Той, што ад самой царэўны
У скляпенні атрымаў,
На акне ляжыць, напэўна.
Вось дзе схібіў, маху даў!
Прападзе маё паўцарства
I царэўна прападзе!
Спрытны цар наш на штукарства
Вокал пальца абвядзе...
Човен на ваду спусцілі,
Сеў за вёслы Партупей:
— Я вярнуся праз дзве хвілі!
I да берага шпарчэй.
А прызнацца, дабірацца
Не так блізка ўжо было:
Трэба добра пастарацца,
Паднаціснуць на вясло,
Ды кавалак пушчай тою
Прадзірацца праз гушчар,
Багнаю ісці, дрыгвою,
Праз зыбучы той імшар.
Пакрыху і змрок крадзецца,
I паўзе туман сыры,
Прапаршчык паперад пнецца
Вобмацкам у гушчары.
Вось, нарэшце, і хаціна,
А ў акенцы — аганёк...
«Гэта што за чартаўшчына,
Хто абжыў ізноў куток?»
Ўжо заходзіць ён у хату,
Цішыпя, кругом спакой...
Раптам нехта яго ззаду
За плячо бярэ рукой.
Моцна так, бы абцугамі,
Аж ускрыкнуў Партупей:
— Го, патрушчыш ты мне раме,
Го, прашу цябе, цішэй!
Азірнуўся — анікога...
«Хто ж са мной жартуе тут?»
I, успомніўшы пра бога,
Крыж кладзе на кожны кут.
Да акна ён падыходзіць
I бярэ пярсцёнак свой.
Часам тым з сцяны выходзіць
Дзедка з сівай барадой.
Невялічкі сам, гарбаты,
Ды ў плячах, аднак, шырок,
З галавы да ног у латы
Асталёваны дзядок.
— Што? Спужаўся, небарака,
Як узяў я за плячук?
Эх, служывы! Эх, ваяка!
Думаў ты, капец, каюк?..
Ну не бойся. Колькі часу
Ведзьмаку я паслужыў,
Есці, піць быў злыдзень ласы,
А мяне ён не карміў.
Толькі крошкі ды аб'едкі
Падбіраў я з-пад стала...
Сыты быў я вельмі рэдка,
Галадуха ўсё гняла...
Ты ж мяне хоць раз уволю
Накарміў і напаіў.
Назаўжды мяне з няволі,
3-пад ярма аслабаніў.
Саслужу табе я службу,
Не застануся ў даўгу —
За твае хлеб-соль і дружбу
Я табе дапамагу!
Не спяшайся ў шлях зваротны,
Усё кругом ахутаў змрок —
Згінеш ў твані ты балотнай,
Разарве галодны воўк.
Карабель ты не дагоніш:
Ветразі падняў свае,
Ён ляціць, бы ад пагоні,
Без цябе дамоў плыве...
Царскія зманілі слугі,
Кінулі цябе ў бядзе:
«Хай канае, валацуга!
Хай у нетрах прападзе!
Мы багацце ўсё падзелім:
Будзе з нас адзін — ліхвяр,
А другі — звінець вяселлю —
На паўцарства будзе цар!»
— Быць не можа! Ах, зладзеі! -
Застагнаў аж Партупей.—
Гэта ж гады, гэта ж змеі,
Дзе ж сумленне у людзей?!
...Тут паромшчык сказ спыняе: —
Сілкавацца, хлопцы, час!
Кацялок з агню знімае,
Запрашае бліжай нас.
Чыста вымытыя лыжкі
Самаробныя дае:
— Пакаштуйце юшкі крышку,
Шпачаняты вы мае.
З кацялка мы зачарпнулі,
Заядаем праснаком.
Пахне юшыца цыбуляй,
Пахне юшыца дымком.
Падганяць нас тут не трэба,
Малацьба — у пяць цапоў.
Ноч. Плыве у зорках неба,
Кветак пах плыве з лугоў.
Дзесь унізе, пад абрывам,
Плешча, булькае Дняпро.
У водах светлых і імклівых
Зор трапеча серабро.
I сам Месяц крутабокі
Рыбкай блісне залатой,
То нырца дасць пад аблокі,
То ўсплыве па-над вадой.
Па лістках вярбы пахілай
Кропелькі расы трымцяць...
Салавей, спявак наш мілы,
Толькі сціх і зноў спяваць.
Халадок з ракі павеяў,
Асвяжае грудзі, твар,
I на ўсходзе чырванее,
Разгараецца пажар.
— Дасядзеліся да ранку...
Ну, хлапчаты, спаць, у стог,
А не то — дам прачуханку,
Мае любыя, дальбог.
Ну, вядома, дзед пужае...
Разумеюць хлапчукі.
Ён ніколі не ўзнімае
На малых сваёй рукі.
Загарнуўшыся ў аўчыну,
Ў будане дзед штось бурчыць,
А праз нейкую хвіліну,
Як асілак, моцна спіць.