Выбрать главу

Сабака хутка ўдарыў лапаю і адступіўся.

На здарэнне прыбег Алік з двара. Дазнаўшыся, што адбылося, ён запляскаў у далонькі:

— Дайце яму хутчэй малака! Хай апаласне рот. — I павучальна дадаў: — Чаго толькі не зробіць верны сабака для гаспадара.

Алік ведаў дакладна, што найбольш падабаецца Дзіку і чым ён грэбуе. У доме хлопчык быў часты госць, часамі загульваўся, хацеў есці і сядаў у нас за стол. Любіў так званы мінскі хлеб, нават выказаў жаданне атрымаць кавалачак.

Дазнаўшыся пра гэта дома, яму забаранілі прасіць чаго-небудзь самому. Мама дазволіла толькі часам прыняць прапанову і сказаць «калі ласка». Для хлопчыка такая працэдура была складанай, мамін загад перайначыўся, і, падгаладаўшы, ён казаў пошапкі Гаспадыні: «Хачу, калі ласка, мінскага хлеба».

Вядома, вабілі яго ў наш дом жывёлы, асабліва хораша дружылася ў іх з Дзікам. Таму ён так захоплена сустрэў сягонняшні сабакаў учынак.

Тым часам Дзік выеў малако, морда ў яго набыла выраз абвыклай прыязнасці, а ў вачах чыталася надзея: «Ці прайшліся б мы куды?»

— Не, Дзічок, — сказаў я, — не пара.

Гуляць аднаго яго выпускалі на світанні або калі аціхаў рух на вуліцах. Зараз жа толькі бралася з поўдня дый на стале чакала недакончаная работа.

Я пачухаў яго за вушамі, сабака ад задавальнення выцягваў шыю і плюшчыў вочы.

— Калі хочаш, прашу на тур вальса.

Прапанова была сустрэта прыхільна, і лапы ўмомант апынуліся ў мяне на плячах. Без музыкі мы абкружыліся вакол стала, прарабляючы нагамі нешта вельмі мала падобнае да плаўных рухаў цудоўнага танца.

Гэтая забава надзвычайна падабалася яму: колькі б разоў на дзень я ні выходзіў з дому, усё роўна па звароце мусіў адбываць прызвычаеную цырымонію.

Звычайна, сустрэўшы ў дзвярах, сабака праводзіў мяне да вешалкі і цярпліва чакаў, пакуль здыму паліто і пераапрануся ў хатнюю адзежу. Тады, бачачы, што сабачая цярплівасць пераходзіць межы магчымага, я запрашаў: «Давай абдымемся!» I мы сапраўды абдымаліся, ён даставаў мяне лапамі каля шыі, я абшчэпліваў яго за тулава і крыху прыўздымаў над падлогай.

Аднойчы, зусім выпадкова, я закружыўся, ашчаперыўшы сабаку, па пакоі. Адтуль і павялося — заканчваць сустрэчу вальсам — ён запомніў гэтае слова і ўспрымаў яго як прыемную каманду.

Часамі, знерваваны ці заклапочаны, я забываўся прарабіць сустрэчу з усімі падрабязнасцямі. Сабака крыўдзіўся, клаўся на месца і з дакорам пазіраў адтуль, пакуль не звернешся з нейкім прыветлівым словам.

Здараліся часамі выпадкі, спачатку зусім не зразумелыя: Дзік адмаўляўся ад танца. Мала таго, не хацеў падтрымліваць са мною хоць якія адносіны. Сустракаў каля ўвахода, пачынаў быў лашчыцца, але, пацягнуўшы ў сябе паветра, адварочваўся і смутна кіраваўся ў свой куток.

Растлумачылася гэта не дужа хутка, але зусім проста: сабака не любіў паху віна, чуў яго здалёк. Хай сабе ў роце ў чалавека пабыла адна кропля віна, самага лёгкага і добрага, з грузінскага вінаграду.

Такі перапынак у нашых дачыненнях адразу ж выкрываў Гаспадара перад хатнімі: ага, спазніўся на вячэру, значыць, быў недзе на бяседзе з сябрамі.

Аднак у сабакі не заўважалася асаблівай непрыхільнасці да пахаў, што звычайна суправаджаюць вячэру з гасцямі. Ён проста сядзеў пры стале каля правай нагі ў Гаспадара і сачыў за прысутнымі. Калі тосты іх рабіліся занадта гучнымі, а рухі звыш рэзкімі і вольнымі, ён запытальна паглядаў на Гаспадара — што рабіць, а здаралася, сам заклікаў да парадку парушальніка спакою, без папытання.

Мы наогул ведалі, што жывёлы не толькі не схільны ўжываць розныя наліўкі і настойкі, але ўнікаюць іх водару. Пакрысе здагадкі пра адносіны да падобнага роду трункаў развіліся з клубка ў нітачку, яна і вывела на пэўны след.

Аднойчы да нас завітаў мілы госць, добры чалавек. Малады яшчэ здаравец, ён быў у вясёлым настроі. Дзік падаў яму лапу, гэта здаралася не дужа часта і выяўляла бясспрэчную сімпатыю да ўдастоенага такой сабачай ласкі, не меншай як прыпаданне да пантоплі ў рымскага папы.

Госць усё ж не здаволіўся і запрапанаваў сабаку падужацца. Прызнацца, я збаяўся: баруканне можа скончыцца сумна для гасцёвых портак. Але не паспеў Дзік адскочыцца, як быў схоплены ў жалезныя абдымкі і сціснуты так, што, здавалася, затрашчалі рэбры. Сабака ўпёрся госцю лапамі ў грудзі, сіліўся дастаць твар зубамі. Нарэшце, неяк вылузаўся і ледзь дацягнуўся да падсцілкі. На адвітанне не ўстаў, ад працягнутай рукі адсунуўся і хуценька падабраў лапы пад сябе.

Магутны госць не мінаў нашай хаціны. Дзік не брахаў на яго, не дазваляў сабе ніякіх іншых прыкмет варожасці, аднак бянтэжыўся і вянуў увачавідкі. Зірнуўшы на мяне, як бы папярэджваючы — глядзі, будзь асцярожны з ім, — сабака выходзіў у другі пакой і на вочы наведвальніку не паказваўся.