Рэзонныя гэтыя захады заваёўнікі рабілі, не пра нас, вядома, дбаючы. Баяліся тыфусу і гішпанкі, што валілі тады людзей — на хатах, куды ўпадала хвароба, крэйдай пісалі назву яе, быў такі надпіс і ў нас на сцяне: доўга не ачуньваў старэйшы брат. Не менш палохала немцаў і магчымасць усшалець: хопіць за лытку кручаны сабака, і гатова.
Гразнуць па калені на вясковых вуліцах ім таксама не выпадала, а хадзіць трэба было, перапісвалі і таўравалі на канфіскацыю сялянскіх коней і кароў.
Ці мы не паспелі выканаць загад пра навязванне сабак, ці Саід злузаўся з прывязі, адным словам, ён здуру гыркнуў на немца.
Салдат злажыўся і стрэліў. Сабака ўпаў, але неяк адпоўз ад варот, зашыўся ў куток пад паветкай і з тыдзень не еў і не піў, мы не ведалі, ці застанецца жыць. Яму пашанцавала: куля засела ў левай лапатцы, глыбей не пайшла. Потым, калі рана загаілася, мы намацвалі тую кулю пад скурай, сабака злаваў і гыркаў нават на сваіх.
Пад старасць Саід рэдка вылазіў са свайго сховішча, нават калі немцы адступілі. Амаль не брахаў, калі ж падаваў голас, дык не на чужога, а на сваіх, відаць, лаяўся, што малая пенсія.
Гулялі вяселле мае старэйшай сястры. Не забылі і сабаку, занеслі нечага з абруса, і хлопцы, падпіўшы, улілі яму ў горла шклянку самагону.
Саід сп’янеў і ўспомніў свае абавязкі: падаў голас і гаўкаў усю ноч.
Урсон, Шаста, Саід… Усяго наўспамінаў. А Дзік?
НА ЗАСТАВЕ
У Гродна я прыехаў з растрывожаным сэрцам. З вакзала пазваніў дадому. Адказ не суцешыў, ветэрынар глядзеў, прыйдзе і заўтра, але надзея малая.
Заставалася чакаць. Пачаў рыхтавацца да сустрэч з пагранічнікамі — клопат заўжды адганяе трывогі і непатрэбныя думкі.
Пайшлі да арганізатараў паездкі. Гаворка не вельмі доўгая, але грунтоўная. Мы так і папрасілі: расказвайце ўсё, што можаце, і падрабязна, быццам мы вось-вось нарадзіліся на свет. Устанавілі маршруты, час наведвання застаў і — дзень пры канцы.
За адной размовай — другая. Паклікаў у абком С. Прытыцкі, тагачасны першы сакратар у Гродне. Яму быў прыхоплены падарунак: паштоўка-здымак — буйны твар юнака і надпіс па-польску: «Свабоду Сяргею Прытыцкаму!» Так камсамол Заходняй Беларусі адваёўваў некалі жыццё свайго таварыша, над чыёй галавой вісела пакаранне смерцю.
Сяргей Восіпавіч пакруціў адозву, чамусьці патрымаў супраць святла:
— А я ўжо і забыўся пра гэта! — I нечакана разгаварыўся.
Успомніў бясконца даўгі дзень і яшчэ даўжэйшую ноч, праведзеныя без даху над галавою. Валячыся з ног ад зморы, галодны, пільнаваўся, каб не трапіць на паліцэйскае вока, блукаў па Вільні ў пошуках неправаленай яўкі. Так і не знайшоў. На цемнаватай вулачцы — кінулася ў вочы шыльда фатаграфіі. «Можа, і ўсяе па мне памяці будзе», — абудзілася думка. Зайшоў, зняўся, а ўжо з турмы пераслаў сябрам квіт на атрыманне фота. Тыя адразу ж сабралі скупыя капейкі і надрукавалі паштоўку-адозву з патрабаваннем вызваліць паплечніка.
Упершыню мы выслухалі гэтую гісторыю, што вышэй за чалавечыя магчымасці, і, галоўнае, — з вуснаў яго самога, таго — ён як бы ажыў перад намі — адважнага хлопца.
У белы дзень мінуў дзесяткі пастоў, сотні шпікоў і паліцаяў і трапіў у святое святых, белапанскі суд. Там мела адбыцца застрашвальная працэдура працэсу над семнаццаццю рэвалюцыянерамі.
Апрануты ў афіцэрскі мундзір, лёгка, нібыта і не праседзеў ноч на лаўцы ў скверы, наблізіўся пад самы бар’ер, за якім круцілася гадавай душы істота, прадаючы і заблытваючы камуністаў, да каго ён ушыўся ў сяброўства, уцёрся ў давер, стаўшы правакатарам.
Прытыцкі падышоў амаль усутыч. Стрэліў раз і адразу ж другі. Павярнуўся і таксама павольна — выканаў даручэнне, пакіраваўся да дзвярэй.
Абудзіўся ўкамянелы суд, спахапілася варта. Пачалі страляць, але ўбезладзь, звалілі не адразу.
— Упаўшы, — Прытыцкі пасміхаецца, — яшчэ нешта кеміў. Дай паспрабую дрыгну нагою, падумаюць: «Гатоў» — і не стрэляць у галаву.
Перажываючы тую страшную хвіліну, мы слухалі не зварухнуўшыся. За вокнамі стала шарэць, з касцельных вежаў заблямкалі званы на імшу.
Каля гасцініцы чакала машына, рушым у госці да пагранічнікаў.
Праскочылі гарадскую ўскраіну і вось — на многія дзесяткі кіламетраў некранутыя бары. Выносістыя сосны, як ні задзірай галаву ўгару, верхавіны іх хутчэй угадваюцца, чым бачацца, пашумліваюць, амаль не парушаючы цішыні. Не варушацца і лапіны маладзейшага лесу, асабліва ціха стаяць маладыя хваінкі, вельмі мілыя пад нячэпаным снегам, акурат школьніцы ў белых пуховых хусцінках.