Выбрать главу

Дзеля набліжэння дабрадзейнага жыцця нізкія імкненні чалавека павінны нейкім чынам быць дысцыплінаваныя. Па словах Эдмунда Бэрка, «супольнае жыццё вымагае не толькі падпарадкавання страсцей індывідуумаў, але і перашкодаў на шляху імкненняў грамадства, абмежаванняў яго волевыяўлення і кантролю яго эмоцый. Ажыццявіць усё гэта можа толькі вонкавая сіла, якая не падпарадкаваная той волі і тым страсцям, якія яна прызначана ўтаймоўваць»7. Гэтая абмежавальная маральная існасць ляжыць, па словах Бэрка, па-за індывідуумам і трансцэдэнтная ў дачыненні да яго. У пэўным сэнсе, яна сапраўды з'яўляецца не часткай нізкага «я» чалавека з яго неарганізаванымі імпульсамі, а дысцыплінуючым уплывам звонку. Але з другога боку, якога Бэрк увогуле тут не заўважае, гэтая існасць ёсць і ў чалавеку і ўвасабляе яго ўласнае этычнае сумленне, сапраўднае людское прызначэнне, якое індывідуум дзеліць з іншымі людзьмі.

«Уласныя» звычкі чалавека, якія з'яўляюцца яго індывідуальнаю спробай перамагчы сваё імкненне паддацца некантраляваным мараллю імпульсам, цяжка адрозніць ад лініі паводзін дзеля аналагічнай мэты, якой чалавек прытрымліваецца ў «грамадскім» ці «палітычным» жыцці. Гэта два бакі адной і той самай спробы ажыццявіць маральную мэту. 3 прычыны сацыяльнага характару самой мэты і індывідуальнага характару яе дасягнення перадумовы можна лічыць адначасова «ўласнымі» і «грамадскімі». У «грамадскім» вымярэнні этычнае сумленне вымагае асаблівага тыпу супрацоўніцтва з іншымі — такога, пры якім максімальна змяншаецца ўплыў адвольнасці. Да любога палітычнага кантэксту этычнае сумленне ставіць наступнае пытанне, якое высвятляе ступень маральнага аналізу: «Ці з'яўляецца гэтае дзеянне добрым?». У палітычным сэнсе тое ж пытанне індывідуумам можа гучаць крыху па-іншаму: «Ці адпавядае гэты «грамадскі» ўчынак інтарэсам і прынцыпам супольнага жыцця?». Сфармуляванае такім чынам пытанне мае на ўвазе маральны абавязак у «грамадскіх» справах для кожнага грамадзяніна. Агульная звычка ставіць перад сабой такое пытанне і складае маральнае вымярэнне канстытуцыяналізму. Трэба эвярнуць увагу на тое, што на справе гэтае пытанне азначае заклік да абавязковых для ўсіх структурных абмежаванняў. Вышэйшая воля, што ўвасоблена ў чалавеку, не можа працаваць у вакццме — яна вымагае канкрэтнай глебы палітычнай рэальнасці. 3 улікам своекарыслівых ці нядобрасумленных паводзін іншага кшталту палітычнае развіццё грамадства немагчымае без згоды аб прытрымліванні ў грамадстве пэўных агульных правілаў. Такім чынам, немагчыма зрабіць адрозненне паміж імкненнем падпарадкавацца гэтым абмежаванням дзеля здзяйснення свайго маральнага прызначэння і непасрэдна этычным сумленнем. Этычная воля трансцэдэнтная ў дачыненні да ўсіх існуючых канстытуцый, але патрэба ў этычнай волі зафіксавана ў кожнай з іх. У дачыненні да грамадскіх спраў гэтая воля сапраўды можа быць вызначана як дух канстытуцыйнага ладу.

