Выбрать главу
Дваццаць пяць гадкоў як лёду У войску тупае салдат I ў атаках і ў паходах, Рад таму ён ці не рад.
Хто ж вяртаўся — дык калекай, Без нагі ці без рукі, I тады ўжо чалавеку Шлях адзін — у жабракі...
Але нашаму салдату Шанцавала у баі, Ён назло ўсім супастатам Заставаўся у страі.
Хоць бываў у пераплётах, На кані і пад канём, Як гавораць, ў зубы чорту Пападаўся часцяком.
Ён прайшоў агні і воды, Трубы медныя прайшоў I цяпер вось самаходам Жыў-здароў дамоў ішоў.
За адвагу мае званне: Прапаршчык ён, партупей! Ад крыжоў зіхціць убранне, Ды на сэрцы не лягчэй...
Ён спяшаецца штосілы, Каб пабачыць найхутчэй Родны дом і край свой мілы, Прытуліць каб да грудзей
Маці родную і сына, Жонку, блізкіх, землякоў, Па якіх дзесь на чужыне Сумаваў ён шмат гадоў.
Ён ішоў і спадзяваўся, Спадзяваўся і ішоў, А да вёскі як дабраўся, Родных, блізкіх пе знайшоў...
Людзі толькі спачувалі: — У жывых тваіх няма... Іх нядаўна пахавалі — Пакасіла ўсіх чума...
I халупіна збуцвела, У зямельку урасла, Дзічка-груша пачарнела, Белым цветам не цвіла.
Паглядзеў салдат самотна, Рукавом слязу змахнуў,
Пакланіўся месцам родным I... кругом ён павярнуў.
Ён ідзе і сам не знае — А куды? Дзеля чаго? Лёс які яго чакае? Што рыхтуе для яго...
...Раптам конскі тупат ззаду, Уладарны зычны бас: — Я па царскаму загаду, Царскі выслухай Указ:
«Хто царэўну адшукае, Прывязе ў палац жывой — Дык паўцарства атрымае, Царскім зяцем стане той.
Свет-царэўну ў час заручын Выкраў злыдзень-велікан. I панёс за лес, за кручы, Аж за мора-акіян...»
Прачытаў Указ пасыльны I далей ён паскакаў, А салдат дарогай пыльнай У палац пашыбаваў.
Каб свайго пазбыцца гора, Што агнём пякло ў грудзях, Згодзен быў ён хоць за мора, На край свету ў дальні шлях.
Да цара салдат прыходзіць I гаворыць так якраз: — Сёння чуў я у паходзе Высачэйшы твой Указ:
«Хто царэўну адшукае, Прывязе ў палац жывой — Дык паўцарства атрымае, Царскім зяцем стане той».
Дык ў далёкую дарогу Карабель ты падрыхтуй, Тытуню падсып мне троху І, цар-бацька, не гаруй,
Бо дачкою, не хвалюйся, Не валодаць ведзьмаку. Хоць у пекла апушчуся, А знайду табе дачку!
Цар брыво ўзнімае ўгору I крычыць: — Усё сабраць! I закончыліся зборы, Можна ветразі падпяць.
Цар пярсцёнак свой знімае I гаворыць: — Беражы! Як дачушку адшукаеш, Ёй пярсцёнак пакажы.
Каб паверыла, пазнала, Што ганец ты верны мой, I ўзамен падаравала Залаты пярсцёнак свой.
А цяпер, служывы, з богам! Каб не ведаў бур ліхіх... Ды з сабою ў шлях-дарогу Ты вазьмі яшчэ дваіх
Панічоў, адданых служак: Першы — добры кухар-спец, А другі малойца дужы — Мараход мой і купец.
У зяці таксама мецяць I паўцарства хочуць мець... А ні з чым як прыплывеце — Кара вас чакае, смерць!
Згода? — Згода!.. Пакланіўся, Павярнуў салдат кругом, У небяспечны шлях пусціўся Ён з папутным вецярком.
Месяц, два плылі і трэці, На заход усё плылі... I нарэшце буйны вецер Да чужой прыбіў зямлі...
Скалы змрочныя паўсталі, Хмары ходзяць угары... I равуць шалёна хвалі, Нібы дзікія звяры!
Аж вада кіпіць ад злосці, Падплыві вось, наспрабуй, Трапіш ты да д'ябла ў госці... Ну а з ім, брат, не жартуй!
Памагатыя прыціхлі, Затрусіліся, маўчок. — Што ж, панове, вы раскіслі? Задрыжалі, трасцы ў бок! —
Партупей ім кажа кпліва, I усмешка з-пад вусоў.— Даплылі сюды шчасліва — Дык не вешайце насоў!