Магчымы контраргумент, што, маўляў, такое бачанне этычнай універсальнасці пакідае маральныя крытэрыі паводзін нявызначанымі, будзе справядлівы толькі ў тым, што мой погляд адмаўляе абагульненне зместу лакамі маральных дзеянняў у выглядзе зводу прынцыпаў, правоў і г.д. Як я ўжо тлумачыў, узвядзенне такіх асаблівасцяў у закон, апроч як у прагматычных ці цырыманіяльных мэтах, непазбежна з'явіцца пагрозай этычнай мэце грамадства. Тым не менш, заўважу, што асноўная ўвага ў гэтай кнізе звяртаецца на ўсеагульны характар этычнага жыцця, а не на яго канкрэтны змест. Безумоўна, усведамленне сутнасці маралі толькі паглыбіцца ў выніку даследавання, прысвечанага яго ролі і праведзенага на шматлікіх гістарычных прыкладах. Факт таго, што такое даследаванне можа істотна ўзбагаціць бачанне прыроды высокага прызначэння грамадства, відавочны ўжо з таго філасофскага аналізу, які змешчаны ў гэтай кнізе. Схематызацыя і сістэматызацыя ў этычнай філасофіі толькі перашкаджаюць сваімі акуратнымі формуламі асэнсаванню ўсяго дынамізму і складанасці этычнага жыцця. У сваю чаргу, сістэмны аналіз адначасовага супрацьстаяння агульнага і канкрэтнага апісвае сапраўдную структуру досведу. Такі падыход мае перспектыву на будучыню і дзякуючы таму, што характарызуе маральную катэгорыю чалавека незалежна ад часу і месца. 3 пункту погляду неабходнасці ўяўлення аб тым, якім павінен быць маральны ўчынак, істотнае значэнне мае ўсведамленне таго, што веды аб разнастайных аспектах формы этычнага жыцця з'яўляюцца адначасова і ведамі аб яго сутнасці. Форма і сутнасць этычнага жыцця звязаныя непарыўна, хоць асаблівасці будучага дабрадзейнага ўчынку невядомыя.
Той факт, што канкрэтныя ўмовы ўжывання універсальных этычных нормаў пастаянна мяняюцца, ніякім чынам не можа адбівацца адмоўна на іх выключным характары і тых маральных патрабаваннях, якія яны ставяць перад намі. Наадварот, вытрымліваць накірунак этычнай дабрадзейнасці становіцца магчымым менавіта дзякуючы яе праявам у самых розных абставінах, нават калі яны не надта спрыяльныя. Паколькі сапраўдны этычны імператыў заклікае да маральнасці ў кожным выпадку, ён ніколі не даруе пазбягання этычнага абавязку. У сваю чаргу» этыка «прынцыпаў», пастулатам якой не будзе адпавядаць цалкам ніводная сітуацыя, падштурхоўвае да ўстрымання ад дзеянняў ці да вельмі жорсткага іх абмежавання. Увогуле, абстрактныя інтэлектуальныя нормы адцягваюць увагу чалавека ад гістарычных абставін, а значыць, і ад магчымасці маральнага ўдасканалення ў канкрэтнай сітуацыі.
Непрызнанне за канкрэтным учынкам яго магчымасці адпавядаць маралі з'яўляецца сур'ёзнай заганай агістарычнага погляду на этычнае дабро. Рана ці позна ўплыў і накірунак этычнай волі стануць відавочнымі ў тых дзеяннях, якія ёю натхняюцца. Увасобленая ў практыцы этычная універсальнасць фарміруе пэўны гістарычны досвед, які вызначае далейшыя дзеянні. Ствараецца моцная структура развіцця чалавецтва, у тым ліку палітычныя інстытуты, і на абслугоўванне гэтай структуры этычная воля імкнецца паставіць усе віды чалавечай дзейнасці, у тым ліку філасофію, мастацтва і прамысловую вытворчасць. У выніку гэтая структура атрымлівае і захоўвае высокае прызначэнне. Разуменне універсальных этычных нормаў прыходзіць з усведамленнем таго, што мараллю забаронена, а што — дазволена. Больш таго, асэнсаванне этычнай дабрадзейнасці, якім прасякнуты ўвесь досвед маральных паводзін, з'яўляецца вельмі настойлівым дарадцам і ўвасабляе тую якасць існавання, якая дае канчатковы адказ на пытанне чалавека адносна сэнсу жыцця. Досвед этычных учынкаў пераносіцца на дзеянні меншай маральнай вартасці і абумоўлівае абмежаванне іх свабоды. Той факт, што агульны характар этычных крытэрыяў набывае ў канкрэтных абставінах гістарычную вызначанасць, не значыць, што яны ўжываюцца ад выпадку да выпадку і не маюць акрэсленага накірунку. Якраз наадварот. Галоўная іх мэта заўсёды застаецца нязменная, але каб захавацца на працягу ўсёй гісторыі ва ўмовах пастаянных зменаў, этыка павінна выкарыстоўваць самыя розныя сродкі. Пераемнасць чалавечага досведу адносна трансцэдэнтных прынцыпаў дабра гарантуецца розным зместам і інтэнсіўнасцю маральных намаганняў.
