Ад таго часу, уласна кажучы, за катом замацавалася пэўнае імя. Дасюль яго клікалі: кіцка, каток, мурняўчык, пасля выпадку са шчупаком прыляпілася мянушка Хам, а з часам, калі правінка забылася, — сталі зваць Хама. Гэта вельмі пасавала да ягонай вусатай морды, дый сам ён разбыўся, ператварыўся з шэранькага камячка поўсці ў спаважнага і саліднага мурлыку.
Тады ж Гаспадыня, спярша пахваліўшы сабаку, падакарала яго:
— Ну, хто так робіць? Навошта было хапаць катка? Мог проста пастрашыць, турнуць яго ад стала. А з тваімі зубамі нядоўга і перакусіць тую лапу.
Тут было паказана, як добра выхаваны сабака павінен турнуць неслуха-ката. Хаму ўзялі за каўнер і лёгенька перасадзілі з канапы на падлогу.
— Бачыш, як трэба?
Дзік сачыў, насцярожваў вушы і, як ні дзіўна, прыняў навуку да ведама.
У далейшым паводзіны катка і блізка не дасягалі добрапрыстойнасці Дзіка. Хама мог разлегчыся без папытання на падушцы, нарабіць лапамі брудных слядоў на капе. Часта блытаўся пад сталом у час абеду і ўздрапваўся на калені, не хаваючы чутных і праз адзежу пазуркоў.
Калі гэта было вельмі не да месца і не да часу, прасілі:
— Дзік, турні Хаму!
Сабака пераносіў ката ў парог і аглядаўся: калі хочаце, маўляў, магу і за дзверы выкінуць.
Часцей Дзік паводзіўся менш далікатна: спіхаў ката з крэсла ці з ложка мордаю і чакаў, ці не будзе загаду на большае.
— Дадай, дадай яму! — казалі, калі трэба было адчувальна пакараць кацінае самавольства.
Такая цырымонія была прароблена і ў той вечар, калі Лявон з Алікам прыйшлі да нас высвятляць, што кіруе паводзінамі сабакі. У прыватнасці, падчас ранішняй асады туалета.
Хама і зараз дапусціў нетактоўнасць: палез лапай на талерку пад рукі ў Аліка. Пакаранне не замарудзіла. Сабака згроб ката і панёс пад дзверы, хоць і зарабляў ад таго поўху кіпцюрамі. Здачы не даваў, але паклаў Хаму на падлогу і прыціснуў лапамі: шыпі ні шыпі, круціся ні круціся — не дапаможа! Хама быў вызвалены толькі пасля адпаведнай просьбы Гаспадыні:
— Годзе, сабачка! Дзякуй.
Дзік, здаволены падзякаю, абыходзіў па чарзе прысутных, яго хвалілі, гладзілі, і ён кожнаму рабіў лёгкі віль хвастом. Найбольшаму ж свайму прыяцелю, Аліку, не забыўся лізнуць у нос.
Паклычаны і абслінены, кот касавурыўся на занадта стараннага ахоўніка парадку, калі той, палашчыўшыся да людзей, падбег павітаць і яго, кот стаў на заднія лапы і плюнуў. Сеўшы ў зацішнае месца, Хама старанна ўмываўся то адной, то другою лапкаю, парадкаваў і прыгладжваў поўсць. Зрэшты, Наташа пачала ў кухні старацца для абоіх вячэры, а ў гэты час між катом і сабакам усталёўваліся добрасуседства і згода. Так было і зараз: Дзік і Хама падаліся падчышчаць свой посуд.
ШТО Ж АДБЫЛОСЯ?
Выпадак з абложаным у будачцы Мільчанкам цалкам не даваўся да ўразумення.
Лявон, Алік, Іна ўспаміналі папярэднія ўчынкі Дзіка, падзея ўзважвалася з усіх бакоў.
Момант дрэсіроўкі адпадаў начыста, загаду трымаць чалавека на марозе ніхто не даваў, — Лявон быў таму сведкам.
Што ж заставалася? Няўжо складаны план помсты за крыўду, як з тым рудзенькім сабачкам на ганку ў парку? Аднак там магло быць імгненнае памкненне адбіць ваяўнічы выпад. Мы ж нічога кепскага не зрабілі, а сабачка лаяўся, за якія правіны?
А што ж тут? Так, Мільчанка некалі штурхнуў Дзіка ў бок, але ж гэта было даўно. Няўжо аж дагэтуль карцела тая пакрыўджанасць ці, можа, дадалося нешта іншае, чаго нельга дараваць і забыць. Бо чаму ж ён гаўкаў, пазіраючы ў акно, як толькі вымаўлялася прозвішча крыўдзіцеля?
Дарэчы, формы просьбаў агледзець двор вельмі часта змяняліся. Гаварылі: «Паглядзі ў акно» і «Зірні ў акно», звярталіся нават больш складана: «Можа б, хто глянуў у акно?» I далей: «А што там робіцца за акном?», «Ці няма там за акном каго чужога?».
На ўсе варыянты звароту сабака адказваў заўсёды аднолькава: падскок, лапы — на падаконне, вочы ўтароплены ў шыбу.
Па ўсім выходзіла: нешта запамінаў і, больш таго, разумеў. Калі сказаць гэтак дазваляе навука.
Алік стаяў на сваім, маўляў, Дзік бараніў нашы дамы ад чужых і меў права ўжываць любыя сродкі.
Не адступаўся ад свае думкі Лявон: сабака помніў той штурханец ад Мільчанкі, таіў крыўду, а як вырас і адужаў, узяў і разлічыўся.
I тое і другое магло лічыцца верагодным, як сцвярджае старая мудрасць, праз дзіцячыя вусны прамаўляе ісціна. А на чыім баку праўда: на Алікавым ці яго браціка?
Таму думалася: ну, няхай пакрыўдзіўся, хай запомніў, няхай, нарэшце, бараніў сваю тэрыторыю. I ўсё ж, што штурхнула яго прыпільнаваць чалавека ў будачцы і трымаць яго там, на марозе?