Выбрать главу
Нібы майскія вясёлкі Сыпалі святло, агні, Нібы ў небе тыя зоркі, Нібы промні з вышыні...
Партупей заплюшчыў вочы, Адступае Партупей, Спакусіцца ён не хоча, Задам, задам да дзвярэй...
Пастаяў, адсопся крыху, Новы ключ ён падабраў I пакой апошні ціха Адчыняць з трывогай стаў.
Між шаўкоў тых, аксамітаў, Між дзівосных дываноў Спала дзеўчына, нібыта Фея казачных садоў!
На шчаках яе бялюткіх Ружавелася зара, Стан асвіны, стан танюткі, Шыйка, быццам з серабра!
Нібы хваля залатая, Рассыпаецца каса... Спіць красуня маладая — Незвычайная краса!
I стаяў так нерухома, Затаіўшы дых, салдат, Ад пачуццяў незнаёмых Праслязіўся нават хват...
3-за такой вось прыгажосці Не шкада і галавы! Шчасце расцвіло чыёсьці, Бы рамонак палявы...
Ледзьве з сіламі сабраўся, Позірк ледзь адвёў назад, З горыччу сабе прызнаўся: Для красуні — старават...
Адступіў салдат паціху, Вось і дзверы адчыніў, Ды, на грэх, на тое ліха, Штось нагою зачапіў.
Як ускочыць тая фея, З перапуду закрычыць, А сама на Партупея Адзічэлая глядзіць:
— Хто ты? Скуль ты? Зараз прыйдзе Велікап і чараўнік,
З'есць цябе ён, гэты злыдзень, Рабаўнік і гвалтаўнік...
А сама ўся спалатнела... Нібы птушка ў клетцы той, Скача з кута ў кут нясмела: — А што станецца са мной?!
— Ша! Выходзьце вы з засценка, Я прыкончыў ведзьмака! Самі хто ж вы, га, панепка, Ці не царская дачка?
— Шчыра дзякую, збавіцель, Каб мяне маглі пазнаць, На пярсцёнак мой зірніце — Царская на ім пячаць.
I царэўна зарыдала З радасці, а не з бяды. Свой пярсцёнак абмяняла, Найкаштоўны, залаты,
Аддала яго салдату, А ягоны узяла. Са скляпенняў тых багатых Да святла яна пайшла.
Чорны лес, глухі, магільны, Расквітнеў, зазелянеў, Свістам, шчэбетам птушыным З краю ў край аж зазвінеў.
Ажыла ізноў прырода, Сонца глянула з-за хмар, Зняты чары назаўсёды, Сплёў якія злы вядзьмар...
I панкі з той пушчы грознай Са здабычаю прыйшлі: На плячах дзічыны рознай Ледзь дамоў прывалаклі.
Тупнуў прапаршчык нагою: — Гэй, гарбун, віна падай! Царскай пачастуй ядою, З намі сам за стол сядай! I адразу нібы з неба Той нябачны дабрадзей Стол уставіў як і трэба Для шаноўнейшых гасцей.
Брага, мёд, віно, закускі, Адбіўныя, шашлыкі, Смажаныя качкі, гускі — Толькі пі ды еш, панкі!
Ды найлепш усіх прываркаў, Ўсіх ласункаў і прынад Быў кулеш з цыбуляй, з скваркай, Што падаў на стол салдат.
За вушамі затрашчэла, Угінаюцца насы... Хваляць харч усёй капэлай Ды абсмоктваюць вусы.
I нашто слыла ласухай Тая царская дачка, Апрастала адным духам Куляша аж паўгаршчка!
— Ах, як смачна! Як адменна! Скуль такі далікатэс? — Аж падскоквае царэўна.— Гэта ж ежа для прынцэс!
I пасля таго абеду Шмат гаворкі не вялі, А збірацца да ад'езду Ў шлях, дахаты пачалі.
Перш царэўну перанеслі, Ўборы царскія, пасцель I на чоўне перавезлі Беражна на карабель...
Потым скарб той зыркі, звонкі, Незлічонае дабро — Самацветы і пярсцёнкі, Золата і серабро.
Запаслі вадзіцы прэснай, І дзічыны запаслі, Якар за ланцуг жалезны З дна марскога паднялі.
Вецярок ледзь разгуляўся, Разгарнулі ветразь тут, Як крылаты птах памчаўся Карабель у родны кут.
Адплылі яны багата, Тут падскочыў Партупей: — Ах, разява я пракляты... Супыніцеся хутчэй!
Ён за галаву схапіўся, Закруціўся, бы ваўчок: — Там пярсцёнак я забыўся... Стой, кажу вам, трасцы ў бок!