Выбрать главу

Цяпер круціся да пад'ёму на нарах, сну ні ў адным воку. У галаву ўсякія гарбылі лезуць. Вось, як ката прадавалі, успомнілася. Гэта яшчэ на самым пачатку было, толькі нас Біл сабраў усіх — мяне, Сяву, Мабуту, Батончыка з Пітам. Любіць Біл, каб не проста грошы трэсці, а з якой-небудзь падколачкай. «Дзядзя інтэлігент, а дзядзя інтэлігент! Купі ў юннатаў няшчасную кысаньку! Вы чуеце, дзядзя інтэлігент не любіць катоў? А яшчэ ў акулярах! Хлопчыкі, здыміце дзядзю акуляры, а то ён тавар кепска бачыць, Ай-яй-яй! Бедныя акуляры! Юннаты зрабілі дзядзю інтэлігенту балюча? Яны больш не будуць. I менш таксама не будуць. Нядорага просім — усе грошы з кашальком. Хлопчыкі, дзядзя прапануе нам дваццаць тры рублі. Нягуста, але для інтэлігенцыі ў нас скідка. Выпісаць дзядзю пяць капеек на праезд да бліжэйшай бальніцы! Бедная кысанька! Ну хадзі, хадзі сюды, пацалуйся.

Чорт яго ведае, чаму я гэтых катоў і сабак заўсёды шкадую. Біл з пацанамі смяяўся. Добра, пра вавёрку ніхто не чуў, жыцця не далі б. Яна па школе бегала. Нехта ёй так чаравікам урззаў, што нагу перабіў. Жыла ў мяне месяц, арэхі кожны дзень цягаў. Пакуль нармалёва скакаць не стала. Выпусціў у лесе, а яна на дрэва залезла, а адтуль скок-скок і назад да мяне на плячо. Ты што, кажу, не верыш? Бяжы хутчэй на волю!

Пацаны не ведалі, а той мужык аднекуль пра вавёрку дазнаўся. Ну, шэф мой з завода. Паручыўся за мяне, калі нас менты на кіёску павязалі. Як гэта ён казаў? Чалавек, які любіць жывёл... нешта там такое... У гурткі мяне запісваць вадзіў, у секцыю па баскетболу, кніжкі даваў. Казёл! Чхаў я на твае кніжкі! Лепей бы тады загрымеў, больш года не прыпаялі б. А цяпер звінець і звінець. Хоць воўкам вый. Вось жа маць мая...

Мамаша заўчора ліст прыслала, дык узрадаваўся — во да чаго дайшоў. «Як ты там, сыночак, жывеш? Ці хапае табе кушаць? Можа, прыслаць што-небудзь смачненькае?» А сама кожны дзень у сне бачыла, каб сыночка хутчэй пасадзілі. Каб не замінаў ёй гэтага начальніка смярдзючага аблапошваць. Не ведае, казёл, хто з яго тады пыжыка ў цёмным пад'ездзе зняў. Калі б ведаў, не ліпнуў так. Хаця мамаша, канечне, нішто сабе, натынкуецца, дык і не разбярэш, ці ёй дваццаць пяць гадоў, ці колькі там ёй на самай справе ёсць. Казала, бальзакаўскі нейкі ўзрост. Пакуль я прыйду, будзе табе бальзакаўскі ўзрост!

«Ідзі, сынуля, пагуляй. У нас з Эдуардам Антонавічам сур'ёзная размова». Знаем мы вашы сур'ёзныя размовы! Самі ў такія размовы размаўлялі. Не прапёрла б тады з хаты, можа, і не цягнуў бы тэрмін. Якраз дома справа была, Біл даў нож парамантаваць. Той, што з кнопкай і лязо выскоквае. Той самы. Лязо нешта заядала. Тады... не заела...

Ну вось, зноў той фраер у мазгі палез. I чаго нас да музея несла, не разумею. Як усё роўна мёдам там памазана. Капеек нашкрэблі, атаварыліся і туды. Там, праўда, лавы клёвыя, шырокія, як паўтарачныя нары. У карцішкі скінуцца — любата. На грошы Біл не дазваляе, кажа, у каго лішнія, прашу здаць. Затое на вушы ці на ваду гулялі. На вушы — у падкіднога, кожны сам за сябе. Лажануўся — цягні з калоды карту. Пашанцуе, як ніжніка цапанеш або кралю. А то туз вылезе, і адзінаццаць разоў адзінаццацю картамі — па вушах. Біл з трэцяга ўдару юху пускаў. А ў галаве гудзе, як калом перахрысцілі. Табе ўрэжуць, і ты потым, як звер. Альбо на ваду гульня. Прайграў — пі літровы слоік. Батончык аднойчы сем літраў уліў і вырубіўся. Мы ўжо спалохаліся, думалі, загнецца. Здыхляк ён быў, Батончык, яму толькі на шухеры стаяць Біл дазваляў.

Яшчэ на зямлю і на чарвякоў гулялі. Таксама клёва.

Чаго гэты фраер у сваім музеі калупаўся да позняга? Каб не калупаўся, можа, і не было б нічога. Законна, не было б. I ягоная туды цягалася, цыцастая такая кабылка. Знайшлі месца.

Сядзім мы, значыцца, пад ліпай, чарвіўку спакойна ціснем, у карцішкі, само сабой, анекдоты. А тут з музея гэтая парачка вывальвае. Ён, казёл, яе за ручку трымае, гавораць неяк не па-людску. Пацанам, здаецца, да ліхтара, а ў мяне адразу такая злосць, што не магу. Як быццам па партрэту далі, а я доўгу не вярнуў. З дзяцінства ў мяне гэта, як убачу такіх вось задаволеных. Як быццам у іх нешта такое ёсць, што ў мяне адабралі. Сто разоў казаў Білу, давай фраера за шчэлепы возьмем. Не дазваляў. Біл ужо сядзеў. Хто Біла не слухаў, было не фантан.

Не дазваляў, казёл, да самага таго вечара. Пакуль сам не палез. Тады Мабута залавіў недзе дваццацьпятку, і ўзялі па фугасу на кожнае вока. I селі, чорт ведае чаму, не на дальняй лаве, а каля сцежкі.