Ва ўмовах дэмакратыі народ накладвае на сябе канстытуцыйныя абмежаванні. Гэта не азначае, што кожнае палажэнне канстытуцыі будзе цалкам задавальняць кожнага грамадзяніна. Пры магчымым крытычным стаўленні да розных частак канстытуцыі дзяржавы грамадзянін можа, тым не менш, паважліва, у духу канстытуцыяналізму ставіцца да яе. Іншымі словамі, ён можа разумець, што працэс утаймавання палітычнай адвольнасці патрабуе ад яго прытрымлівання нават тых палажэнняў, якія яго не задавальняюць, на ўсім працягу іх дзеяння. Спроба змяніць недасканалыя, на ўласны погляд чалавека, палажэнні можа ажыццяўляцца толькі шляхам іх перагляду згодна з канстытуцыяй, а не праз адвольнае тлумачэнне ці іншым чынам, які парушаў бы змест гэтых палажэнняў. У той жа час індывідуум можа ўсведамляць і тое, што яго погляд на тое, якім чынам урад мусіць ажыццяўляць маральнае прызначэнне, з'яўляецца памылковым, бо ў сваім адмаўленні адвольнасці этычнае сумленне таксама перасцерагае супраць дачаснай перакананасці ў маральнай годнасці канкрэтных палітычных прапаноў. Існуе істотнае адрозненне паміж падтрымкай асобных канстытуцыйных правілаў і самою згодай прытрымлівацца гэтых правілаў дзеля вышэйшай мэты, нават нягледзячы на пэўную іх недасканаласць.

Павагу да канкрэтных палажэнняў канстытуцыі можна лічыць заснаванай на пачуцці вышэйшага закона, які можна разумець і як неабходнасць захоўвання годнасці распрацаваных людзьмі законаў. Усведамляючы канстытуцыйны лад як «рэальную праяву і адлюстраванне ідэі закона прыроды», Хэлоўэл пісаў наступнае: «Канстытуцыйнае кіраванне ёсць спосаб самаабмежавання, якое ва ўмовах дэмакратыі народ накладвае на сябе, і незалежна ад наяўнасці інстытутаў судовай улады далейшае яго існаванне залежыць у большай ступені ад асэнсавання ўсімі грамадзянамі неабходнасці абмежаванняў і іх гатоўнасці добраахвотна гэтым абмежаванням падпарадкоўвацца, чым ад упарадкавальнай дзейнасці ўладных устаноў»8.

Канстытуцыю мы можам разглядаць як частку разнастайных культурных звычак, з дапамогай якіх людзі накіроўваюць свае паводзіны на пабудову такой дастойнай формы асацыяцыі, як супольнасць. Такія звычкі дапамагаюць стрымліваць заўсёды маючыя быць у грамадстве адцэнтрабежныя і разбуральныя тэндэнцыі. Гэта часовыя дырэктывы, у дачыненні да якіх трансцэдэнтны галоўны напрамак развіцця. Ставіцца да такіх звычаяў як да канчатковых і не падлягаючых перагляду ці ўдасканаленню — несумяшчальна з маральнай мэтай жыцця. Дух канстытуцыйнага ладу вымагае не толькі павагі да асноўнага закона, але і магчымасці мяняць гэты закон у адпаведнасці з больш эфектыўным спосабам набліжэння здзяйснення маральнага прызначэння чалавека. Над усімі канстытуцыямі стаіць вышэйшы закон. «Тым, хто задаецца пытаннем, у чым заключаецца гэты вышэйшы закон,— пісаў Уолтэр Ліпман, — можна адказаць, што ён уяўляе сабой пастаяннае імкненне людзей развіваць сваю цывілізаванасць і што значнасць і сутнасць гэтага закона раскрываюцца паступова і ніколі не могуць быць вычарпаныя»9.

Я сцвярджаў, што сутнасць этычнага сумлення можна лепш растлумачыць як прынцып самацэнзуры ці самааналізу, чым як загад на здзяйсненне таго ці іншага учынку. Нягледзячы на наяўнасць пачуцця высокай мэты, маральныя паводзіны ніколі не здзяйсняюць яе цалкам, заўсёды пакідаючы адчуванне здрады гэтай справе. Звязаць ідэю этычнага сумлення як прынцыпу цэнзуры з нашым абмеркаваннем канстытуцыйнага ладу мы можам праз інтэрпрэтацыю наступнага кароткага меркавання Кэлхуна: «Менавіта адмаўленчая ўлада складае канстытуцыю, a сцвярджальная — урад. Адна з іх ёсць улада дзеяння, а другая — улада прадухілення ці стрымання дзеяння. Спалучэнне абедзвюх стварае канстытуцыйнае кіраванне»10.