Выкананне маральнага абавязку, як вучаць класічная і іудзейска-хрысціянская традыцыі, часта ёсць задача балючая і цяжкая. Яно вымагае пастаяннага ўмяшання ў нашы спантанныя імпульсы. Погляд Русо цалкам іншы. Ен гаворыць пра «задавальненне ад выканання абавязку»29. У «Эмілю» вуснамі манаха-савойца Русо ўслаўляе тое задавальненне, якое адчуваецца, калі паддаешся «спакусе рабіць дабро»: «Гэтая спакуса настолькі натуральная, настолькі прыемная, што супрацьстаяць ёй увесь час немагчыма; і ўспаміну аб атрыманым аднойчы задавальненні дастаткова, каб зноў і зноў хацець ёй паддацца». Па словах манаха, «няма нічога саладзейшага за дабрадзейнасць». Які ж сапраўдны этычны змест гэтых бурных патрабаванняў «трымацца парыванняў свайго сэрца»?30 Ім нестае ўсведамлення наяўнасці ў чалавеку высокага і ніэкага і разумення таго, што этычныя паводзіны рэдка суправаджаюцца толькі пачуццём лёгкасці і прыемнасці. Такім маральным паводзінам, якія, паводле Русо, не патрабуюць намагання і нясуць толькі задавальненне, можна супрацьпаставіць погляд Арыстоцеля, які сцвярджае, што для чалавека рабіць дабро — нярэдка значыць рабіць тое, што адчуваецца вельмі балюча. «Менавіта дзеля задавальнення мы робім дрэнныя ўчынкі і менавіта з-за болю ўстрымліваемся ад высакародных»31. Калі лічыць, што Русо атаясамлівае маральнасць з канкрэтнымі чалавечымі імпульсамі, то няцяжка зразумець яго расчараванне ў магчымасці ўстойлівага адчування шчасця. «Мяне бярэ сумненне, ці існуе яно»,— піша Русо напрыканцы свайго жыцця32. Вучэнне Арыстоцеля, наадварот, скіравана менавіта на дасягненне вечнага шчасця. Ці не іранічна, што вера Русо ў адвечную дабрадзейнасць людской прыроды пазбаўляе яго больш глыбокага пачуцця гармоніі, уласцівага тым філосафам, якія менш лесцяць чалавеку? Гэтак сама, як Русо не бачыць непазбежнай дваістасці чалавечай душы, якая часта патрабуе вялікіх высілкаў волі дзеля захавання маральнасці, не бачыць ён і адпаведнага невыкараняльнага процістаяння ў грамадстве, якое пагражае палітычнаму адзінству. «Ва ўсім, што падрывае сацыяльнае адзінства, няма патрэбы,— піша Русо,— і існаванне любых інстытутаў, якія вымушаюць чалавека канфліктаваць з самім сабой, бессэнсоўнае»33. Гэтым сцвярджэннем, накіраваным у першую чаргу супраць гістарычнага хрысціянства, Русо паўстае супраць той старой думкі, што канфлікт з самім сабой ёсць квінтэсэнцыя катэгорыі чалавека. Класічная і іудзейска-хрысціянская традыцыі таксама накіраваныя на адзінства і гармонію ў чалавеку і грамадстве, але дзеля нават абмежаванага прагрэсу ў гэтым накірунку яны патрабуюць ад чалавека працяглай самадысцыпліны пры падтрымцы моцнай культурнай традыцыі.
Эгалітарны індывідуалізм Русо вядзе да сцвярджэння ўсеагульнага выбарчага права. Аднак гэты індывідуалізм пазбаўлены ўсведамлення унікальнасці чалавека і разумення гэтай унікальнасці як аргумента на карысць абмежавання права дзяржавы на кантроль за грамадзянамі. Для Русо ўсеагульнае выбарчае права есць, у першую чаргу, сродак забеспячэння максімальнай зладжанасці палітычнага арганізма. Надзяляць індывідуума значнай свабодай дзеля вызначэння ім сваёй ролі ў грамадстве Русо не збіраецца. Гэтая роля вызначаецца воляй вярхоўнай улады, ад якой індывідуум атрымлівае «жыццё і сваю сутнасць»34. Грамадзяне павінны «як мага раней быць прывучаныя разглядаць сваю індывідуальнасць толькі адносна арганізма дзяржавы і ўсведамляць, гэтак кажучы, сваё існаванне толькі як частку існавання дзяржавы»35.
