Выбрать главу

– Спрабавалі, – кажа Вася, – але ў яго фішка была, разумееце? Ён гэтага нават ня ўтойваў – прыходзіў са школы, кідаў партфель у калідоры – і ў сарцір.

– А вы?

– Мы – не.

– Не, я не пра гэта.

– А, ну, што мы? Мы думалі, можа чувак так музыку любіць, можа яму гэты ваш «Дэпэш Мод» так падабаецца, што ён стрымацца ня можа, у прынцыпе што ж дрэннага, пагадзіцеся.

– Хрррррррррр, – хрыпіць вядучы.

– Але, разумееце, у чым справа – мы яму на нейкае наступнае сьвята прынесьлі запісы «Дэпэш Мод», думалі, ён усьцешыцца, падзякуе. А ён, ведаеце, што? Ён уключыў гэтыя запісы і гаворыць – што за гаўно вы прынесьлі? Гэта ж, кажам, той чувак, на якога ты штодня дрочыш, гэта ён сьпявае. Табе што, пытаемся, не падабаецца? Не, кажа ён, не падабаецца. І выключыў магнітафон. І больш ніколі «Дэпэш Мод» ня слухаў. Уяўляеце?

– Да, – разгублена гаворыць вядучы. Адчуваецца, што ён перавёў бы размову на нешта іншае, але на што ж ты яе пасьля ўсяго гэтага перавядзеш. – Ну, а далей што было? – пытае ён урэшце.

– З кім? – не разумее Вася.

– Ну, з гэтым вашым драчуном... перапрашаю – зь сябрам вашым.

– Пайшоў у бізнэс, – коратка кажа Вася, – адкрыў у Чаркасах сетку аптэк. Гандляваў трамадолам. Год таму памёр ад дыябету.

– Драчыць трэба менш, – злосна кажа вядучы.

На нейкі час павісае маўчаньне. Кожны думае пра сваё. У вядучага, здаецца, свайго было ня так шмат, бо ён не вытрымлівае першы.

– Вось такую павучальную гісторыю, паважаныя радыёслухачы, распавёў нам наш паўночны незнаёмец. Але, мушу адзначыць, што сёньня гэты ваш знаёмы, – чуеце? – сёньня ён наўрад ці адважыўся б на такі крок.

– Гэта яшчэ чаму? – абражана пытаецца Вася.

– Ну, хоць бы таму, што цяпер Гэхан ужо ня той, каб на яго, як вы тут нам распавядалі, ананізаваць.

– Вы пра што?

– Ну, Гэхан вельмі зьмяніўся. Ён зьмяніў імідж.

– Што?

– Ну, выгляд.

– Чуеш? – Вася зноў разгублена тыцкае мне ў твар слухаўкай. – Ён кажа, што Гэхан зьмяніўся.

– Запытай, ці дужа, – раю я.

– І што, – кажа Вася ў слухаўку, – Дужа зьмяніўся?

– Так, вы не паверыце, ягоныя старыя прыхільнікі яго не пазнаюць. Кажуць, гэта ў яго ад гераіну.

– У яго што, – гаворыць Вася, – адвалілася нешта?

– Наадварот, – радасна кажа вядучы.

Вася роспачна глядзіць на мяне. Ой, бля, – думаю.

– У яго штосьці вырасла?

– Так! – пераможна выгукае вядучы.

– Што? – пытае Вася.

– Здагадайцеся.

– Рука?

– Не, не рука.

– Нага, – пачынае гадаць Вася.

– Не, не нага!

– Нават думаць пра гэта не хачу.

– Барада! – выгукае вядучы, вытрымаўшы эфэктную паўзу.

Васю перасмыквае.

– І што – вялікая барада?

– Нармальная.

– І на каго... прабачце – на каго ён цяпер падобны?

– Ну, ня ведаю, – трохі манерна гаворыць вядучы, – гледзячы, з кім параўноўваць. Вось каго зь вядомых асобаў з барадой вы ведаеце?

– Санта Кляўса, – гаворыць Вася.

– Ну, не, – крыўдуе вядучы. – Я вам кажу пра рэальных асобаў. Пра тых, хто сапраўды ёсьць.

– А Санта Кляўса што – няма?

– Няма, канешне.

– Да, мужык? – зьдзекліва кажа Вася. – Гэта ты сам прыдумаў?

– Што прыдумаў? – не разумее вядучы.

– Пра Санта Кляўса. Гэта ж трэба прыдумаць такое – Санта Кляўса няма. Гэта, хутчэй, цябе з тваім дзёўбаным радыё і ўсімі мангольскімі міліцыянтамі, разам узятымі, няма.

– Якімі міліцыянтамі? – не разумее вядучы.

– Мангольскімі, – гаворыць Вася.

З таго боку эфіру павісае цяжкая паўза. Я паказваю Васю – маўляў, дай мне слухаўку, дай я паспрабую, а то ў цябе нешта не выходзіць, што ты прычапіўся да гэтага Санта Кляўса, ну, ня ведае чувак, што Санта Кляўс ёсьць, што ж цяпер, можа, ён старавер які-небудзь, можа, ў яго дзяцінства цяжкае было, можа, у яго тата афіцэр і мама настаўніца матэматыкі, а ты яго грузіш, дай сюды слухаўку, карацей.

– Алё, – кажу я, – вы мяне чуеце?

– Так, – жвава рэагуе вядучы, – а вы мяне?

– Ужо другую гадзіну, – кажу. – Тут мой сябра, на жаль, адышоў і ня змог да канца даслухаць ваш захапляльны аповед. Так што там у вас з Дэйвам? На каго ён цяпер падобны?

– Ага, – гаворыць вядучы, відаць, ён нават не заўважыў, што зь ім размаўляе нехта іншы, – ну, называйце далей вядомых барадачоў.

– Леў Давідавіч Троцкі, – кажу я, падумаўшы. – ці можа вы скажаце, што Троцкага таксама няма?

– Не, – крыху разгублена кажа вядучы, – чаго ж – Троцкі ёсьць.

– Ага, бачыце, – кажу, – усё-ткі хоць штосьці сьвятое для вас засталося.

– Так, – гаворыць вядучы – засталося. Але Дэйв на яго не падобны.

– Не падобны?

– Анітрошачкі.

– Зі зі топ, – кажу.