Адмаўленне Русо падпарадкаваць волю большасці якім-небудзь абмежавальным правілам, нягледзячы на тыя цяжкасці, з якімі ён з гэтай прычыны сутыкаецца, атрымлівае канчатковае тлумачанне ў яго перакананні, што ўсё дабрадзейнае ў чалавеку выяўляецца спантанна. У цэнтры ягонай увагі ў «Грамадскім пагадненні» стаіць пытанне, якім чынам можна стварыць такія ўмовы, каб імпульсіўная дабрадзейнасць магла рэалізаваць сябе. Чалавек павінен быць вызвалены ад штучных матываў, якія скажаюць і пазбаўляюць свабоды яго сапраўдную прыроду. Дзе толькі неабходна, чалавека трэба «прымушаць быць свабодным»22. У адрозненне ад абмежаванняў, без якіх вызваленне прыродных імкненняў чалавека з ланцугоў часам немагчымае, гэтая спантаннасць, як толькі аднаўляецца яе кіруючая роля у людскіх паводзінах, не павінна мець межаў.
Трэба правільна разумець такія тэрміны, як імпульс і спантаннасць. У маральнай тэорыі Русо пад імі разумеюцца не спарадычныя ўсплёскі жаданняў і страсці ці бязмэтная эмацыйная ўзнятасць. На думку Русо, дзейнасць сапраўды свабоднага індывідуума, які скінуў з сябе ланцугі традыцыйнай цывілізацыі, цячэ ўвесь час у пэўным станоўчым напрамку. Чалавек, учынкі якога заўсёды характарызуюцца спантаннасцю, паслядоўна ідзе шляхам дабрадзейнасці, што робіць яго жаданні і патрэбы вельмі простымі. Прадстаўнікам разбэшчанай цывілізацыі яго жыццёвы лад і паводзіны могуць здавацца нават аскетычнымі. Асабліва трэба памятаць, што і саму форму арганізацыі ці рэгулявання, якая неабходная таму ці іншаму грамадству, Русо разглядае як неад'емны элемент спантаннасці. А заснаваная на традыцыях цывілізацыя знішчае гэты дар «прыроды».
Паводле Русо, грамадзянін, які рыхтуецца да галасавання ў асамблеі, павінен «кіравацца сваім розумам [п'оріпе que d'apres /ыі]»23. Гэты погляд можна часткова прадставіць як неабходнасць адчужэння ад пабочнага ўплыву і прыслухоўвання толькі да ўласнага сэрца. Толькі самнасам са сваімі прыроднымі адчуваннямі чалавек здольны маральным чынам адгукнуцца на тыя пытанні, якія стаяць перад ім. Агульная воля, якая ствараецца ці камбінуецца са спантанных імпульсаў усіх натхнёных такім чынам індывідуумаў, скіроўваецца на тое, што ёсць дабрадзейнае па сваёй сутнасці.
Паняцце несумяшчальнасці палітычнай маралі з вонкавым уплывам на рашэнні індывідуума спалучаецца ў філасофіі Русо з яго канцэпцыяй людской чысціні ва ўмовах натуральнага ладу жыцця. Гэтая дабрадзейнасць, лічыць Русо, знішчаецца адрывам ад спантаннасці ўласных імкненняў чалавека. У чалавека новай сацыяльнай фармацыі сфера імпульсаў істотна пашырана і мае палітычную афарбоўку, але магчымасць маральнасці захоўваецца шляхам устаранення ўплываў, якія займаюць месца самаадчужэння. Крытычны аналіз волевыяўленняў народа, якога патрабуе канстытуцыйнае абмежаванне дзейнасці той часткі грамадства, якая ў дадзены момант складае большасць, нібыта парушае сувязь с натхняльным уплывам прыроды. Мэта абмеркавання на народным сходзе, якое, паводле Русо, павінна быць у ідэале вельмі кароткім, заключаецца не ў аналізе канкрэтнага волевыяўлення народа, а ў пошуку шляхоў яго большае натуральнасці ў новых палітычных умовах.