Каб агульная воля магла замацаваць свае пазіцыі, Русо настойвае на тым, што «ў дзяржаве не павінна быць ніякіх фракцыйных аб'яднанняў»36. Русо адхіляе тое, што Роберт Нізбет называе «аўтаномнымі групоўкамі», г.зн. прыватнымі аб'яднаннямі асобы і дзяржавы з пэўнай рэальнай заканадаўча зацверджанай аўтаноміяй37. Такія аб'яднанні, паводле меркавання Русо, толькі аддаляюць грамадзяніна ад дзяржавы і, такім чынам, зніжаюць яе ўплыў. Гэты погляд можна параўнаць з поглядам Эдмунда Бэрка, які лічыў, што крыніцай прыхільных пачуццяў да дзяржавы з'яўляецца наша любоў да тых прыватных груп, да якіх мы належым38.
Грамадскае пагадненне надае дзяржаве «абсалютную ўладу» над яе членамі. Нібыта заклапочаны той рэакцыяй, якую можа выклікаць у яго сучаснікаў такое бескампраміснае палажэнне, Русо непаслядоўна спрабуе пераканаць нас у тым, што ўжо сама агульная воля змяшчае абмежаванні дзяржаўнай улады. Індывідуум саступае дзяржаве роўна столькі сваёй улады, маёмасці і свабоды, колькі «патрэбна грамадству». Аднак Русо адразу ж дадае, што «вярхоўная ўлада адзіная мае права вызначаць склад і памер такой патрэбы»39. Ва ўмовах адсутнасці канстытуцыйных абмежаванняў права вызначаць склад і памер такой патрэбы належыць грамадскай большасці, якая існуе на той момант.
Замацаваныя ў канстытуцыі свабоды і правы могуць разглядацца ў тым ліку як практычная гарантыя супраць замахаў дзяржавы на высокае прызначэнне, уласцівае кожнаму індывідууму. Ацэнка здзяйснення гэтага высокага прызначэння магчымая толькі на індывідуальным узроўні, паколькі з прычыны сваёй унікальнасці толькі індывідуум можа ведаць, да якога ладу жыцця заклікае яго этычнае сумленне. Насуперак меркаванню Русо, быццам усе грані існавання асобы вызначаюцца воляй вярхоўнай палітычнай улады, гэты погляд мае на ўвазе тое, што роля кожнага індывідуума вызначаецца адносна крытэрыяў, трансцэдэнтных любой палітычнай уладзе. Законнасць дзяржавы залежыць ад таго, у якой ступені яна паважае і спрыяе ажыццяўленню грамадзянамі мэты, якая адкрываецца ў этычнай свядомасці. Паколькі апошняя катэгорыя накіроўвае ўсіх людзей да агульнага цэнтра, гэты погляд — не заклік да анархіі. Ен ставіць над дзяржавай уладу больш высокую, з якою дзяржава параўноўваецца і часам не на сваю карысць. Такі падыход супярэчыць палітычнай думцы Русо. 3 яго пастаянным імкненнем замацаваць абсалютную ўладу дзяржавы ён адмаўляе тое, што лічыць хрысціянскім зместам Евангелля: «Замест таго, каб далучаць сэрцы грамадзян да дзяржавы, гэтая рэлігія адрывае іх ад яе, як і ад усіх іншых рэчаў у свеце; і я не ведаю нічога, што б у меншай ступені адпавядала сацыяльнаму духу». Тып «рэлігіі», які вылучае Русо, выводзіць свае догмы з вярхоўнай палітычнай улады. Гэтыя догмы не павінны «змяшчаць нічога, што перашкаджае выкананню грамадзянамі сваіх абавязкаў»40.
Русо не задавальняе тая ідэя, што дзяржава можа адыгрываць значную ролю ў вызначэнні жыцця індывідуума, a сам індывідуум можа лічыць падзел паміж ім і ўладай ва ўпарадкаванні свайго жыцця за важны сродак дасягнення жыцця дабрадзейнага. Русо не прызнае магчымасць падзелу ўлады і, у прыватнасці, канстытуцыйнага прызнання такога падзелу. Ен разумее, што для канцэпцыі неабмежаванай улады ідэя трансцэдэнтнай маральнай існасці ўтрымлівае найбольшую пагрозу. Калі чалавек нашмат больш прыхільна ставіцца да этычнага сумлення, чым да любой палітычнай улады, то знікаюць усялякія спадэяванні на безагаворачную адданасць дзяржаве. Па словах Лестэра Крокера, гэта значыць, што «індывідуальнае сумленне можа часам быць маральна вышэйшым за закон ці па меншай меры лічыць сябе гэткім. У такі момант мы можам развітацца з калектыўным, арганічным адзінствам палітычнай структуры»41.