Выбрать главу
НЕСЫМЭТРЫЧНЫЯ СНЫ
каб меў я мабільнік, зараз было б на ім безь сямі тры ноч – і мы сьнім адно аднаго, але без сымэтрыі ты сьніш, быццам я на верш для цябе не шкадую паперы я сьню, быццам ты мне звоніш, і я званю – табе ў дзьверы ты сьніш, бы вязеш з бацькамі знаёміць, а я – што іх дома няма і ты са мной застаесься зусім нечакана сама ты сьніш, нібы я сарамлівы, а я – што нахабны і дужы ты – быццам кахаю ў душЫ, а я – што кахаю ў дУшы ты сьніш, нібы кажаш: каго яшчэ ў свае запішу я абраньніцы а я – што лаві імгненьне і хопіць згадваць аб раніцы ты сьніш, бы звоніць мабільнік і мы спыняемся ў выніку а я – што за кайф, калі табе не ламаюць кайф па мабільніку я сьню, нібы вучыш мяне такім рэчам, якім не вучылі ў школе ты сьніш, нібы я нарэшце кажу, чаго не казаў ніколі я сьню, што мы разам з табой парушаем да раніцы цішыню у сьне, дзе ты проста ню, а я цябе проста сьню
ДЗЕСЯЦЬ СПОСАБАЎ БЫЦЬ ВЫЦЯГНУТЫМ З ЛОЖКА ДЗЯЎЧЫНЫ
Ты ўжо разьдзеў і цябе ўжо разьдзелі. Хто ж цябе выцягне зь цёплай пасьцелі? Шмат перашкод у інтымным жыцьці. Спынімся на дзесяці. Першы спосаб банальны. Сусед прыходзіць пазычыць крэслы для застольля, а заадно й запрасіць на бяседу. І нецярплівы чытач, што чакае тут рыфмы “чрэслы”, будзе расчараваны – яна адчыніць суседу. Другі. Разам з ложкам вы расхісталі й кніжную шафу, і – бля- кбастэр зь бібліятэкай адразу даходзіць да кульмінацыі, бо зьверху на вас сыпецца поўны збор з творамі Васіля Быкава. Першыя восем тамоў. Магло быць і чатырнаццаць! Трэці. Ты заўважаеш, што вас у пакоі ня двое: хтосьці варожа шыпіць за стосікам “Нашае Нівы”. “Гэта мой коцік, – тлумачыць яна, – бо я люблю ўсё жывое”.
І, выціраючы кроў табе з твару: “Ну так, ён вельмі раўнівы”.
Чацьверты. Усё было клас. Яна грызла падушку зубамі. Толькі ў самы разгар інтымнасьцяў вашых: “Стой! Там жа па тэліку інаўгурацыя прэзыдэнта Абамы! Пойдзем глядзець! Што значыць “лепш ідзі да мяне”? Ты што, фашык?!” Пяты. Звоніць мабільнік. “Танечка, прывітаньне! Так, толькі вельмі хуценька. Я размаўляць ня ў стане”. І размаўляе гадзіну, радасная, як слон. З гора вылазіш з ложка і йдзеш глядзець біятлон. Шосты. Толькі яна прашаптала: “ну ўсё, цяпер я цяжарная”, як вас, уварваўшыся ў дом, паліваюць са шлянгаў пажарныя. Паўбудынку згарэла, і ты вінаваты, каўбой: сьвечку запальвалі? Трэба гасіць за сабой! У параўнаньні зь сёмым, папярэднія – дробязі, бо яна, пасярод любошчаў, кажа: “З табой так добра! З раніцы напішу пра гэта ў жывым часопісе...” Ты ўцякаеш так хутка, быццам у ложку – кобра. Восьмы. Суворыя людзі ўламіліся ў хату пад раніцу, і забіраюць, але не цябе, а тваю абраньніцу. Трэ было ў войска самой ісьці, як сяброўкі раілі. Ледзь не забыўся: падзеі разгортваюцца ў Ізраілі. Дзявяты. Раптам – сьвятло і хтось шасьцікрылы з трубою. Ты думаў, што апакаліпсіс і сьвету настаў хэпі-энд. “Дзяўчына! У нашай галяктыцы ўсе трызьняць толькі табою! А ты брысь адсюль, распусьнік, ты лішні тут элемэнт!” Дзясяты – і самы надзейны – спосаб такі: у дзьверы звоняць яе бацькі.
БЕЛАРУСКІЯ МУЖЧЫНЫ
Беларускі мужчына прыходзіць на сьвет у камарыных укусах замест радзімак і таму добра ведае: дзе больш балотаў, там больш радзімы. Беларускі мужчына ўмее апынуцца ў такой багне, што адтуль ні халеры ня выцягнеш, але беларускі мужчына цягне. Беларускі мужчына выдатна ведае дзесяць бульбяных страваў і сто дзесяць адмазак ня чысьціць бульбы, бо мае шмат іншых справаў. Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Эўропы, калі верыць мапе: ў гэтым цэнтры стаіць канапа і беларускі мужчына ляжыць на канапе. Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю. Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю. Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю. Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю. Беларускі мужчына купляе машыну, прыгнаную з-за мяжы, і другую палову жыцьця шчасьліва жыве зь ёй у гаражы. Беларускі мужчына – футбольны фанат. Калі раптам заб’юць мазілы, шматкватэрны дом патрасаюць пякельныя сілы. Беларускі мужчына ня чуў пра паліткарэктнасьць ніколі і таму жартуе так сьмешна, што лепей ня слухаць без алькаголю. Кожны трэці п’е піва, другі кожны трэці – гарэлку, а трэці трэці разумее: гарэлка бязь піва – грошы на вецер. Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю. Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю. Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю. Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю. Беларускі мужчына падасьць жанчыне руку і набудзе кветак, і аднойчы паабяцае не раскідваць па доме шкарпэтак! Беларускі мужчына аматар праводзіць выходныя дома. Часам выйдзе на дзесяць хвілін і вяртаецца ўночы. Дзе быў, невядома. Засынае ў таксоўцы, што едзе дамоў, прачынаецца ў незнаёмым трамваі… І нікому ня ясна, за што яго жонка трывае, выбачае футбол і канапу, гараж і буханьне? Беларускі мужчына – чысты аб’ект каханьня. Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю. Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю. Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю. Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.