праінфармаваныя па адпаведным пытанні і рашэнне прымаюць самастойна, без уплыву групавых інтарэсаў. Як толькі выказалася большасць, меншасць не мае законнага права настойваць на сваіх поглядах і спрабаваць пераканаць большасць, бо была даказана памылковасць яе погляду. Відавочна, чакаецца, што меншасць адразу ж адмовіцца ад сваіх памылковых, своекарыслівых поглядаў. Сапраўды, калі прызнаваць у палітыцы  існаванне  толькі  цалкам  правільнага  і  цалкам памылковага, то чаму дзяржава павінна цярпець апазіцыю? У святле адмаўлення Русо ўсякіх «групавых інтарэсаў» цяжка ўявіць, як можа існаваць эфектыўная, арганізаваная апазіцыя.

Русо абсалютна не дапускае таго, што нават пры найбольш спрыяльных для атрымання інфармацыі і грамадскай адукаванасці ўмовах выяўленне большасцю агульнай волі ўсё роўна не можа быць дасканалым. Прызнанне такой магчымасці зрабіла б відавочнай неабходнасць канстытуцыйных палажэнняў, якія спрыялі б прыняццю найлепшых меркаванняў і абмяжоўвалі б тое, што не заслугоўвае здзяйснення ў грамадскім жыцці. Але Русо адмаўляе існаванне любых палітычных нюансаў і адценняў, дый не можа іх дапусціць, калі хоча захаваць сваю канцэпцыю агульнай волі. «Воля альбо з'яўляецца агульнай, альбо не»18. Адрозненні ў меркаваннях, што існуюць у дзяржаве, павінны, паводле Русо, мець толькі цалкам супрацьлеглы характар.

Але пачуццё рэалізму ў Русо ўмешваецца ў гладкі ход яго думкі. Русо прызнае, што на справе большасць не заўсёды будзе абавязкова мець рацыю. 3 гэтага вынікае, што меншасць не заўсёды будзе памыляцца. 3 прычыны той небяспекі, што воля большасці можа пераважыць волю тых, хто мае рацыю, былі б падставы чакаць, што Русо па меншай меры з пэўнай ступенню сур'ёзнасці разгледзіць неабходнасць канстытуцыйных абмежаванняў для такой часовай большасці. Калі агульная воля сапраўды ёсць увасабленне пастаяннага і агульнага інтарэсу людзей, то, здаецца, яе здзяйсненню ў грамадскім жыцці ніяк не перашкодзіла б прасейванне жаданняў большасці праз сістэму ўстаноўленых абмежаванняў, у выніку чаго была б даказана іх якасць як сталай народнай волі. Лагічным здаецца і тое, што Русо варта было б вызначыць практычныя меры па абмежаванні і моцнай меншасці, якая можа спрабаваць узурпіраваць ролю большасці на той падставе, што яна, меншасць, нібыта прадстаўляе агульную волю. Але Русо вядзе размову толькі пра «абавязак меншасці прызнаваць рашэнні большасці»19.

Ва ўмовах адсутнасці канстытуцыйных гарантый і традыцый канстытуцыйнай маралі гэта вельмі слабая абарона ад магчымай тыраніі.

Можна і далей прыводзіць прыклады непазбежнага, здавалася б, прыходу думкі Русо да канстытуцыйнага ладу. Гэтага, аднак, так і не адбываецца: меркаванне Русо раптоўна мяняе напрамак. «Па прыродзе сваёй людзі заўсёды імкнуцца да таго, што дабрадзейнае, але ж па прыродзе сваёй яны і не заўсёды здольныя распазнаць яго», — піша Русо. Людзі для яго — таксама «сляпое мноства». Здавалася б, з такой ацэнкі натуральным чынам вынікае патрэба ў пэўных юрыдычных абмежаваннях іх волі і ў прадстаўніках, якія б агучвалі іх інтарэсы. Але такая даволі зняважлівая характарыстыка народа датычыць яго толькі датуль, пакуль не набывае «поўную сілу» праз часовае кіраўніцтва прадстаўнічага заканадаўцы, хоць Русо і пасля гэтага «асвечанага кроку» прадбачыць пэўныя цяжкасці. Яго глыбока клапоціць небяспека таго, што выканаўчая ўлада можа ўзурпаваць вярхоўную ўладу, і ў якасці сродка супраць гэтага ён прапануе «рэгулярна склікаць асамблеі, якія не маюць права забароны ці адтэрміноўкі працы ўлады». Хоць гэтая і іншыя прапановы, якія ўтрымлівае «Грамадскае пагадненне», здаюцца больш фундаментальнымі і безумоўнымі за любы закон, яны ніколі не суправаджаюцца прапановай аб іх канстытуцыйным зацвярджэнні. Нават законы, якія распрацаваны заканадаўцам і ўсталёўваюць новы палітычны лад, не вымагаюць такога замацавання. Наступныя радкі Русо небяспечна набліжаюць яго да забароненай ідэі: «Праўда тое, што... нельга замахвацца на абраны ўрад, калі ён па-ранейшаму адпавядае інтарэсам грамадскага дабрабыту». Нібыта ўсведамляючы канстытуцыйную падаплёку такой пазіцыі, Русо спяшаецца дадаць, што «такая памяркоўнасць ёсць правіла палітыкі, а не закона»20. Нішто не павінна замінаць народу рабіць любыя змены, якія ён толькі захоча, у любы час. Паказальна, што Русо лічыць, што грамадзянам новай дзяржавы ніколі не прыйдзе ў галаву абараняць агульную волю ад амаральнай волі ўсіх шляхам канстытуцыйных правілаў. Як бачым, вярхоўная ўлада вымагае і патрабуе поўнай свабоды дзеяння. Нават спроба неяк падпарадкаваць незаконныя палітычныя імкненні будзе азначаць небяспечныя абмежаванні самапраяўлення агульнай волі.

У той ступені, у якой думка Русо захоўвае водгук мінулага дуалістычнага погляду ў заходняй філасофіі на прыроду чалавека з яго песімістычнай ацэнкай здольнасці чалавека ўзняцца над уласнымі нізкімі імкненнямі, ён падштурхоўваецца ў напрамку прызнання нейкай формы канстытуцыяналізму. Аднак асноватворная ўтапічная скіраванасць яго філасофіі не дае гэтай тэндэнцыі замацавацца. Натхнёны сваім «сэрцам», ён перакананы, што без усялякіх канстытуцыйных гарантый прапанаваныя ім схемы будуць нейкім чынам не толькі прынятыя, але і захаваныя людзьмі на працягу доўгага часу. Меркаванне Русо, што агульная воля будзе выказвацца большасцю, супярэчыць таму, што сам Русо прызнае за факт гістарычнага развіцця. Гэта не больш чым надзея. Сапраўды, тая значнасць, якую Русо надае прапагандзе і іншым шляхам фарміравання грамадскай думкі, дэманструе, што нават у грамадстве, заснаваным на грамадскім пагадненні, выяўленне агульнай волі не будзе насіць аўтаматычны характар21.