Выбрать главу
I як тупне ён нагою: — Гэй, гарбун, віна падай! Каб ламіўся стол гарою, Закусь царскую стаўляй!
I адразу, нібы ў казцы, Быў накрыт шыкоўна стол: — Не здзіўляйся, калі ласка, А частуйся, хлебасол!
Кубак поўны налівае I салдату падае: — Пі! — І збан свой выпівае I яшчэ узанар п'е.
Прапаршчык жа, каб не ўпіцца, З госцем толькі чок ды чок I ўсялякі раз злаўчыцца Выплеснуць віно набок.
Праз якія паўгадзіны Чараўнік асалавеў: — Партупей! Мой друг адзіны! Ты душу маю сагрэў...
Таямніцу я адкрыю... Чуеш ты ці не, вусач! Тут скляпенні ёсць такія... Ды замок на кожным, бач!
Не звычайны, а з заклёнам. А ключы? Вось дзе ключы! Пі, служывы, перад сконам... Ад мяне ўжо — не ўцячы!
Мне твае вядомы планы... Ды па-твойму — не бываць! I царэўны, скарбаў тайных Ад мяне не адабраць!
Толькі той, хто гэтым мечам, З бліскавіц які адліт, Авалодае, дык вечна Будзе княжыць на зямлі!
Адхлябнуў яшчэ са збана, Гаркнуў: — Цыц! Бо я тут князь! Пахіснуўся нечакана, Вобзем галавою — бразь!..
«Вось прыгода дык прыгода! Хутка спляжыўся вядзьмак... Аж пазелянела морда,
Нерухомы, як мярцвяк.
Толькі у грудзях ракоча... Ці прыкінуўся знарок I мяне праверыць хоча? Здагадайся, трасцы ў бок!
Праваронь вось момант гэты, Прапусці ты зручны час — Расквітаешся са светам, Знішчыць нас страшыдла ўраз.
Ат, што будзе — тое будзе, Двум жа смерцям не бываць, А адной, як кажуць людзі, Усё адно не мінаваць...»
Так разважыў, падыходзіць, Нахіляецца над ім: — Гэй, выкідваць штучкі годзе! Ці спраўды ты ўпіўся ў дым? —
Кажа так і веліканаў Меч чароўны за эфес Ўміг хапае: — Ну, паганы,  Сам у пастку ты улез!
Дык трымайся, дык ратуйся, Калі можаш ты, вядзьмак! Выбачай ужо, не злуйся: Я ці ты мяне — вось так!
Тут я выбару не маю, Сам казаў — заб'еш мяне...  У іншы свет я не спяшаю, Лепш сканай ты сёння ў сне!
Меч узняў і... супыніўся, Засаромеўся салдат: «Я ж з ляжачымі не біўся...  Ці ж я злыдзень, ці ж я кат?»
I, штурхнуўшы ў бок нагою,  Закрычаў на ведзьмака: — Уставай! Выходзь да бою!
Не ўздрыгне мая рука!
Велікан тут як ускочыць: Цоп салдата пяцярнёй — Ў Партупея меч ён хоча Адабраць чароўны свой.
Толькі прапаршчык не промах!  Спрытны, вёрткі, нібы кот, Шмат ён ведае прыёмаў, Галавою б'е ў жывот. У страшыдлы ад удару Іскры пырснулі з вачэй,
Аж скруціўся ён, пачвара, Засіпеў злавесна, змей:
— Меч цяпер не уратуе, Спапялю цябе агнём! Ці з касцямі праглыну я, Нібы тую мыш, жыўцом!
I ў ільва ператварыўся I раз'юшана зароў, З пашчы слуп агню узвіўся, Спапяліць, сажраць гатоў!
Выбраў прапаршчык хвіліну I, калі той сігануў, Мечам грозным ён звярыну Па загрыўку секануў!
Сціх адразу рык магутны, Галава, нібы кацёл, Ў сне апошнім, непрабудным Адкацілася пад стол.
Партупей ключы здымае I спяшаецца у склеп, З рыпам дзверы адчыняе, I... ажно ён не аслеп —
Там у скрынях, там у бочках, На падлозе, па кутах Столькі золата, браточкі, Аж бярэ салдата страх!
Супыніўся, апантаны: — Божа! Колькі тут дабра! Хтось гібее босы, рваны I галодпы, як жабрак,
А багацце вось людское Прападае марна тут, Змочана яно крывёю, След на ім людскіх пакут.
Схамянуўся ледзь і далей, Дзверы новыя адкрыў. Самацветы там заззялі Зыркім колерам зары.