Думка, што найпершы імпульс у чалавека заўсёды добры, зноў і зноў гучыць у творах Русо. Адзін з найбольш добразычлівых каментатараў Русо Эрнст Касірэр адзначае: «Нават этычнае сумленне захоўваецца для Русо на ўзроўні «інстынктаў», паколькі грунтуецца не на рэфлексіўным пазнанні, а на спантанным імпульсе»24. У «Эмілю» Русо піша аб тым, што «першыя імпульсы сэрца нараджаюць першыя адчуванні сумлення». Ен даводзіць, што «справядлівасць і дабрыня — не проста абстрактныя паняцці ці маральныя ўстаноўкі, акрэсленыя развагай, а сапраўдныя імпульсы сэрца, асвечаныя розумам, натуральнае выяўленне нашых пачатковых імкненняў»25. Вера Русо ў спантанную дабрадзейнасць чалавека прасочваецца і ў яго аўтабіяграфічных працах: «Я цалкам перакананы, што маё сэрца схільнае толькі да таго, што добрае. Усё зло, што я рабіў на працягу свайго жыцця, атрымлівалася ў выніку разважанняў, а за тую невялікую колькасць дабра, на якую я аказаўся здольны, я павінен быць удзячны сваім імпульсным парыванням»26. Можна прыводзіць яшчэ шмат прыкладаў атаясамлівання Русо маральнасці са спантаннасцю і распусты з абмежаваннямі і разважаннямі. I гэта недзіўна. Калі, па ўзору Русо, лічыць, што чалавек па сваёй прыродзе дабрадзейны і што яго істота нейкім чынам вольная ад зла, то лагічна верыць і ў тое, што пры адсутнасці прадузятасці і разважанняў толькі дабро чалавек і робіць.
Згодна з прынцыпам грамадскага права, які прыводзіць Русо, «ніводзін чалавек не звязаны пагадненнем з самім сабой». Развіваючы гэтую ідэю, Русо лічыць «абсурдным жаданне скаваць сябе на будучыню»27. Выкарыстоўваючы сваё разуменне дзяржавы як грамадскай асобы, Русо ў той жа час сцвярджае, што дзяржава не можа быць звязана абавязацельствамі перад сабой — такімі, як канстытуцыйныя законы. Тут мы становімся сведкамі фундаментальнай заганы палітычнай філасофіі Русо. Ці праўда, што чалавек не звязаны пагадненнем з сабой? Вядома, заўсёды магчыма, што такое пагадненне будзе ігнаравацца, але гэта ніяк не паўплывае на той факт, што да яго чалавека будзе прымушаць мараль. Ці не падобнага кшталту абавязацельствы мы раз за разам прымаем? Насуперак ідэалу Русо, якім ён вызначае і ўласнае, і калектыўнае жыццё, мы, здаецца, заўсёды звязваем сябе на будучыню. Наша паслядоўнасць як маральных істотаў ёсць у значнай ступені вынік уласных абавязацельстваў паводзіць ці не паводзіць сябе пэўным чынам. «Я ніколі болей не буду паводзіць сябе такім чынам!» «Я хачу быць сумленным, таму што я маю розум». «Я павінен стрымліваць сваю эгаістычнасць». I хоць мы, у пэўным сэнсе, свабодныя парушаць абяцанні, дадзеныя самім сабе, мы адчуваем маральны абавязак прытрымлівацца іх. Вынікам іх парушэння з'яўляецца этычнае самаасуджэнне. Ці не можа народ таксама прыняць на сябе абавязацельствы — напрыклад, у выглядзе канстытуцыі, прытрымлівацца якой прымушае мараль?