Вяршэнства этычнай універсальнасці ў параўнанні з канкрэтнымі людскімі ўчынкамі ў тым, што яна заўсёды вымагае пэўнай якасці чалавечага і грамадскага жыцця. Гэтая якасць у кнізе вызначаецца як супольнасць, а этычнае сумленне — як асэнсаванне ўсімі людзьмі свайго высокага прызначэння. Этычнае сумленне абумоўлівае дзеянні на стадыі іх планавання і на іншых стадыях. Можна сказаць, што да таго, як будзе зроблены выбар, этычнае сумленне накладзе забарону на ўсё, што пагражае маральнай супольнасці. У гэтым яго прызначэнне. Можна таксама смела сцвярджаць, што этычны імператыў будзе натхняць на пошук такіх дзеянняў, якія ў будучых сітуацыях будуць садзейнічаць ажыццяўленню дабра. Але прадбачыць канкрэтныя забароны і дазволы з боку этычнага сумлення немагчыма.
У пэўным сэнсе канстытуцыйная дэмакратыя, як я яе сабе ўяўляю, загадзя вызначае тое, што будзе на агульную карысць. Яе інстытуты і неабходныя дзеля іх захавання індывідуальныя рысы людзей з'яўляюцца, на справе, адлюстраваннем таго, якім павінна быць жыццё. I хоць ведання канкрэтнага зместу будучых сітуацый і дзеянняў гэтаму грамадскаму ладу нестае, арыенціраў пабудовы жыцця яму хапае. Тып чалавека, які здольны стварыць і захаваць канстытуцыйную дэмакратыю і які ў найбольшай ступені адпавядае яе механізмам прыняцця рашэнняў, характарызуецца такімі рысамі, як гатоўнасць да стрымлівання сваіх імкненняў і кампрамісу, памяркоўнасць у стаўленні да іншадумцаў. Гэтыя якасці, аднак, не азначаюць згоды з несумленнымі рэчамі і з'явамі ці адмаўленне ад барацьбы з яўным злом. У першую чаргу, асоба прадстаўніка канстытуцыйнага дэмакратычнага грамадства ўсведамляе патрэбы агульнага дабра і з'яўляецца дастаткова цэльнай і валявой, каб садзейнічаць ажыццяўленню гэтай высокай мэты. Чытач павінен ужо быў зразумець, што такія якасці цяжка развіць і захаваць у шырокім маштабе. Такім чынам, загубіць канстытуцыйную дэмакратыю няцяжка. Аднак у грамадстве, дзе большасць складаюць менавіта людзі з канстытуцыйнымі схільнасцямі і адпаведнымі маральнымі, інтэлектуальнымі і культурнымі поглядамі, жыццёвы лад будзе мець асаблівыя арыенціры, якія будуць супадаць з напрамкам руху чалавечай цывілізацыі. Прыхільнік канстытуцыйнай дэмакратыі імкнецца да замацавання і абароны ўсяго станоўчага, што мае цывілізацыя. I хоць немагчыма прадбачыць, якім дакладна будзе яго выбар у канкрэтнай сітуацыі, менавіта этычная воля будзе яго натхняць, калі ён застанецца прыхільнікам свайго высокага «я». Выбар, абумоўлены этычнай воляй, будзе праявай яе вечнай сутнасці ў канкрэтных абставінах. Сутнасць і накірунак этычнай волі неаддзельныя ад яе якаснай формы. Уяўленне аб напрамку, якое акрэсліваюць агульнапрызнаныя этычныя нормы, дае і ўсё тое адмоўнае, што гэтыя нормы забараняюць. Дакладны змест забаронаў нельга прадбачыць, але незалежна ад часу і абставін этычная воля будзе адхіляць такі якасны элемент дзеяння, які перашкаджае ўстанаўленню ці захаванню супольнасці: нецярпімасць, адсутнасць самаабмежавання, бескампраміснасць і адмаўленне ад учынкаў, якія маглі б стрымаць ці знішчыць зло. Этычны імператыў у першую чаргу разумеюць як імкненне пазбегнуць поўнай адсутнасці этычнай свядомасці. Такая трактоўка этычнай універсальнасці змяшчае і павінна змяшчаць пэўную таўталогію. Яна дае далейшае тлумачэнне тэрміну «этычны». Але цалкам усвядоміць гэтую таўталогію можна толькі ў выпадку асэнсавання карыснасці досведу, звязанага з маральнаю забаронай.
Такім чынам, той факт, што паняцце агульнай карысуі пастаянна мяняецца і развіваецца, ніяк не паўплывае на яе прыроду. «Нявызначанасць» асаблівасцяў гэтага паняцця, якая можа хваляваць прыхільнікаў рацыяналісцкай мадэлі этыкі, вынікае са зменлівасці і непрадказальнасці жыцця.
Пры тлумачэнні мною скіраванасці універсальных этычных крытэрыяў магло ўзнікнуць уражанне, быццам я імкнуся пераканаць чытачоў, што дзеянні адных груповак і асоб не ўвасабляюць нічога, апроч этычнай мэты, а дзеянні другіх — нічога, апроч своекарыслівасці. Каб пазбегнуць такога непаразумення, я, відаць, павінен адназначна падкрэсліць, што такое ўражанне будзе памылковым. Нават пры вялікіх адрозненнях у характарах людзей, этычнай высакароднасці адных і д'ябальскай сутнасці другіх чалавечай прыродзе заўсёды ўласцівыя як высокія, так і нізкія якасці. Такі падыход да маральнай катэгорыі чалавека неабходны, каб усвядоміць механізм увасаблення этычнай універсальнасці ў гістарычным развіцці. Ен мае асаблівае значэнне для тэорыі канстытуцыйнага ладу.