Яны ўзышлі на ўзгорак, і зрабілася бачнай альтанка, а ў ёй мужчына, які сядзеў на лаве і чытаў газету. Напачатку яна падумала, што гэта кілер, і ледзь не апусцілася на зямлю. Але зараз жа міжвольны ўскрык вырваўся ў яе з грудзей — яна пазнала Валерыя.
— Чаго ён тут? — калоцячыся ў нервовай ліхаманцы, спытала яна Альберта. — Што ты надумаў?
— Як што? Фінал. Цяпер табе патрэбен усяго толькі фінал. А без гэтай асобы ён не атрымаецца.
— Як ён тут апынуўся?
— Яму ад твайго імя перадалі, каб у чатыры гадзіны чакаў цябе ў альтанцы. Як я ўжо ведаю, вы з ім не раз бывалі тут. Мы зараз падыдзем, ты сядзеш побач з ім, а я — каля цябе. Неўзабаве перад намі з'явіцца кілер, і ты пакажаш, у каго яму страляць. Для гэтага пакладзеш некаму з нас на калені галінку. Гэта знак.
— Я гэтага не зраблю, не зраблю, не...
— Давядзецца.
— Нізашто! Я проста кіну яе!
— Тады ён застрэліць — яго і мяне. Згодна з інструкцыяй.
Яна амаль губляла прытомнасць. Ухапіўшыся за яго плячо і не адрываючы вачэй ад яго скамянелага твару, умольна шаптала:
— Пашкадуй! Пашкадуй!
— Хадзем, — ён узяў яе пад руку. — Ды не забудзь павітацца з ім лагодна.
Калі яны зайшлі ў альтанку, Валерый здзіўлена глядзеў то на яе, то на Альберта, намагаючыся зразумець, што да чаго.
Яна села побач з ім, Альберт таксама апусціўся на лаву. Яна спрабавала ўсміхнуцца, нешта сказаць, але вусны яе зледзянелі і ўсмешка была жаласная і бездапаможная, а словы застылі ў горле.
I адразу ж за кустамі, што акружалі альтанку, пачуўся трэск сухіх галін і адтуль выйшаў чалавек у шэрым доўгім плашчы, з узнятым каўняром. На яго твары былі цёмныя люстраныя акуляры. Правую руку ён трымаў за адваротам плашча. Крокі яго былі няспешныя і ўпэўненыя, як непазбежнасць.
Рэгіна неадрыўна глядзела на незнаёмца, потым павярнулася да Альберта. Твар яе нечакана зрабіўся надзіва спакойным, у вачаў не было ні страху, ні роспачы.
— Віншую, — Альберт паклаў перад жонкай свежы нумар газеты. — Гран-Пры наш.
— Я ведаю, — адказала яна. — Мне тэлефанавалі.
Альберт сеў у крэсла, задуменна паглядзеў на жонку.
— Я даўно хацеў спытаць... Ты паклала галінку на калені Валерыю. Няўжо ты на самай справе асуджала яго на смерць?
— Я ведала, што стрэлу не будзе
— Адкуль?
— Калі мы ішлі да альтанкі, я лічыла, што ў цябе памуціўся розум. Але калі ў апошні момант зазірнула табе ў вочы, убачыла ў іх столькі пакуты і міласэрнасці, і зразумела, што ты пры ясным розуме. Такія, як ты, не здольныя на злачынства, тым больш на забойства.
— I ўсё ж ты...
— Паклала галінку. У гэты момант я паверыла табе і твайму незвычайнаму сюжэту да канца. I паклала галінку, каб вярнуць цябе. Каб ты ўпэўніўся, што ты для мяне даражэй за ўсіх і за ўсё, каб сплаціць хоць нечым за той боль, які прынесла т