ВЫХАВАНЬНЕ ПАЧУЦЬЦЯЎ
І толькі ў хваляваньні скуб рукаў,
Калі цябе да дошкі выклікалі.
Школа, дзе я вучыўся, была сярэдняй –
якраз пасярэдзіне між кальцавой і цыганскім пасёлкам.
Бяжыш папаліць у лясок, а там ужо вучні суседняй:
маглі пазнаёміць зь цёлкамі, маглі і аттырыць з толкам.
Ваенрук па мянушцы Дзот калашом наводзіў парадак,
фізрук па прозьвішчы Пшонка
трапляў ува ўсе баскетбольныя кольцы,
піянэры на лесьвіцы ціскалі акцябратак,
піянэрак за шатняю ціскалі камсамольцы.
Школа ігнаравала нашы дурныя жарты.
Вучні ўдавалі, што не разумеюць кпінаў.
Але аднойчы мой аднаклясьнік запусьціў у настаўніцу партай –
і былі тыя, хто шкадаваў, што ён не дакінуў.
Мы добра ведалі, што ў нас называюць капустай,
а вось пра дзяцей у капусьце бацькі нам не расказалі.
У нас не было басэйну для знаёмства з распустай,
таму хараство дзяўчатак мы адкрывалі ў спартзалі.
Раз на фізры, калі мы ўсёй клясай поўзалі па канаце, я завіс – ні туды, ні сюды – паміж падлогай і стольлю, і ты раптам спыніла ўвагу на маёй клаўнадзе:
а хто там вісіць дагары нагамі й не наракае на долю?
Я пачуў тваё рагатаньне – і ляснуўся долу на маты.
Покуль Пшонка нешта крычаў, а пасьля перайшоў на маты, ты пяшчотна сказала “прыдурак”, унушыўшы адной ухмылкай, што маё зьяўленьне на сьвет не было фатальнай памылкай.
Я ня мог да цябе павярнуцца сьпінай і не наважваўся тварам, адчуваў сябе закаханым у прыгажуню пачварам.
Сэрца білася ў захапленьні, варта толькі вачыма сустрэцца, як –
уваскрэсьлі боства й натхненьне, і жыцьцё, і сьлёзы, й эрэкцыя.
Каб цябе ўратаваць ад адказу з двойкаю немінучай,
я гатовы быў зьесьці твой дзёньнік і крэйду разам з анучай.
Я табе падказаў усе даты па гісторыі Рыма і Грэцыі,
а потым катаў на раме – на злосьць дзяржаўтаінспэкцыі.
Мы езьдзілі разам трамваем, пасьля ў падземным вагоне
(якраз нядаўна пусьцілі мэтро), палілі ў цябе на балконе, на тваім дні нараджэньня я насьмяшыў тусоўку
і – вяршыня інтымнасьці – пазычыў табе насоўку.
Ты плакала – я выціраў. Ты мне казала: “Ня трэба”.
Казала, што хутка зьедзеш, бо тут савок і імпэрыя.
А потым: “Дурны, я кахаю іншага. Табе да яго, як да неба”.
Я паглядзеў на неба, халоднае, нізкае, шэрае.
УРОКІ СЬПЕВАЎ
Колькі год запар на дзень нараджэньня з раніцы ў электрычцы, мроячы пра стоп-кран у вушах, каб хоць на хвілю – ціш.
Перакрыкваючы рынгтон з “калі вам крыху за трыццаць”, хлопчык-жабрак сьпявае: “дзяцінства, куды ты ляціш?”
А і напраўду, куды? Бо пацану на мыліцах
ні пабегаць па дахах, ні паганяць галубоў.
Хто наагул дакладна скажа і не памыліцца,
з кім плюсаваць Наташку, каб у суме любоў?
Помню, настаўнік сьпеваў, што кіраваў нашым хорам,
на сьвята савецкай арміі вадзіў нас на вінзавод,
потым зьнікаў і вяртаўся чырвоны, а хлопцы зь нямым дакорам
глядзелі яму наўздагон, набіваючы тортам жывот.
Помню Пятра, ударніка працы і проста ўдарніка:
так граў на вясельлях, што фаны не адпускалі ў WC.
Пяяў для нас, як прапаў сабака, а потым разам з напарнікам
прапаў – і толькі праз тыдзень абодвух знайшлі ў рацэ.
На дзень нараджэньня паштоўкай паслаў запрашэньне сяброўцы.
Яна прыйшла ў такім макіяжы, што ясна: мама – грымёр.
У самы разгар нашых сьпеваў сусед па пляцоўцы
ня вытрымаў: “Хулі шуміце, учора Андропаў памёр!”
Але ў аматараў цішыні надзвычай крыклівыя дзеці.
Ягоны сын вучыў мяне гульням, да якіх я ня звык:
скакаў па дошках і гучна пяяў:
“ЯК ХОРАША ЖЫЦЬ НА СЬВЕЦЕ!”
Я радасна скочыў за ім на дошку – й нагой напароўся на цьвік.
Успомніць жахліва, як потым да ліфта адольваў сходы.
Нават цяпер згадаю – і правы ступак памацаю.
Зрэшты, а як іначай было дабіцца, каб я заўсёды
помніў пра песьню хлопца, што стопудова меў рацыю?