Выбрать главу

Паколькі прынцыпы этычнага дабра рэалізуюцца індывідуумамі ў канкрэтных сітуацыях, у якіх іх волевыяўленне адбываецца ў добра знаёмых і зразумелых ім абставінах, мэту універсальнасці этыкі складаюць самыя разнастайныя канкрэтныя дзеянні і задачы. Паняцце агульнай карысці ў палітыцы складаецца з сукупнасці шматлікіх інтарэсаў, тых канкрэтных інтарэсаў, якія разам спрыяюць ажыццяўленню прынцыпаў этычнага жыцця грамадства. Нават найбольш дасведчаныя асобы не ў стане падмяніць уласнымі інтэлектуальнымі арыенцірамі гэты працэс станаўлення чалавечых імкненняў у хадзе гісторыі. Ніводзін чалавек не валодае аналітычнасцю, прадбачлівасцю і разуменнем усёй той велізарнай колькасці канкрэтных маральных патрабаванняў, якія павінны выконвацца людзьмі на ўсіх ступенях грамадства.

Нават калі б і было магчымым ачысціць палітыку ад уласных інтарэсаў асоб і груповак, дык і тады ад гэтага трэба было б устрымацца. Шырокі спектр уласных інтарэсаў у грамадстве уключае ў сябе і больш ці менш асэнсаваныя намаганні, якія з'яўляюцца праявамі этычнай волі. 3 этычнага пункту погляду найбольш пажадана існаванне такога грамадскага і дзяржаўнага ладу, калі перавага аддаецца інтарэсам тых колаў, якія імкнуцца здзейсніць прынцыпы маральнай супольнасці. Этычнай мэтай канстытуцыяналізму з'яўляецца, з аднаго боку, схіленне індывідуумаў і груповак, якія канкуруюць між сабой у грамадстве, да дастатковага самаабмежавання і, з другога боку, стварэнне дастатковых перашкод перад тымі, хто надзелены ўладай рэгуляваць грамадскія адносіны. Канстытуцыйны парадак прызначаны для таго, каб стрымліваць яўна неэтычныя імкненні і спрыяць пашырэнню ўплыву імкненняў больш высакародных. Нельга вызначыць абстрактна і загадзя, якія ўласныя інтарэсы будуць этычна абгрунтаванымі, a якія — не, хоць грамадства павінна мець хай нават часовае ўяўленне адносна таго, якія прыхільнасці з'яўляюцца цалкам непрымальнымі.

Прычына таго, чаму ў грамадстве пажадана мець шмат розных інтарэсаў і свабоду канкурэнцыі і нават узгадоўваць іх, заключаецца ў тым, што яны вельмі карысныя для грамадства ў цэлым. Новыя людскія планы і імкненні, якія з'явіліся ў адказ на новыя абставіны, трэба толькі вітаць і даваць ім магчымасць давесці, што яны — на агульную карысць. У пэўнай ступені з прычыны таго, што немагчыма прадбачыць, якія канкрэтныя інтарэсы будуць на агульную карысць у канкрэтных гістарычных абставінах, канстытуцыйны лад і адпаведныя сацыяльныя структуры павінны ўстрымлівацца ад навязвання занадта жорстка акрэсленых прынцыпаў. Без даволі значнай гнуткасці і здольнасці да прыстасавання грамадству будзе неставаць той свежасці і творчасці ў намаганнях, якія накіраваны на агульную карысць. Справа ў тым, што могуць з'яўляцца ўсё новыя і новыя ідэі адносна таго, якім чынам зрабіць жыццё больш плённым і ўвогуле яго палепшыць. Асобныя групоўкі і індывідуумы могуць цудоўным чынам выкарыстоўваць тыя магчымасці, што з'яўляюцца ў працэсе грамадскага развіцця. Нярэдка нечаканыя ініцыятывы, якія могуць значна ўзбагаціць і паглыбіць досвед цывілізацыі, настолькі супярэчаць звычайным працэдурам, што імкнуцца іх здзейсніць могуць толькі найбольш мужныя і настойлівыя асобы ці аб'яднанні. Роля гнуткасці і памяркоўнасці найбольш відавочная ў мастацка-інтэлектуальнай сферы, хоць у этычным жыцці гэтыя якасці маюць не меншае значэнне.

Але галоўнай прычынай захавання свабоды і разнастайнасці з'яўляецца тое, што агульныя каштоўнасці павінны нанова адкрывацца кожным новым пакаленнем і кожным чалавекам. Гэтыя каштоўнасці павінны быць увасоблены ў здаровай традыцыі, каб засвоеныя звычаі натхнялі людзей да дабра. Аднак такое засвойванне не павінна вылівацца ў аўтаматычнае імітаванне ці паўтарэнне мінулага. Універсальнасць этычных патрабаванняў павінна ўлічваць умовы жыцця новых пакаленняў і іх асобных прадстаўнікоў. Яна павінна зрабіцца натхняльнай сілай сучаснасці, а гэта значыць, што сапраўдную універсальнасць нельга аддзяліць ад творчасці людзей. Разумным традыцыям у філасофіі, мастацтве, этыцы заўсёды пагражаюць закаснелы фармалізм, атупляльная руціна і энтрапія. Трэба таксама падкрэсліць, што нават самыя высакародныя і жыццяздольныя правілы не вычэрпваюць усіх магчымых шляхоў рэалізацыі універсальных каштоўнасцяў.

