Выбрать главу
ВЕРШЫК ПРА САНКІ
калі мама з татам табе куплялі першыя санкі ты ведаў, што будзеш катаць усіх дзяўчат у двары потым, калі жыватом аб ваду навярнуўся з тарзанкі ты ведаў, што ёй цікава – патонеш ці не ў віры калі ў школьным ціры наўмысна паліў па мішэні ад якой не пасьпеў яшчэ адысьці ваянрук ты ведаў, што будзе адразу пасьля, а потым твае кішэні стануць сховам ад ветру для самых прыгожых рук калі крэмзаў парту сьцягнутым дома сьцізорыкам і зь непераможным кампом змагаўся ў шахматы й го калі на мяжы скандалу спрачаўся ў класе з гісторыкам адзін гісторык у класе ня ведаў, дзеля каго і хай аднакласьнік з парыжу сёньня глядзіць з дакорам на “баралускага” лузэра, што робіць ня тое з жыцьцём а ты глядзіш, як дачка глядзіць на хлапцоў – і ня сорамна
перад ейнаю мамай – ты быў нармальным дзіцём
ПСІХААНАЛІЗ
Упершыню цалаваўся ў дзіцячым садку: сярэдняя група, сярэдзіна ціхай гадзіны. Дзеўчына доўга трымала мяне за руку, потым прызналася: я ў яе не адзіны. Упершыню мяне моцна пабілі ў старэйшай групе – тая дзяўчынка, зь якой цалаваўся ў сярэдняй. Я наглядзеўся tv – і назваў яе гейшай. Гейша таксама глядзела tv. Бойка была канкрэтнай. Упершыню пасварыўся зь сябрам у першым класе, дзеля дзяўчынкі, зь якою біўся ў старэйшай групе: “Ты ж мне пакляўся! Я ж на цябе паклаўся! Што робіць ейны волас у гэтым гарохавым супе?!” Упершыню спавядаўся, мыючы сходы за шатняю, сябру сяброўкі на тэму сяброўкі сябра. “Сёньня дала мне…” – кажу. Патлумачыць “…дала сьпісаць хатняе” я не пасьпеў – перашкодзіла сябрава швабра… Дваццаць гадоў мінула – і вось, ляжу на кушэтцы сябра-псіхааналітыка, што зламаў аб мяне некалі швабру: “Ты тут ні пры чым. Я ня верыў Сьветцы. Дзеўкі няверныя. Здрада не абміне. Я таксама герой. На тую цягне, да гэтай хіліць. Хоць ты жаніся зь першаю выпадковаю. Пабяруся з балгаркай – і хай мяне піліць! Пазнаёмлюся зь фінкай – і хай падколвае! Сьветка ж (ты сьведка!) заўжды карысталася попытам. У адзінаццатым класе скокнула ў даўжыню. Прызямляецца. З попы пясок атрасае. А попа там!.. Дваццаць гадоў мінула, а бачу, бы ўпершыню”. Хутка пясок будзе сыпацца, а ён пра дзіцячыя дупы. Слухаеш – і ня ведаеш, хто аналітык, хто псіх. Раскажы пра садок. Інвалідам сярэдняй групы хопіць кушэтак. На ўсіх.