Выбрать главу

— Сядзі як сядзеў. I матай на вус!

Слухацца неахвота, але Дзік вяртаецца на ранейшае месца.

Напачатку, як некалі на ваенных саветах, пытаюцца погляду ў малодшых.

— Што вы пра гэта думаеце, хлопцы?

Лявон зноў жа пераступіў права на слова меншаму — брату. Алік вытлумачыў здарэнне даволі арыгінальна, але крыху просталінейна, як дазваляў яму ўзрост.

— Дзік спачатку забаяўся, — сказаў хлопчык, — пасля яму стала брыдка перад вамі, і ён даў пытлю таму злосніку.

Лявон паправіў акуляры і, не абвяргаючы браціка, бо паважаў не толькі свае погляды, пачаў разважаць:

— Дзік зрабіў выгляд, што спалохаўся, вось і падашукаў сабачку, спакусіў даганяць.

Нейкім чынам гэта пасавала да маіх назіранняў і да вычытанага з кніжак пра паводзіны сабак у розных абставінах.

— Дык ты думаеш, што Дзік умее разважаць? — спытала Ініна маці Наташа, па прафесіі настаўніца. — Выходзіць, ён склаў план аперацыі?

— Падобна, — крыху збянтэжыўся Лявон.

— Аднак жывёліны не надзелены здольнасцю мысліць. Вам ужо гаварылі ў школе пра ўмоўныя рэфлексы?

— Не, я сам чытаў крыху.

— I што ж?

Хлопец падняў на мяне акуляры:

— Ваш Дзік пярэчыць тэорыі ўмоўных рэфлексаў. I шмат у чым.

Гэта была праўда: сабака лавіў загады і просьбы, не толькі зачуўшы слова, а з аднаго руху ці позірку, і не меў школы, не прайшоў ніякай дрэсіроўкі.

Мы гаварылі далей.

— Па-твойму, Лявон, акадэмік Паўлаў памыліўся? А яго доследы на сабаках пацвярджаюць гэту тэорыю…

— Так. Але, можа, тэорыя не распрацавана да канца…

Нешта падобнае здавалася часамі і мне. Аднак нейкі загадкавы момант у паводзінах аднаго сабакі не даваў ніякіх падстаў сумнявацца ў шматгадовай рабоце вялікіх. Дый яшчэ быўшы амаль невукам у гэтай справе.

I ўсё ж, што адбылося ў парку? Як растлумачыць? Па Лявонавым: зрабіў выгляд, што баіцца. Што шкуматаць меншага і слабейшага ды яшчэ на яго ўласным парозе не дазваляе ніякая этыка? Нават сабачая.

Наконт сабачай этыкі з хлопцам можна было згадзіцца, адносна чалавечай — наўрад. Стала амаль абвыклым: штурхнуць локцем слабейшага па службе і заняць ягоную пасаду, спыніць на вуліцы старога або інваліда, адабраць у яго апошнія капейкі, набіць так, каб не здыхаўся, або ўсадзіць між лапатак нож.

Што тычыцца этыкі дзяржаўнай, дык ці мала на нашай толькі памяці выпадкаў, калі вялізныя дзяржавы пад трохкаляровымі сцягамі ці паласатымі штандарамі з зорамі на простакутніку ўверсе падгібалі пад сябе меншыя прасцягам і сілаю народы? Выграбалі багацці, вынішчалі нацыі фізічна, рабавалі іх духоўна, тапталіся на годнасці і свабодзе? I знаходзілі сабе апраўданне ў вачах свету, маўляў, дапамагаем, баронім ад хцівых суседзяў…

Паколькі тое смешнае і нясмешнае здарэнне адбывалася ў парку амаль усутыч з колішняй сядзібай Якуба Коласа, было вырашана расказаць усё яму.

Што ён скажа?

Канстанцін Міхайлавіч слухаў усмешліва, хоць я і пабойваўся, што магу расхваляваць яго прыгадкаю пра мясціну, дзе некалі стаяў ягоны дом, пад дахам якога жыла ўся цалкам, не кранутая вайною і часам, сям’я. I, дарэчы, былі вартаўнікі, вельмі сімпатычныя сабакі.

На шчасце, сумныя прыгадкі абмінулі яго, а пасур’ёзнець Канстанцін Міхайлавіч пасур’ёзнеў:

— Можна сказаць, сабачая правакацыя. А можа, нават стратэгія: задуманы і складзены план аперацыі, як сарваць ворага з ягонай тэрыторыі і пакараць. I бліскучае выкананне…

Надышло маўчанне…

— Трэба думаць, — зноў пачаў Канстанцін Міхайлавіч, — розум жывёл і не такая ўжо няпэўная катэгорыя, як мне здавалася. Толькі ў жывёл сыплюць трохі больш цукру, чым трэба. Скажам, пра дэльфінаў шмат наманена.

Як ні дзіўна, развагі школьніка Лявона перагукваліся са словамі акадэміка Коласа.

ДЗІК ВАЮЕ СА ШКОДНІКАМІ.

МЫ ТАНЦУЕМ ВАЛЬС

Наш халодны і малапрытульны дамок стаяў на ўскраіне горада і, як іншыя суседнія дамкі, быў абкружаны кустамі парэчкі і вішняком, а вокны пазіралі на грады з буракамі і капустаю. Не дзіва, што вялося тут вялікае мноства розных паўзуноў і летуноў. Хай бы сабе вяліся, але нам ад гэтага было не салодка. Усе яны — мурашкі, мухі, камары і нават чмялі — не мелі ніякага жадання абсталёўваць сабе ўласнае жытло, а так і цэлілі трапіць у кватэру. Наляталі праз дзверы і форткі, напаўзалі праз непрыкметныя воку шчыліны ў сенцах і ў вокнах.