Гістарычная эвалюцыя канцэпцыі дабра

Універсальныя каштоўнасці немагчыма абагульніць у выглядзе канкрэтнага збору правілаў ці мадэлі ўдасканалення. У рэшце рэшт, ім цесныя рамкі любой дактрыны. Складанасць і разнастайнасць жыцця адмаўляюць інтэлектуальныя рэцэпты дабрадзейных паводзін для ўсіх выпадкаў. Імкненне да атаясамлівання этычнага дабра з нейкімі «прынцыпамі» і старанным прытрымліваннем да іх ігнаруе пастаянную патрэбу творчага прыстасавання да абставін.

Я не маю на ўвазе прынізіць ролю розуму ў жыцці. Я толькі імкнуся даказаць, што розум — гэта не вярхоўная нарматыўная ўлада. Чалавек, які з'яўляецца істотай маральнай, у рэшце рэшт прыходзіць да асэнсавання ўлады высокай волі. Нягледзячы на тое, што розум не валодае нарматыўнай этычнай уладай, ён пастаянна імкнецца да афармлення этычнага досведу чалавека. Інтэлектуальнае, канцэптуальнае і дэфініцыйнае вызначэнне тым каштоўнасцям, якія спасцігаюцца чалавекам з уласнага досведу, дае філасофія. У гэтым сэнсе філасофія гістарычная, бо падыходзіць да агульнага з меркай канкрэтнага. Задачай этычнай філасофіі з'яўляецца сістэматычнае адсочванне мэтанакіраванасці высокай волі чалавека і яе сувязі з іншымі аспектамі чалавечага досведу. Узважаная філасофская тэорыя рыхтуе асобу да маральных дзеянняў праз тэарэтычнае тлумачэнне зместу тых учынкаў, якія ўжо адбыліся. 3 канцэпцыяй этычнага жыцця непарушна звязаная і яшчэ адна лінія аргументацыі, больш прагматычная, чым філасофская: гэта тая рацыянальнасць, на якой грунтуецца распрацоўка прынцыпаў і норм паводзін. Яна непазбежна вядзе да спрошчвання і арэчаўлення рэальнага стану маралі, але, тым не менш, з'яўляецца аб'ектыўнай патрэбай. Універсальны характар этыкі сапраўды вымагае існавання канкрэтных прынцыпаў, прытрымліваючыся якіх, людзі маглі б лягчэй арыентавацца ў пытаннях маралі, але ў момант маральнага выбару вышэй за вызначаныя нормы стаіць этычны імператыў. Унікальнасць сітуацыі заклікае да творчага сінтэзу універсальных каштоўнасцяў і канкрэтных асаблівасцяў. Чым больш этычнай з'яўляецца філасофія чалавека і ў чым большай ступені яна адбіваецца на ягоных прынцыпах паводзін, тым верагодней, што выхад з сітуацыі адбудзецца ў адпаведнасці з маральнымі нормамі. Але нават найбольш спрыяльнае «інтэлектуальнае асяроддзе» не гарантуе маральнасці ўчынкаў. Крытэрыі дабрадзейнасці заўсёды маюць у той ці іншай ступені часовы і неканчатковы характар і з гэтай прычыны патрабуюць свайго пастаяннага прыстасавання да новага зместу маральнага досведу4.

Любая універсальная каштоўнасць — маральная, інтэлектуальная ці эстэтычная — спасцігаецца ў рэальных праявах дабрадзейнасці, ісціны і прыгажосці, а не праз іх абстрактнае ўяўленне. Часам такія праявы заспяваюць грамадства неспадзявана, але яны робяць на людзей новы натхняльны ўплыў і вымушаюць паглядзець на свет новымі вачыма. Такім чынам, этычная універсальнасць ёсць маральная сіла, якая развіваецца на працягу гісторыі і можа мець крыху іншы змест у розных абставінах.

Этычны рацыяналізм не можа абмяжоўвацца такім паняццем этычнай універсальнасці, якое пакідае неакрэсленым высокае прызначэнне грамадства. Ен патрабуе канкрэтнага і дакладнага вызначэння канцэпцыі агульнай карысці, а этычная універсальнасць пакідае гэтае патрабаванне без увагі. Этычны рацыяналізм дае падставы сцвярджаць у адносінах да канстытуцыйнай дэмакратыі, якая не надта выразна абвяшчае свае маральныя мэты, што яна не застрахаваная ад капрызаў гістарычных падзей і палітычнага апартунізму.  Аднак трэба разумець,  што факт майго ўстрымання ад вывядзення формул добрага грамадства не азначае адсутнасці яўных маральных арыенціраў для асобнага чалавека і грамадства. Сутнасць у тым, што сіла, якая вызначае этычныя рамкі кожнага ўчынку, адрозніваецца ад кодэксаў паводзін (хоць забеспячэнне этычнага жыцця магчымае і дзякуючы кодэксам таксама).