Згодна з раней ужо распрацаванай мною філасофскай тэорыяй выкананне свайго абавязку дзеля набліжэння той мэты, якую ўтрымлівае этычнае сумленне, з'яўляецца неабходным, калі чалавек хоча быць хоць бы ў нейкай ступені маральнай істотай. Спантанны pyx y гэтым напрамку немагчымы. Чалавек, наадварот, павінен абмяжоўваць імкненне паводзіць сябе адвольна і своекарысліва. Маральнасць нярэдка набываецца коштам вельмі цяжкай самадысцыпліны.
У сваю чаргу Русо пастулюе анталагічнае адзінства і дабрадзейнасць чалавечай прыроды. Унутраная падзеленасць чалавека з'яўляецца для Русо не неад'емным фактам жыцця, а злачынствам, учыненым супраць чалавека грамадствам, заснаваным на пагадненні.
У гэтай сувязі неабходна памятаць, што, ведучы размову аб дабрадзейнасці і справядлівасці, Русо мае на ўвазе нешта, што вынікае з любові да сябе (amour de soi). Апошняя частка фразы не скасоўвае этычнай нормы Русо. Хутчэй за ўсё пад «я» ў дадзеным выпадку мелася на ўвазе не нейкая эгаістычная воля, а маральны прынцып, вядомы чалавеку і адначасова трансцэдэнтны ў адносінах да яго. Аднак такі дуалістычны погляд на чалавечую прыроду рэзка супярэчыць філасофіі Русо. Адмаўленне ім гэтага погляду можна прадэманстраваць на прыкладзе наступнай цытаты, якая часткова ўжо прыводзілася раней і дазваляе зазірнуць у самую сутнасць этычнай думкі Русо:
Калі перапаўняюць маё сэрца эмоцыі, якія атаясамліваюць мяне з маім сабратам, і я адчуваю, што не магу дазволіць яму пакутаваць ці буду пакутаваць і сам, я клапачуся пра яго з тае прычыны, што клапачуся пра сябе, і загад на гэта атрымліваю ад прыроды, якая незалежна ад месца майго знаходжання натхняе мяне клапаціцца пра сябе. 3 гэтага я раблю выснову аб памылковасці таго меркавання, быццам патрабаванні натуральнага закона заснаваныя выключна на розуме; падмурак у іх значна больш трывалы і ўстойлівы. Крыніцай справядлівасці ў чалавечым жыцці з'яўляецца любоў да іншых, якая вынікае з любові да сябе28.
Такім чынам, уся мараль вынікае з клопату пра сваю асобу. Гэтае красамоўнае сцвярджэнне не ўтрымлівае і намёку на супрацьстаянне паміж высокім і нізкім бакамі асобы чалавека і цалкам пазбаўлена ўсведамлення таго, што любоў — гэта тая рыса, якая і ў нас саміх, і ў іншых звязана толькі з тым, што мае этычную каштоўнасць, звязана не з усёй асобай чалавека, а з нашым патэнцыялам духоўнага росту. Toe ж, што апісвае Русо, ёсць простая плынь неразборлівай сімпатыі і спачування. Русо лічыць залішнім пытанне, ці з'яўляецца маральна дасканалай ці разбэшчанай тая асоба, якой належаць гэтыя пачуцці, і тое «я» ў іншым чалавеку, з якім яна сябе атаясамлівае. Цалкам магчыма, напрыклад, спачуваць жаданню злачынцы ўцячы з турмы ці жаданню наркамана прыняць чарговую дозу наркотыкаў, але звычайна такое спачуванне не мае нічога агульнага з маральнасцю, таму што сыходзяць і скіроўваюцца на «я», якое супярэчыць паняццю дабра. Адхіляючы амаральнасць як адну з рысаў чалавечай прыроды, Русо не прызнае вострай патрэбы правесці размежаванне паміж рознымі парываннямі «сэрца». Яго погляд на чалавечую прыроду мае манісцкі характар, і да маральнасці ён ставіцца як да іманентнай якасці, якая праяўляецца ў імпульсах. Ен лічыць, што маральнасць вызначаецца спантанным выяўленнем цёплых пачуццяў, цёплых з прычыны клопату аб уласным «я».