Выбрать главу
АСЕНЬНЯЕ ЛІСЬЦЕ
Памяці Оскара Пітэрсана
быў час калі на ялінкі мяняюць звыклыя елкі я вымяняў тры пласьцінкі на вашыя дзьве кружэлкі а потым на “караване” сьлёзы змываў у ваньне і жоўтае лісьце сумленна ляцела з пустога сквэру у рытме поля вэрлена зь вітаньнем жаку прэвэру і восень жазэфа касма гучала быццам зіма і восень зіму прысьніла і зноў калядныя ёлкі і нат па сьмерці вінілу жыцьцё на канцы іголкі і круціць і круціцца час пакуль ня скончыўся джаз хай шчокі надзьме гілесьпі і неба хопіць у лёгкіх і вашая тэма ўзьлезе па гуках яго далёкіх а мы прыслухоўвацца станем шчасьлівых калядаў астатнім 24-25 сьнежня 2007
ШЧОДРЫ ВЕЧАР
Вечар на мытні. Католікі п'юць заварку. На ўкраінскай, вядома, сідають їсти. На беларускай, магчыма, кульнулі чарку. Добра ім, бульбашам, яны атэісты. Сьнег на заставах такі ж, як у Вільні й Рызе. Зорнае неба гоніць думкі аб хлебе. У Эўразьвязе эканамічны крызыс: эканомяць сьвятло – і зоркі відаць лепей.
Трое бадзягаў. Два зь візамі, трэці бязь візы. Твары такія, што можна крычаць: “горка!” Кажуць, па Эўраньюс выступалі ганцы зь Пізы, быццам на ўсход ад шэнгену гарыць зорка. Пэнсыянэр-фальксваген – нібы вярблюд аднагорбы. Фатаробат кіроўцы вядомы мясцовым уладам. На рухомую стужку складаюць свае торбы. На маніторы ў мытніцы: золата, сьмірна, ладан. Першы з пакетам прэзэнтаў. На пакеце багоўка. Ясна, што зь беластоцкага супэрмаркету. Пагаварым-с? Пан Бальтазарскі Караль, дзе ваша страхоўка? Мэта паездкі? Пішыце “зорны турызм”. Вы, Мэльхіёрас Валхваўскас, пачаму без візы? Па ксэраксе?! Групавой?!! Трохгадовае даўніны?!!! Хто падпісаў дазвол? Генэрал-лейтэнант Анубіс? Так, харэ выдурняцца. Ну вы й зьвіздуны! Раптам: “Здароў, Касьпяровіч! Зямляк! З-пад Валожына! На Каляды дадому – у нашым стылі…” Тут здараецца цуд, хоць і не паложана: ўсіх траіх – нават лабуса – прапусьцілі. Ражджаство ў Беларусі? Будуць прыгоды на сраку вам – падарунак для мага. (Валхва? Караля? Зьвіздуна?) Недзе над Ракавам вернікам і абыякавым, нібы зорка зь ялінкі, сьвеціць яна.
СУСЕДЗІ
Калі ты раптоўна зрываесься з ложку ў чвэрць на трэцюю ночы, бо ў дзьверы нехта пазвоніць, ня бойся: гэта ня злодзей, ня мент і тым больш – ня сьмерць, а проста сусед памыліўся званком, шукаючы тых, хто гоніць. Таму што за сьценкай ад вас жыве ідэальная пара, далёка ад журналістаў і аўтараў вікіпэдыі, трыццаць гадоў душа ў душу, гандлюе сваім таварам: яна разьлівае ў бутэлькі, а ён развозіць іх на мапэдзе. Мы ведаем іх даўно: просяць на “ты” і па імені, кажуць, з траіх дзяцей дома ніхто ня ўседзеў. Бо дома са скрыняў бульбу тыраць разам са скрынямі. А скажаш – так будуць гнаць, што лепш – самагонка суседзяў. Часам зойдзеш да іх, пазычыш на сьвяты зэдлікі – водар такі, што сьлёзы вышыбае з вачэй. А ён насустрач ніколі ня выйдзе без камізэлькі. А яна папярэджвае: “Ён глухі, ты грамчэй”. Яны так хадзілі пад ручку, што мы ледзь ня скручвалі шыяў… Потым мы зьехалі. Кажуць, і ў іх ніхто цяпер не жыве. Хочацца верыць, яны да сына перабраліся ў Кіеў. Ці да старэйшай унучкі: здаецца, яна ў Літве. Так і ўяўляю, як іх у пляцкартным вагоне трасе. Цяжка дастаць матрасы, не паламаўшы карку. Юная спадарожніца коўдры ім прынясе і дапаможа запоўніць іміграцыйную картку. Лямпы пагасьлі. Паліцы засьцелены. Шклянкі зьвіняць ад руху. Шчыльны туман за вокнамі падае на зямлю. “Што ты кажаш, ня чую? Ды не крычы мне ў вуха, я яшчэ не аглух!.. Так, я таксама люблю”.